Людзі з’язджаюць, але ствараюцца і развіваюцца новыя праекты: як жыве суполка беларускіх медыйшчыкаў у Батумі
Даволі значная частка беларускіх журналістаў пасля рэпрэсій і пераследу на радзіме пераехала ў Грузію — Тбілісі ды Батумі. Пра тое, як для іх прайшоў 2023 год, распавёў кіраўнік батумскага «Медыя Хаба», журналіст Антон Сурапін.
Галоўнай падзеяй для беларускіх журналістаў у Грузіі ў мінулым годзе Антон называе адкрыццё ў Батумі шматфункцыянальнай прасторы для медыйшчыкаў.
«Мы працуем ужо больш за паўгода. У нас ёсць прасторавая база для рэалізацыі самых розных медыйных задумак, у тым ліку складаных відэа- і аўдыяпраектаў. Карацей, у Батумі з’явіўся пункт прыцягнення для беларускіх медыйшчыкаў, большасць з якіх тут у Батумі якраз жывуць», — распавядае кіраўнік прасторы.
Цягам 2023 года ў «Медыя Хабе» прайшлі не менш за шэсць буйных імпрэзаў і дзеяў: адукацыйных, даследчых і іншых. Таксама на базе прасторы створаны ўтульны і зручны каворкінг з надзейным бесперабойным інтэрнэтам. Праца ў ім для беларускіх журналістаў каштуе ў 5–7 разоў танней, чым у любым іншым каворкінгу ў Батумі.
Адной з тэндэнцый апошняга часу стаў ад’езд беларусаў з Грузіі, у тым ліку і медыйшчыкаў.
«Людзі часцей за ўсё накіроўваюцца ў Вільню, Варшаву. Тэндэнцыя заўважная, але сказаць, што праз гэта пачынаецца нейкі крызіс, нельга. Сёлета адначасова шмат людзей прыехалі, бо рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. У Грузію ляцяць тыя, у каго няма візаў. Натуральна, што частка з іх пасля вырашэння візавага пытання абярэ для пражывання іншую краіну», — кажа Антон.
З пераваг жыцця ў Грузіі наш суразмоўца называе магчымасць жыць без візы і легалізацыі цягам года. Апошнім часам патаннела арэнда жытла, якое стала вельмі дарагім у 2022 годзе пасля масавага наплыву расіян.
«Кошты ў Грузіі можна аднесці і да мінусаў жыцця тут, бо яны высокія — амаль як у Вільні ці Варшаве. А заробкі беларускіх медыйшчыкаў не надта растуць, — кажа Антон Сурапін. — Донарскія падтрымкі рэфармуюцца і сканчаюцца, усё яшчэ стаіць пытанне забеспячэння базавых патрэбаў, то бок пытанне жытла, харчавання. Незразумела, у які бок будзе рухацца сітуацыя ў свеце, у нашай краіне. Таксама сярод цяжкасцяў беларусы Грузіі называюць пытанне адукацыі дзяцей, атрымання дазволу на жыхарства, каб быць упэўненым, што пасля чарговага вяртання з‑за мяжы цябе ўпусцяць у краіну. У некаторых арганізацый дагэтуль не вырашанае пытанне з банкаўскімі рахункамі. Агульны маральны стан моцна падкасіў указ пра пашпарты».
Нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, беларускія медыйшчыкі ў Грузіі імкнуцца ствараць і развіваць свае медыяпраекты.
Так, у 2023 годзе з’явіўся YouTube-канал «Вольны», які на базе «Медыя Хаба» робіць Алесь Залеўскі.
«Там даволі шырокая тэматыка — і палітыка, і аналітыка, і псіхалогія, — зазначае Антон. — Развіваць медыяпраекты цяпер, канешне, няпроста. Канкрэтна канал «Вольны» накіраваны на Беларусь, а аўдыторыя ўнутры краіны запалоханая, там людзям цяпер прасцей нічога не глядзець і ні нашто не падпісвацца».
Тым не менш, «Вольны» развіваецца, а ў 2024 годзе маюць з’явіцца яшчэ некалькі праектаў, накіраваных на Беларусь, якія будуць ствараць беларускія журналісты ў Грузіі.
Для стварэння і развіцця сваіх медыяпраектаў «Медыя Хаб» запрашае таксама журналістаў, якія цяпер жывуць у Вільні ці Варшаве.
«Мы падлічылі, што ўмовы арэнды нашай відэастудыі вельмі выгодныя для беларускіх журналістаў Варшавы і Вільні, нават з улікам кошту пералёту да Грузіі. Гэта выходзіць больш танна, чым знайсці і арэндаваць такую ж студыю ў Польшчы ці Літве. І мы гатовыя дапамагаць і падтрымліваць беларускіх медыйшчыкаў не толькі з Грузіі», — кажа кіраўнік «Медыя Хаба».
Сам Антон сустрэў 2024 год у бадзёрым настроі, бо, кажа, прынамсі на бліжэйшы час зразумела, што рабіць.
Акрамя таго, ён змог атрымаць новы беларускі пашпарт, што дадае ўпэўненасці.
«Таму цяпер я значна спакайнейшы, чым яшчэ некалькі месяцаў таму. Але адначасова больш думаю не пра бліжэйшы год, бо з ім усё зразумела — гэта будзе праца з «Медыя Хабам», узмацненне кам’юніці беларускіх медыйшчыкаў, але больш глабальна. Я разумею, што заставацца ў Грузіі на ўсё жыццё не атрымаецца, трэба думаць, куды рухацца далей і ў якой якасці. Ну і чакаць моманту “ікс” для нас і нашай краіны», — рэзюмуе Антон Сурапін.