Масмедыя ў Беларусі №3(59) (ліпень – верасень 2019 г.)
Напярэдадні парламенцкіх выбараў, прызначаных на 17 лістапада, становішча ў галіне СМІ ў Беларусі было адносна спакойным. Аднак прынамсі двое журналістаў сутыкаліся з пагрозамі на свой адрас, якія засталіся нерасследаванымі.
Пасля больш як трохмесячнай паўзы аднавіўся адміністрацыйны пераслед журналістаў фрылансераў за супрацу з замежнымі СМІ. Супраць некалькіх рэдакцыяў інтэрнэт-СМІ былі пададзеныя позвы аб абароне гонару і годнасці чыноўнікаў, аднак разгляд гэтых справаў чакаецца ў лістападзе.
Пагрозы журналістам
Блогер Андрэй Павук з раённага цэнтра Акцябрскі (Гомельская вобласць) атрымаў на свой адрас пагрозы пасля таго, як звярнуўся у суд з позвай да супрацоўнікаў міліцыі. Ён патрабаваў ад іх кампенсацыю маральнай шкоды за затрыманне ў сакавіку па падазрэнні ў ілжэмініраванні.
24 верасня, напярэдадні разгляду позвы ў судзе Акцябрскага раёна, блогер атрымаў у месенджар Viber паведамленне з пагрозамі ад невядомых асобаў: «Заўтра суд, і ты яго прайграеш. Тэма з вобшукам была створана для таго, каб ты задумаўся пра свае паводзіны, закрыў свой смярдзючы рот і ўладкаваўся на працу. Скажы дзякуй, што нічога не падкінулі. Калі будзеш займацца сабатажам і ачарненнем існуючай улады, будуць прымацца захады ў дачыненні да цябе. Сядзеш, і твая [непрыстойнасць] жонка будзе перадачкі насіць […]». Аўтар паведамлення дагэтуль не вызначаны. 4 кастрычніка Андрэю Павуку патэлефанаваў аператыўны дзяжурны РАУС і паведаміў, што ў міліцыю паступіла тэлефанаванне быццам бы з нумара самога Павука, падчас якога невядомы, які назваўся Андрэем і паведаміў хатні адрас блогера, сказаў, што «забіў сваю жонку Вольгу». Жонка Андрэя Вольга была вымушана тлумачыць, што гэты званок — правакацыя. У РАУС паведамілі, што «хулігана» знайсці не атрымаецца.
Андрэй Павук і яго сям’я церпяць ад псіхалагічнага ціску і запалохвання на працягу доўгага часу. Так, у сакавіку і траўні 2019 года невядомыя рассылалі ад імя А. Павука з указаннем ягонага тэлефона паведамленні аб мініраванні адміністрацыйных будынкаў. Блогер стаўся падазраваным па крымінальнай справе аб ілжэмініраванні, яго затрымлівалі з ужываннем сілы, у кватэры правялі вобшук і сканфіскавалі прафесійнае абсталяванне (пазней яно часткова было вернутае).
19 жніўня журналістка «Зялёнага партала» (greenbelarus.info) Наста Захарэвіч атрымала паведамленні з абразамі і схаванай пагрозай у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Рэдакцыя партала звязвае гэта з публікацыямі пра будаўніцтва ў Брэсце акумулятарнага завода і пратэстамі эколагаў і жыхароў горада з гэтай нагоды.
Журналістка звярнулася ў міліцыю з патрабаваннем прыцягнуць аўтара паведамленняў да адміністрацыйнай адказнасці. Упраўленне ўнутраных спраў Фрунзенскага раёна г. Мінска паведаміла, што асоба, якая пагражала Н. Захарэвіч, не вызначаная.
Аднаўленне пераследу журналістаў-фрылансераў
У верасні пасля трохмесячнага перапынку аднавіўся пераслед журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.
19 верасня ў г. Бялынічы (Магілёўская вобласць) міліцыя склала пратакол паводле часткі 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях у стасунку да журналісткі Дар’і Чульцовай. У якасці правапарушэння журналістцы інкрымінавалі сюжэт, які выйшаў на тэлеканале «Белсат» 22 жніўня 2019 года ў праграме «Аб’ектыў» пад назвай «Новы галоўны ідэолаг Андрэй Кунцэвіч – гэта чалавек, за якім пэўна пойдзе моладзь». Пры гэтым сюжэт быў пазітыўным для прадстаўніка мясцовай улады. У кастрычніку суд Бялыніцкага раёна без удзелу журналісткі аштрафаваў яе на 20 базавых велічыняў (510 беларускіх рублёў, што тоесна 250 далярам ЗША).
18 верасня суд г. Паставы Віцебскай вобласці аштрафаваў на 30 базавых велічыняў (765 рублёў, або каля 370 даляраў ЗША) журналіста Змітра Міцкевіча за супрацу з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі. ´´ Частка 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і/ці распаўсюд прадукцыі СМІ. На думку БАЖ, журналісты не могуць прыцягвацца да адказнасці паводле гэтага артыкула, бо прадукцыю СМІ вырабляюць не журналісты, а рэдакцыі, і распаўсюджваюць – распаўсюднікі. Адказнасці за дзейнасць без акрэдытацыі КаАП не прадугледжвае.
За першыя дзевяць месяцаў 2019 года журналісты былі аштрафаваныя 39 разоў паводле ч. 2 арт. 22.0 КаАП на агульную суму 36592,5 рублёў, што тоесна прыблізна 17850 далярам ЗША. Пры гэтым з канца траўня па сярэдзіну верасня да адміністрацыйнай адказнасці за супрацу з замежнымі СМІ журналістаў не прыцягвалі. Верагодна, гэта было звязана з правядзеннем у Беларусі Еўрапейскіх гульняў.
Рэйтынгі, індэксы, статыстыка
Больш за 16 тысячаў чалавек падпісалі петыцыю супраць прымусовай падпіскі на друкаваныя дзяржаўныя СМІ ў Беларусі. Збор подпісаў адбываецца на сайце Change.org.
Камітэт абароны журналістаў (CPJ) уключыў Беларусь у рэйтынгавы ліст краінаў з найбольш жорсткай цэнзурай, размясціўшы яе на 9‑м месцы.