“Адчуваюць сябе нядрэнна, наколькі гэта магчыма ў зняволенні” — З чым ідуць у новы год нашы калегі-палітвязні
У пераднавагодні час многія з нас чакаюць нечага добрага і вераць у цуды. А як у гэтыя перадсвяточныя дні адчуваюць сябе за кратамі палітзняволеныя журналісты, якіх цяпер там 33 асобы? Пагутарылі з іх калегамі і сваякамі.
Юрый Ганцарэвіч
Пра затрыманага сёлета ў красавіку Юрыя Ганцарэвіча, журналіста баранавіцкага медыя Intex-Рress, апошнія навіны былі ў кастрычніку.
Юрый атрымаў два з паловай гады за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА
Павел Мажэйка
Кіраўніка гродзенскага “Цэнтра гарадскога жыцця”, журналіста Паўла Мажэйку затрымалі ў жніўні.
Па словах родных, усе гэтыя чатыры месяцы нічога не адбываецца. На самым пачатку Павел перахварэў. У гарадзенскім СІЗА шмат палітзняволеных, таму Павел часта сустракаецца з тымі, з кім быў у добрых стасунках на волі.
Чамусьці не перадаюць кнігі, хоць родныя і сябры іх дасылалі.
Даходзяць лісты ад сям’і, ад сяброў — з пераменным поспехам паштоўкі. Павел вельмі ўдзячны ўсім, хто дасылае грашовыя пераводы. Нейкіх зрухаў у следстве родныя чакаюць пасля Новага года. На цуд не спадзяюцца.
Дзяніс Івашын
Журналіст “Новага часу” Дзяніс Івашын адбывае тэрмін. Па двух крымінальных артыкулах: “Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў” і “Здрада дзяржаве” вязень атрымаў 13 год і адзін месяц.
Родныя кажуць, што Дзяніс трымаецца бадзёра, у настроі. Мяркуе, што днямі могуць перавесці з СІЗА, але куды, пакуль невядома. Адчувае сябе добра, спадзяецца на лепшае ў наступным годзе, але ў прагнозах асцярожны.
Аляксандр Любянчук
Да трох гадоў зняволення ў кастрычніку прыгаварылі журналіста Аляксандра Любянчука. Па словах родных, агулам у яго ўсё нармальна.
Адзінае, нядаўна перахварэў і крыху здаў маральна.
Валерыя Касцюгова
Палітолаг і аналітык Валерыя Касцюгова за кратамі ў СІЗА ад 20 чэрвеня 2021 года. Яе абвінавачваюць па трох крымінальных артыкулах.
Па інфармацыі сваякоў, настрой Валерыі па-ранейшаму бадзёры. Умовы нармальныя. Нядаўна было некалькі спатканняў.
Кацярына Андрэева
Журналістка за кратамі больш за 25 месяцаў. Ад гэтага, па словах родных, адчувае велізарную эмацыйную і фізічную стомленасць.
Адбілася турма і на здароўі — за час зняволення ў Кацярыны пагоршыўся зрок. Але ў цэлым калега адчувае сябе нядрэнна, наколькі гэта магчыма ў зняволенні. Трымаецца, не губляе веры і надзеі, піша лісты, складае вершы, чытае кнігі, калі ёсць час. Але часу ў калоніі значна менш, чым у СІЗА.
Нядаўна Кацярына страціла адваката Уладзіміра Пыльчанку. Яго пазбавілі ліцэнзіі. Гэта сумна, кажуць родныя. Але без абаронцаў журналістка не засталася. З гэтым праблем няма.
Андрэй Кузнечык
Нядаўна перадаў вестку на волю журналіст-фрылансер Андрэй Кузнечык. Мужчына патлумачыў, чаму застаўся ў Беларусі.
Андрэй сказаў: “У цяперашніх умовах меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсці рэпрэсіі)”.
Паводле адваката, нядаўна асуджаны на чатыры гады журналіст Дзмітрый Лукша, годна трымаўся на судзе. А суд над нашым калегам Андрэем Пачобутам зноў перанеслі.
Канстанцін Залатых
Дырэктара газеты “Белорусы и рынок” Канстанціна Залатых затрымалі сёлета 18 мая пасля ператрусу ў рэдакцыі.
Навін ад яго па-ранейшаму няшмат. Па словах родных, настрой у вязня нармальны. Лісты ён атрымлівае толькі ад сям’і. А што будзе далей, невядома.
Ірына Леўшына, Дзмітрый Наважылаў, Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна
Пасля вынясення прысудаў фігурантаў «справы БелаПАН» перавялі з мінскага следчага ізалятара ў СІЗА Віцебска і Гомеля.
Так, Андрэй Аляксандраў і Дзмітрый Наважылаў — у ізалятары ў Віцебску, Ірына Леўшына і Ірына Злобіна — у Гомелі.
Па словах калег, журналісты чакаюць разгляду апеляцыі прысуду ў Вярхоўным судзе.
Разгляд мае адбыцца 6 студзеня 2023 года.
Андрэй Скурко
Хутка будзе паўтара года, як за кратамі журналіст “Нашай Нівы” Андрэй Скурко. Ён адбывае тэрмін — два з паловай гады. Па словах родных, Андрэй у парадку, наколькі гэта магчыма. Пастаянна перадае прывітанне і абдымкі ўсім, хто за яго перажывае.
Ён некалі пастанавіў, што ў любой сітуацыі, у любых абставінах трэба сачыць за здароўем цела і душы і прытрымлівацца гэтага напрацягу ўсяго зняволення.
Чалавек, які сустракаўся з ім нядаўна, кажа, што Андрэй спакойны і мудры, і гутарыць з ім — задавальненне. Іншы чалавек казаў, што ў яго свецяцца вочы. Родныя ведаюць: Андрэй стараецца пражыць гэты час максімальна спакойна і сабрана. Ён некалі пісаў, што гэтыя выпрабаванні — неабходны этап сталення нацыі. А яшчэ, магчыма, зусім хутка пабачыць свет Андрэеў пераклад “Айбаліта” “Доктар Будзьздароў”.
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА
Чытайце яшчэ:
Журналісты рэгіянальных медыя: «Для многіх нашых чытачоў важна хаця б ведаць, што незалежныя СМІ яшчэ існуюць»
«І нават у гэты змрочны час мы робім якасны кантэнт, за які не сорамна» — калегі пра вынікі года
Падзелішся паролем ад Netflix‑у? Хутка гэта стане немагчымым