• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маці журналіста Дзмітрыя Завадскага памерла, так і не даведаўшыся праўды пра зніклага сына

    25 траўня, пасля працяглага змагання з анкалагічнай хваробай адышла ў іншы свет Вольга Рыгораўна Завадская — гераічная жанчына, якая прысвяціла рэшту жыцця высвятленню абставін трагічнага знікнення сына-журналіста. Зрэшты, натыкнуўшыся на сцяну абыякавасці з боку ўлады, зарабіла невылечны дыягназ. 

    Апошнія гады Вольга Завадская была фактычна прыкаваная да інваліднага вазка, а леташняй восенню атрымала першую групу інваліднасці — шасцігадовае супраціўленне раку рабіла яе ўсё меней рухомай. На дзясяткі сеансаў хіміятэрапіі і апраменьвання наклаліся спадарожныя праблемы са здароўем. У канцы жанчына ўжо толькі ляжала.

    Яшчэ на пачатку прагрэсавання пухліны галаўнога мозгу Вольгу Рыгораўну паставілі на ўлік у хоспіс, аднак пераязджаць туды яна катэгарычна адмовілася. Аддала перавагу таму, каб у адпушчаны тэрмін найдаўжэй пабыць побач з блізкімі. Таксама бачачы бесперспектыўнасць медыцынскага ўмяшання, урэшце адмовілася ад хіміятэрапіі. Увесь гэты час Вольгай Завадскай апекваўся верны сябра і аднадумца, муж Сяргей, у яго на руках яна і адышла…      

    Сваякі не сумняюцца, што анкалагічны дыягназ – цалкам на сумленні ўладаў, якія прымусілі жанчыну больш за два дзясяткі гадоў пакутваць ад невядомасці.

    Яе сын, вядомы відэааператар Дзмітрый Завадскі, знік 7 ліпеня 2000 года па дарозе ў мінскі аэрапорт, дзе мусіў сустрэць свайго калегу Паўла Шарамета. Аўтамабіль пасля знайшлі на паркоўцы, але журналіста ад таго часоў ніхто не бачыў.

    Родныя і палечнікі перакананыя, што гісторыя стала працягам ранейшых загадкавых знікненняў палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, а таксама бізнесоўца Анатоля Красоўскага, расследаванне якіх ні да чаго не прывяло. Зрэшты, ці магло інакш, калі на тое быў спецыяльны загад?

    Прынамсі ў 2019 годзе былы баец спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Юрый Гараўскі, які эміграваў «праз страх расправы», зрабіў серыю гучных прызнанняў адносна датычнасці вышэйшага кіраўніцтва да ліквідацыі палітычных апанентаў. Галоўнай падставай было тое, што ўсе яны нібыта «носьбіты сакрэтаў», якія рэжым не мог дазволіць апублічыць. 

    Нагадаем, што Дзмітрый Завадскі ў пачатку кадэнцыі Аляксандра Лукашэнкі быў яго асабістым аператарам, але неўзабаве сышоў з «прэзідэнцкага пула» і пачаў супрацоўнічаць з папулярным на той час тэлевядоўцам Паўлам Шараметам — таго разам з машынай падарвалі ў Кіеве ў 2016 годзе.

    На перакананне экс-сілавіка, спробы «павесіць» злачынствы на выпадковых людзей — толькі тактычная неабходнасць адвесці ўвагу ад сапраўдных змоўнікаў і выканаўцаў.   

    14 сакавіка 2002 года Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў  выкраданні Дзмітрыя Завадскага чатырох колішніх супрацоўнікаў спецатрада міліцыі «Алмаз»: Валерыю Ігнатовічу і Дзмітрыю Маліку суд прызначыў пажыццёвы тэрмін, Аляксею Гузу – 25 гадоў зняволення, Сяргею Савушкіну – 12 гадоў.

    Матывам як быццам стала помста: маўляў, журналіст, які асабіста пабываў у Чачні падчас актыўных ваенных дзеянняў, публічна абвінаваціў Валерыя Ігнатовіча з напарнікамі ва ўдзеле ў вайне на баку баевікоў.

    Пры гэтым самі асуджаныя віны не прызналі ні па адным з эпізодаў.  Фактычна іх датычнасць да магчымага выкрадання і забойства так і не была даказаная.

    За некалькі дзён да канчатковага вердыкту на экстранай прэс-канферэнцыі ў Маскве Павел Шарамет заявіў, спаслаўшыся на ўласныя крыніцы, што нейтралізаваць Дзмітрыя Завадскага загадаў Віктар Шэйман — у 2000 годзе паплечнік Аляксандра Лукашэнкі якраз займаў пасаду кіраўніка Савета бяспекі і быў зацікаўлены ліквідаваць небяспечнага сведку «самадзейнасці» беларускіх спецслужбаў.

    Ад першага дня знікнення сына да пошукаў далучылася і Вольга Завадская. На жаль, усе спробы дагрукацца да зацікаўленых інстанцый упарта ігнараваліся, што толькі ўзмацняла падазрэнне ў невыпадковасці падобных паводзінаў людзей у пагонах — гэткі негалосны загад спусціць гісторыю на тармазах.

    Да апошняга Вольгу Рыгораўну літаральна разрывала на часткі тое, што няма месца, куды можна было б прынесці кветкі і пасядзець ля партрэта любімага Дзімачкі.

    Пасля таго, як 27 лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб прызнанні зніклага журналіста памерлым, намаганні сваякоў вярнуцца да перагляду справы на падставе наноў адкрытых абставін заставаліся непачутымі. Цяпер спадзяванне хіба на тое, што маці з сынам нарэшце сустрэнуцца на нябёсах…   

    Чытайце яшчэ:

    Дзіма Завадскі. Відэа

    Сёння Дзмітрыю Завадскаму споўнілася б 45 гадоў

    Дзмітрый Завадскі – пра расійскую інфармацыйную вайну

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці