Аляксандр Сацук: «Жонка Сяргея баіцца, каб рэчы з дома не пачалі выносіць…»
На гэтым тыдні Мінскі гарадскі суд прысудзіў журналісту Сяргею Сацуку 8 гадоў калоніі.
Сяргей Сацук – галоўны рэдактар інтэрнэт-партала «Ежедневник», аўтар рэзанансных расследаванняў пра факты карупцыі ў дзяржаўнай сістэме.
Яго затрымалі 8 снежня 2021 года. У той жа дзень дома ў яго адбыўся ператрус, а доступ да сайта партала «Ежедневник», дзе Сацук публікаваў свае журналісцкія расследаванні, быў заблакіраваны.
Сяргея вінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт.430 («Атрыманне хабару»), арт.130 («Распальванне варожасці»), арт.426 («Перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў»).
У выніку Сяргей Сацук асуджаны на 8 гадоў зняволення з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама журналісту прызначаны штраф у памеры 500 базавых велічынь (16 тысяч беларускіх рублёў). Ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Акрамя таго, суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы грашовую суму ў памеры 12.384 беларускія рублі.
– Рашэнне Мінскага гарадскога суда будзе абскарджана ў Вярхоўным судзе, – распавёў «Народнай Волі» Аляксандр Сацук, брат асуджанага журналіста. – Да гэтага часу Сяргей будзе заставацца ў следчым ізалятары.
Безумоўна, усе блізкія і родныя брата проста ў шоку ад такога жорсткага прысуду. На апраўдальны вырак, натуральна, ніхто не спадзяваўся, але заставалася невялікая надзея на тое, што асудзяць хаця б на такі тэрмін, які Сяргей ужо адсядзеў. А восем гадоў зняволення – гэта шок!
– На судзе былі жонка і дачка Сяргея…
– Так, працэс праходзіў у адкрытым і часткова закрытым рэжыме. На агалошванні прысуду брат знешне выглядаў як быццам нядрэнна, нават усміхаўся. Праўда, калі агучылі рашэнне суда, усмешка знікла.
Пагаварыць з жонкай у зале суда брату не далі, але на наступны дзень дазволілі спатканне.
– Па рашэнні суда арыштавана маёмасць Сяргея…
– Пад арыштам – аўтамабіль, мабільныя тэлефоны, ноўтбук і гэтак далей. Яны арыштаваны да таго часу, пакуль не будзе выплачана тая сума, якую прызначыў суд. Усяго больш за 28 тысяч рублёў трэба аддаць.
Жанна, жонка Сяргея, баіцца, каб рэчы з дома не пачалі выносіць, бо сума значная, а тэрміны выплаты, напэўна, будуць канкрэтныя. Не заплаціш у тэрмін – прыйдуць апісваць маёмасць.
А ў сям’і зараз і так няпростае фінансавае становішча. Утварыўся вялікі доўг за электрычнасць, машыну некалькі гадоў таму бралі ў крэдыт, таму кожны месяц патрэбна плаціць амаль 300 долараў.
Праўда, да разгляду апеляцыі прысуд не ўступае ў сілу, а апеляцыйная скарга звычайна разглядаецца на працягу месяца.
Чытайце яшчэ:
МУС прызнаў адразу 625 чалавек «экстрэмістамі». Сярод «новенькіх» — галоўны рэдактар «Новага часу» Аксана Колб
SEO на беларускай мове. Як прафесійным медыям выціснуць прапагандыстаў з топа Google і Яндэкс і зарабіць?
Заснавальнік газеты «Салідарнасць» і намеснік старшыні БАЖ Аляксандр Старыкевіч святкуе 50-годдзе!