Журналісты рэгіянальных медыя: «Для многіх нашых чытачоў важна хаця б ведаць, што незалежныя СМІ яшчэ існуюць»
Напрыканцы года прынята праводзіць рэвізію зробленага і адкладзенага, адзначаць поспехі і падсумоўваць няўдачы. БАЖ спытала супрацоўнікаў рэгіянальных выданняў Міншчыны, Брэстчыны і Гомельшчыны, якія засталіся і працуюць у Беларусі, якім атрымаўся для іх адыходзячы год, што было самым складаным ці наадварот лёгкім. І ці ўсё ж здараліся нагоды для радасці, ўсмешак і аптымізму.
Алена, журналіст
Гэты год быў даволі страшным. Ён пачаўся са спадзеву на лепшае, але 24 лютага абрынула ўсе надзеі, планы і наогул псіхалагічны стан.
З таго часу, па маіх адчуваннях, мы проста замкнуліся ў сабе і працуем так, быццам наш раён — гэта асобны свет, адгароджаны ад усяго астатняга рэальнага свету.
Канцэнтруемся на мясцовых падзеях, праблемах і радасцях. І мне здаецца, што такую ж пазіцыю занялі і многія іншыя жыхары раёна, бо быць касмапалітычнымі ці нават спачуваць іншым беларусам няма ўжо ніякіх сіл, тым больш што самацэнзура дзеля бяспекі не дазваляе асвятляць нешта, што за межамі нашага зроку. Адзіны план на будучы год — нейкім чынам не з’ехаць з глузду…
Наталля, журналіст
Ну што сказаць пра 2022 год? Дзякуй, што жывы. Якім быў год? Рабочым. Было вельмі шмат працы. Але пры гэтым ніякага задавальнення. Адчуванне, што апошнія некалькі гадоў працую на крэдыце энергіі. Раніцай не хочацца ўставаць на працу, ў зносінах з калегамі шмат раздражнення. Усё не падабаецца, усё не тое. Думаю, каб звольніцца, але пакуль маральна не гатовая пайсці адтуль, дзе працую ўжо шмат гадоў і дзе атрымала шмат досведу.
Здаецца, што як журналіст і супрацоўнік рэдакцыі я выгарэла. Дагараю. Адчуванне — цвёрдае дно.
Наконт настрою. З аднаго боку, унутры стомленасць, жаданне зачыніцца адной у пакоі, ні з кім не размаўляць.
З іншага боку — ёсць велізарнае жаданне нешта мяняць у сваім жыцці. Гэта надае сіл і дае надзею, што ў 2023 годзе ўсё будзе інакш, лепш для мяне.
Дзядуля Мароз, падары мне ўменне адпачываць, выбіраць і адважыцца на важныя для мяне ўчынкі.
Андрэй, намеснік галоўнага рэдактара
У мяне ніколі не было асаблівага аптымізму адносна нашага народа і лёсу нашай краіны, а апошнія гады дадалі яшчэ чорных фарбаў. Бяда ў тым, што за «грахі грамадства» заўсёды чамусьці пакутуюць яго найлепшыя людзі.
З’язджаць па шэрагу прычын я не магу, ды і не хачу. Жыць даводзіцца «ў блакадзе», «за чырвонымі сцяжкамі», без доўгатэрміновых планаў. Хаця разумею, што многім калегам зараз нашмат горш.
З іншага боку, у цяперашніх умовах, няхай «эзопавай мовай», але спрабую нешта казаць.
Бо для многіх нашых чытачоў важна хаця б ведаць, што незалежныя СМІ яшчэ існуюць, калі не ў выглядзе газеты, то як сайт. І тысячы людзей нас штодня чытаюць. Гэта ў некаторай ступені дае мне сілы трымацца.
Увесь час жыць у стрэсе немагчыма, таму стараюся падтрымліваць сябе нейкімі іншымі заняткамі, неабавязкова звязанымі з журналістыкай. Нейкія творчыя задумы спрабую ўвасобіць, успомніць мінулыя дзесяцігоддзі, балазе, што ў асабістым архіве назапасілася шмат матэрыялаў. Так бы мовіць, «эміграцыя ў мемуарах».
Баліць душа за паўднёвых суседзяў, якія мне яшчэ і родныя, але радуе згуртаванасць украінцаў і іх вера ў перамогу.
Валянціна, журналіст, блогер
У краіне адбываюцца працэсы, якія поўнасцю знішчаюць незалежную журналістыку, у тым ліку і рэгіянальную. Даводзіцца пісаць з аглядкай, займацца самацэнзурай. Усё гэта накладае адбітак на сэнс прафесіі. Калі ты не з’язджаеш з краіны, проста хочацца знайсці іншую працу, хоць і гэта зараз ніяк не гарантуе бяспекі.
Зусім няма жадання пісаць. Усведамляю, што гэта трэба, гэта важна, але паўнавартасна працаваць няма магчымасці. Наша выданне за мінулыя два гады ператварылася ў нейкую бяззубую істоту. Незразумела, якая доля чакае яго.
Сачу за лёсамі калег — забіраюць многіх, адпускаюць адзінкі. І якім бы лаяльным не быў рэдактар і рэдакцыйная палітыка выдання, усё роўна можна патрапіць «пад каток». Гэты пастаянны стрэс і страх блакуе сапраўдную журналістыку.
Быць мастком паміж чыноўнікамі і народам, даваць аб’ектыўную інфармацыю і дапамагаць людзям — вось задачы журналіста. Выконваюцца яны? На жаль, не.
Можна даваць факты пра аўтамабільную аварыю, надзвычайнае здарэнне, нейкую гарадскую падзею. Але ж ніякіх меркаванняў, адзнак, аналізу, аналітыкі. Выкажаш меркаванне (ці агучыш меркаванне рэспандэнта) — незразумела, якія наступствы пасля могуць быць.
Карацей, асабіста для мяне прафесія стала на паўсілы, нейкая праца ў падполлі.
Таццяна, журналіст, выпускаючы рэдактар
Што запомнілася сёлета? Штотыднёвая праца па чыстцы сайта ад спасылак на «экстрэмісцкія» медыя. «Доблесныя» служакі прызнаюць такімі дзясяткі і сотні за месяц, а то і за тыдзень. Штодзённая жалезабетонная самацэнзура — каб хоць слова не праскочыла, якое можа, укалоць кагосьці са «слуг народа» ці прадстаўнікоў мясцовых уладаў. Пастаянны стрэс ад навін і падзей ва Украіне…
З прыемнага — атрымалася два разы летам выехаць на адпачынак за горад, да вады. Раней ніколі б не падумала, што такая, здаецца, дробязь дапаможа на нейкі час забыцца пра ўсё дрэннае, падняць настрой і проста адчуваць задавальненне ад сонца, вады, блакітнага неба…
Што атрымалася ў 2022‑м? Захаваць выданне і калектыў. Ніхто не звольніўся, не пакінуў працу.
Як казаў Зяленскі, «усе тут: прэзідэнт тут, прем’ер-міністр тут…». Так і мы – тут! Жывыя, працуем, хоць і дыхаем праз раз.
Што будзе далей? Усе выдатна разумеюць, што рана ці позна «прыляціць» і нам, пытанне толькі – у якой форме, каму і калі прагучыць той самы «фас» на выданне… Але надзея і жаданне выстаяць пакуль яшчэ жывуць.
Ірына, рэпарцёр
Гэты год выдаўся складаным для ўсіх. Я магу доўга пералічваць усе мінусы, праблемы і ўвесь боль. Але лепей успомню добрае.
Мы з мужам сталі бацькамі — у нас з’явілася доўгачаканае дзіця. А разам з ім і стымул жыць далей і як мага даўжэй, змагацца з нягодамі і несправядлівасцю.
Ведаеце, гэтакі праменьчык святла ў цёмным «царстве-недагасударстве». Цяпер ад усіх нашых з мужам дзеянняў будзе залежаць будучыня нашага дзіцяці.
У новым годзе хочацца пажадаць усім здабыць свае «праменьчыкі». Для гэтага, вядома, неабавязкова нараджаць дзіця. Проста паспрабаваць знайсці хоць нешта, што прыносіць задавальненне і надзею.
Аляксандр, журналіст, намеснік рэдактара
Год быў такім самым, як для ўсіх. То бок усе думалі, што горшае ўжо прайшло, а яно толькі пачалося.
Мясцовыя ўлады канчаткова пераразалі любыя магчымасці для рэкламнага супрацоўніцтва з прадпрыемствамі. Усё гэта на фоне, калі працягвае валіцца дробны і сярэдні прыватны бізнес, прыбыткі насельніцтва ў цэлым таксама. У выніку цяперашнія нашы даходы — гэта ўжо не дыета, а галаданне. А новыя магчымасці манетызацыі накшталт збору данатаў проста небяспечныя.
Яшчэ пытанні бяспекі. Яны забіраюць рэальна шмат часу і нервовых клетак. Яшчэ сёлета на калектыве пачынае заўважна адбівацца двухгадовае чаканне ператрусаў, допытаў. Хаця, чаму чаканне… Каб не выдаць рэдакцыю, скажу так — і канкрэтныя дзеянні таксама.
Плюс да гэтага самацэнзура, якая абмяжоўвае патэнцыял.
Асабліва ў пытаннях матэрыялаў пра вайну ва Украіне. Даводзіцца шукаць новыя спосабы і мову, каб данесці да людзей увесь жах таго, што там адбываецца.
Жах — гэта ацэначнае слова. Скажу так: проста данесці да людзей факты, ад якіх любы чалавек, які захаваў сумленне і эмпатыю, прыйдзе ў жах.
У цэлым маем выматанасць калектыву і слабую матэрыяльную падтрымку.
Аднак, каб не казалі, што ў наш час нельга будаваць планы даўжэй чым на тыдзень-месяц, нашы планы будуюцца на год. Каб не выдаць рэдакцыю дэталямі, скажу агульнымі словамі: ёсць новыя задумы, ёсць новыя метады працы. І ўсё гэта распісана на год.
Мы па-ранейшаму лічым, што калі вырашым нашы ўнутраныя праблемы, то вонкавыя пагрозы не такія небяспечныя. Канешне, акрамя прамых рэпрэсій у дачыненні да рэдакцыі.
Што радуе і прыносіць нейкае задавальненне ад працы, гэта тое, што яшчэ ёсць чытачы, якія, як аказваецца, толькі на нас і разлічваюць. І нават «наязджаюць»: а хто, акрамя вас, бо толькі вы і засталіся. Яны ўсё больш просяць менавіта факты і кансультацыі. Гэта дае падставы для аптымізму і стымул працаваць далей!
Чытайце яшчэ:
«І нават у гэты змрочны час мы робім якасны кантэнт, за які не сорамна» — калегі пра вынікі года
Як гродзенцы-эмігранты выдавалі газеты ў Мексіцы і Аргенціне
Абсалютная стэрыльнасць: падпісны каталог “Белпошты” пазбавіўся ад “баласту” незалежных СМІ