«Скажы дзякуй, што нічога табе не падкінулі». Блогеру Андрэю Павуку даслалі пагрозы і абразы напярэдадні суда
Напярэдадні слухання судовай справы аб спагнанні з міліцыі маральнай шкоды за абвінавачванні ў мініраванні будынкаў дзяржаўных устаноў, блогер і сябра ГА “БАЖ” Андрэй Павук з райцэнтра Акцябрскі атрымаў на свой адрас у Viber пагрозу ад невядомых асобаў. Тэкст пагрозы блогер апублікаваў у Facebook.
“Заўтра суд, і ты яго прайграеш, — пішуць Павуку незнаёмыя асобы. — Тэма з вобшукам была створана для таго, каб ты задумаўся пра свае паводзіны, закрыў свой ванючы рот і ўладкаваўся на працу. Скажы дзякуй, што нічога не падкінулі. Калі будзеш займацца сабатажам і ачарненнем існуючай улады, будуць прымацца меры ў дачыненні да цябе. Сядзеш і твая (непрыстойнасць) жонка будзе перадачкі насіць”.
Тэкст пагрозы напісаны па-руску з арфаграфічнымі і сінтаксічнымі памылкамі, каб выглядаў прастамоўным. Напрыканцы невядомыя папярэджваюць блогера: “Думаю, ты нас зразумеў. Не гуляй з агнём”.
Андрэй Павук лічыць, што перад судом, прызначаным на 25 верасня, яго запалохваюць, учыняюць псіхалагічны ціск.
“Я не збіраюся пакідаць пагрозу без увагі. Зараз рыхтую адпаведную заяву ў Следчы камітэт”, — паведаміў Андрэй Павук карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”.
11 верасня ў судзе Акцябрскага раёна адбыўся папярэдні разгляд пазова Андрэя Павука да раённага аддзела міліцыі.
Нагадаем, супрацоўнікі Акцябрскага РАУС сёлета ў сакавіку западозрылі блогера ў адпраўцы электроннага паведамлення на пошту абласнога ўпраўлення МНС пра тэрарыстычны акт — мініраванне райвыканкама. У кватэры Павука міліцыя зрабіла ператрус, забрала на праверку камп’ютары, партатыўную відэакамеру і іншую тэхніку, якую ён выкарыстоўваў для падрыхтоўкі відэаролікаў і розных інфармацыйных паведамленняў у сацыяльных сетках.
Блогера затрымалі. Праз пяць гадзін следчыя раённага аддзела Следчага камітэта адпусцілі яго, паколькі не было падставаў трымаць далей пад вартай. Пазней блогера выклікалі ў міліцыю з прычыны ілжывага паведамлення пра мініраванне будынка Мазырскага райсуда.
Андрэй Павук, перш чым выставіць пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 25 тысяч рублёў, звяртаўся ў органы пракуратуры на гвалтоўныя дзеянні міліцыі, але тыя не знайшлі падставаў для пракурорскага рэагавання.
На папярэднім разглядзе справы ў судзе прадстаўнік Акцябрскага РАУС, начальнік крымінальнага вышуку Міхаіл Шыловіч, патрабаванні блогера не прызнаў. Тлумачыў, што супрацоўнікі міліцыі “дзейнічалі ў межах існуючага заканадаўства”.
Блогера абразіла тое, што яго, бацьку дваіх дзяцей, зрабілі мінёрам, нейкім падрыўніком і ледзь не тэрарыстам. Вінавацілі ў мініраванні Акцябрскага райвыканкама, а пасля і Мазырскага суда. Андрэй Павук да гэтага часу не можа высветліць ні ў міліцыі, ні ў Следчым камітэце, ні ў пракуратуры, на якой падставе яго залічылі ў мінёры? І што гэта за “дастатковыя падставы”, паводле якіх можна ўчыняць здзек над чалавекам і яго сям’ёй.
Суд паводле пазова блогера Павука да Акцябрскага РАУС мае адбыцца 25 верасня а 14 гадзіне. У якасці суадказчыка па справе суддзя Уладзімір Васілеўскі выклікаў упраўленне дзяржаўнага казначэйства па Гомельскай вобласці Галоўнага дзяржаўнага казначэйства Міністэрства фінансаў Беларусі.
Старшыня ГА «БАЖ», юрыст Андрэй Бастунец падкрэслівае: у выпадку пагроз і абраз журналісту абавязкова трэба напісаць заяву ў міліцыю.
Праваахоўныя органы абавязаны прыняць заяву, правесці праверку па фактах, знайсці вінаватага і прыцягнуць яго да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі.