• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Акцыю салідарнасці з журналістам Анджэем Пачобутам у Беластоку падтрымаў новы ваявода Падляшша

    26 лютага у Беластоку прайшла традыцыйная акцыя ў падтрымку зняволенага ў Беларусі журналіста і актывіста Саюза палякаў – Анджэя Пачобута. На акцыю ўпершыню прыйшоў і новы ваявода Падляшша – Яцэк Бжазоўскі, перадае «Беларускае Радыё Рацыя».

    Анджэй Пачобут знаходзіцца ў няволі ўжо 35 месяцаў. Намеснік старшыні Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі распавёў апошнія навіны пра палітвязня:

    — На жаль, ніякіх навінаў мы не маем. Ведаем дакладна толькі тое, што пад канец месяца ён павінен выйсці з ПКТ. Закончыцца паўгадавы тэрмін. Сочым, што будзе далей. Прагнозы не вельмі аптымістычныя. Могуць дабавіць яшчэ. Тое, што ён перадае ў сваіх лістах, — ён чакае, што падоўжыцца гэты тэрмін яшчэ на паўгода. Існуюць праблемы з дастаўкай лекаў, не даюць лекі ад сэрца, якія патрэбныя яму штодзённа. Сітуацыя складаная і выклікае пэўны непакой.

    На акцыю ўпершыню прыйшоў і новы ваявода Падляшша — Яцэк Бжазоўскі. Ён выказаў сваю падзяку прысутным і паабяцаў пры магчымасці далучацца да будучых акцый салідарнасці з Анджэем Пачобутам.

    — Мы сюды прыходзім штомесяц, і ніхто з вас не падумаў, што гэта ўжо не трэба рабіць. Не трэба быць абыякавым да таго зла, якое дзейнічае за нашай мяжой. Кожны дыктатар слабы, кожны дыктатар баіцца, і тое, што ён робіць, вынікае з яго слабасці, а не з сілы. Моцныя — як Анджэй Пачобут, які не паддаецца. У адным з лістоў з турмы Анджэй Пачобут напісаў, што не мае ўплыву на час, у які выпадае нам жыць. Але мы маем ўплыў на тое, як трымаемся, як паводзім сябе ў тым часе, у якім выпала нам жыць, — сказаў Яцэк Бжазоўскі.

    Анджэя Пачобута трымаюць у няволі ужо амаль тры гады. Журналіста затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Гродне, дома ўчынілі ператрус. Пасля гэтага перавезлі ў цэнтральны апарат Следчага камітэта ў Мінск, дзе адбыўся допыт. У выніку пакінулі пад вартай у СІЗА № 1 у статусе падазраванага паводле часткі 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варажнечы па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, здзяйснення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму). 

    У абвінавачанні сцвярджалася, што Анджэй Пачобут у медыях назваў «агрэсіяй» гістарычны факт — напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя таго, яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў польскім выданні Gaze­ta Wybor­cza пра беларускія пратэсты ў 2020 годзе і тэкст у Mag­a­zyn Pol­s­ki, прысвечаны аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне Анатолю Радзівоніку.

    Ужо падчас знаходжання журналіста пад вартай яму выставілі абвінавачанне паводле часткі 3  артыкула 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

    Неўзабаве пасля затрымання ўлады пачалі аказваць ціск на Анджэя, каб той напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але журналіст адмовіўся. 31 сакавіка 2021 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем.

    4 кастрычніка 2022 года КДБ Беларусі дадаў Анджэя Пачобута ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Гэтае рашэнне было прынятае яшчэ да пачатку судовага працэсу па справе журналіста.

    8 лютага 2023 года суддзя Гродзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык прызнаў Анджэя Пачобута вінаватым і прызначыў яму 8 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    26 траўня 2023 года ў Вярхоўным судзе адбыўся рагляд апеляцыйнай скаргі палітвязня. Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд Пачобуту без зменаў, а скаргу — без задавальнення. Неўзабаве журналіста накіравалі адбываць пакаранне ў наваполацкую калонію № 1.

    23 чэрвеня 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнесла Анджэя Пачобута ў пералік грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.

    За кратамі на Анджэя адразу пачаўся ціск у выглядзе пакаранняў за парушэнні рэжыму. У зняволенага абвастрыліся даўнія праблемы са здароўем: у лістах ён скардзіўся на болі ў страўніку, у яго быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца. Аднак з рэдкіх лістоў, атрыманых блізкімі журналіста, вынікае, што ён не страціў раўнавагі, канструктыўнага настрою і сілы волі.

    Чытайце яшчэ:

    Анджэя Пачобута змясцілі ў штрафны ізалятар, за 8 месяцаў яму не дазволілі ніводнага спаткання і ніводнай перадачы

    Мо і хоча, ды не можа. Чаму Лукашэнка не вызваляе Пачобута

    Былая «чорная зона» са 150 палітвязнямі. Што вядома пра калонію, дзе Ігара Лосіка ўжо год трымаюць без сувязі з роднымі

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці