Вольга Рыгораўна Завадская: “У мяне надзея будзе заўсёды”
7 ліпеня – 15 гадоў з дня знікнення нашага калегі Дзмітрыя Завадскага.
– Ніякіх навінаў адносна лёсу Дзімы няма, бо ніхто ў гэтым накірунку нічога не робіць, – зазначыла ў гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ” маці журналіста Вольга Рыгораўна Завадская. – Але, безумоўна, надзея на праясненне сітуацыі застаецца. У мяне гэта надзея будзе заўсёды. Не думаю, што гэта адбудзецца бліжэйшым часам, але рана ці позна ўсё стане вядома.
Два месяцы таму, на прэзентацыі дакументальнага фільма «Банда» (у якім, дарэчы, агучваецца і версія адносна лёсу Дзмітрыя Завадскага), праваабаронца Алег Волчак распавёў пра спробы атрымаць доступ да матэрыялаў справы аб знікненні Юрыя Захаранкі. Тэрмін яе даўніны – 15 гадоў – скончыўся летась. Паводле сп. Волчака, як толькі справа закрыецца, пацярпелыя і іх адвакаты могуць атрымаць магчымасць азнаёміцца з дакументамі і паглядзець, што было зроблена. “Аднак Генпракуратура і Следчы Камітэт у адказ на нашы скаргі паведамілі, што справа закрытая не будзе і расследаванне працягнецца”, – кажа Алег Волчак.
Ці ёсць сэнс рабіць аналагічныя захады па справе Завадскага?
Маці Вольга Рыгораўна не задумвалася пра тое, каб прасіць следчых спыніць пошукавыя мерапрыемствы. “Напэўна таму, што не веру, што такія мерапрыемствы наогул праводзяцца”, – кажа яна.
У той жа час, старшыня юрыдычнай камісіі РПГА “Беларускі хельсінкскі камітэт” і сябра сям’і Завадскіх Гары Паганяйла ўпэўнены, што пошукі нельга спыняць. Фармальна яны будуць працягвацца, пакуль лёс Завадскага не высветліцца. А матэрыялы справы і так ужо гучалі ў судзе і не з’яўляюцца сакрэтам для родных, кажа юрыст.
– Галоўным пытаннем па-ранейшаму застаецца лёс Дзімы. У 2002‑м годзе за нібыта выкраданне Завадскага Мінскі гарадскі суд асудзіў чальцоў так званай “банды Ігнатовіча”. Валер Ігнатовіч і Максім Малік за розныя злачынствы сукупна атрымалі пажыццёвыя тэрміны, Аляксей Гуз – 25 гадоў, а Сяргей Савушкін – 12. Але асуджаныя яны былі толькі за нібыта выкраданне Завадскага, а не за забойства ці нешта іншае. Цела Дзімы не было знойдзена, а лёс аператара не быў высветлены. Менавіта таму вельмі важна, каб следчыя, хоць і фармальна, але працягвалі пошукі, – лічыць Гары Паганяйла.
ГІСТОРЫЯ СПРАВЫ КОРАТКА:
7 ліпеня 2000 г. тэлеаператар, сябра ГА «БАЖ» Дзмітрый Завадскі знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Мінск‑2».
Ён нарадзіўся 28 жніўня 1972 года.
З 1994 па 1997 гг. працаваў аператарам у пуле Аляксандра Лукашэнкі. Са студзеня 1997 г. перайшоў на Грамадскае расійскае тэлебачанне (“ОРТ”).
Вясной 1997 г. быў арыштаваны разам з журналістам ОРТ Паўлам Шараметам і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымкаў рэпартажу пра яе празрыстаць і ўмоўна асуджаны на паўтара гады пазбаўлення волі.
З кастрычніка 1999 па май 2000 працаваў у Чачні, дзе разам з Паўлам Шараметам здымаў фільм «Чачэнскі дзённік».
7 ліпеня 2000 г. знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Мінск‑2».
Па факце знікнення Дзмітрыя была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «забойства», аднак потым абвінавачанне было перакваліфікавана на «выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі».
14 сакавіка 2002 г. Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае зняволенне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўленя волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ужо выйшаў на волю).
Паводле абвінавачання, матывам злачынства сталася помста: маўляў, Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў вайне на баку чачэнскіх байцоў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў.
27 лістапада 2003 г. суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.
Спецыяльны дакладчык паліткамітэта Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдэс, які ў 2004 годзе па выніках візіту ў Беларусь падрыхтаваў справаздачу «Зніклыя асобы ў Беларусі», патрабаваў адмысловага крымінальнага расследавання з мэтай высветліць магчымую спрычыненасць высокіх дзяржаўных чыноўнікаў да знікнення Завадскага.
З таго часу расследаванне па справе аб знікненні Завадскага некалькі разоў аднаўлялася — «у сувязі з наноў адкрытымі абставінамі» — і прыпынялася зноў — са спасылкай на «необнаружение безвестно исчезнувшего лица», аднак выніку не прынесла.
Мы нагадваем калегам пра гадавіну знікнення Дзмітрыя Завадскага і просім не абысці яе ўвагай у сваіх СМІ. Журналісты не маюць права забывацца на лёс калег з трагічным лёсам. Мы павінныя нагадваць суграмадзянам пры справы, кропка ў якіх яшчэ не пастаўленая.
Заява ГА «БАЖ» да 15‑й гадавіны знікнення журналіста Дзмітрыя Завадскага