Дзмітрый Завадскі – пра расійскую інфармацыйную вайну
“Груба кажучы, СМІ працавалі на расійскіх ваенных. Пры мне зарубілі адзін сюжэт: карэспандэнту сказалі, што ён – палітычна блізарукі...”
Урывак з інтэрв’ю, якое ў студзені 2000 года аператар расійскага тэлеканала ОРТ Дзмітрый Завадскі даў журналісту “БДГ” Сяргею Шапрану пасля сваёй чарговай камандзіроўкі ў Чачню:
– Ці існуе цэнзура на ОРТ?
– Цэнзуры няма. Але ёсць паняцце інфармацыйнай вайны. Мінулую такую вайну мы прайгралі, таму што народ быў супраць самой вайны. Бо як ствараецца меркаванне электарату? Праз СМІ. У першую вайну існавала сапраўды поўная свабода. Здымачныя групы рабілі сюжэты як з боку баевікоў, так і з боку расійскіх войскаў. Праўда, матэрыялы ў Маскву пераганялі праз “талерку” ваенных. І тыя ўжо проста адмаўляліся дапамагаць журналістам: “Вы на “чычыкаў” працуеце…”
Цяпер жа інфармацыйная вайна, ва ўсялякім разе на пачатку гэтай кампаніі (маецца на ўвазе другая расійска-чачэнская вайна – заўв. рэд.) была выйграная. Груба кажучы, СМІ працавалі на расійскіх ваенных: усё самае лепшае казалі пра войскі, самае горшае – пра чачэнскіх баевікоў.
Дарэчы, пры мне зараз “зарубілі” адзін сюжэт: карэспандэнту сказалі, што ён – “палітычна блізарукі”. І яму давялося сюжэт перарабляць. Справа ў тым, што на цэнтральнай плошчы ў Шалі віселі чачэнскія сцягі і воўк, тобок чачэнскі герб. І нават калі Шалі занялі войскі, якія павесілі расійскі сцяг, чачэнскія сцягі і герб прыбіраць усё роўна не сталі – каб пазбегнуць народных хваляванняў. І карэспандэнт усё гэта паказаў. Але з пункту гледжання інфармацыйнай вайны сюжэт быў зроблены няправільна…
Выяву можна павялічыць клікам:
Артыкул таксама даступны ТУТ