• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Масмедыя ў Беларусі, №1 (60), 2020. Вынікі 2019 года

    Сітуацыя ў галіне СМІ ў 2019 годзе была неадназначная. З аднаго боку, на яе ўплывала агульная тэндэнцыя ўзмацнення дзяржаўнага кантролю над медыяпрасторай, з іншага — правядзенне ў Мінску ІІ Еўрапейскіх гульняў падштурхоўвала ўлады да большай адкрытасці краіны. Таксама нельга не браць да ўвагі складаную знешнепалітычную і эканамічную сітуацыю ў Беларусі (перамоўны працэс з Еўрасаюзам і ЗША, узрастанне памеру знешняга доўгу і ціск з боку Расійскай Федэрацыі), а таксама выбары ў беларускі парламент (адбыліся 17 лістапада 2019 года).

    ВЫНІКІ МЕДЫЙНАГА 2019 ГОДА Ў ЛІЧБАХ

    2 крымінальныя справы супраць журналістаў і блогераў скончыліся абвінаваўчым прысудам

    21 затрыманне журналістаў і блогераў

    44 штрафы журналістам-фрылансерам за працу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі

    18 тыс. еўра – агульная сума штрафаў журналістам за супрацу з замежнымі СМІ

    6 недзяржаўных інтэрнэт-рэсурсаў зарэгістраваліся ў якасці СМІ больш чым за год з моманту ўнясення ў Закон аб СМІ палажэння аб рэгістрацыі сеткавых СМІ

    Больш як 70 мільёнаў еўра вылучана на фінансаванне дзяржаўных СМІ на 2020 год у рэспубліканскім бюджэце

    153-е месца Беларусі (з 180 краінаў свету) у штогадовым Індэксе свабоды прэсы «Рэпарцёраў без межаў»

     

    СІТУАЦЫЯ Ў ГАЛІНЕ СМІ Ў 2019 г. (АГЛЯД)

    Сітуацыя ў галіне СМІ ў 2019 годзе было неадназначнае. З аднаго боку, на яе ўплывала агульная тэндэнцыя ўзмацнення дзяржаўнага кантролю над медыяпрасторай, з іншага — правядзенне ў Мінску ІІ Еўрапейскіх гульняў падштурхоўвала ўлады да большай адкрытасці краіны. Таксама нельга не браць да ўвагі складаную знешнепалітычную і эканамічную сітуацыю ў Беларусі (перамоўны працэс з Еўрасаюзам і ЗША, узрастанне памеру знешняга доўгу і ціск з боку Расійскай Федэрацыі), а таксама выбары ў беларускі парламент (адбыліся 17 лістапада 2019 года).

    II Еўрапейскія гульні прайшлі ў сталіцы Беларусі з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. Незадоўга да іх правядзення праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заклікала алімпійскіх чыноўнікаў забяспечыць гарантыі недатыкальнасці журналістаў у Мінску:
    «На працягу апошніх двух год улады Беларусі прадпрымаюць паслядоўныя крокі па ўціску свабоды СМІ, якія наўпрост уплываюць на абстаноўку, у якой журналісты будуць асвятляць падзеі ў краіне напярэдадні, падчас і пасля Еўрапейскіх гульняў… Еўрапейскія алімпійскія камітэты (ЕАК) павінны забяспечыць магчымасць свабодна працаваць усім замежным і беларускім карэспандэнтам, якія асвятляюць ІІ Еўрапейскія гульні».

    Насуперак засцярогам праваабаронцаў і журналісцкіх арганізацыяў, сур’ёзных канфліктаў, якія былі б звязаныя з ажыццяўленнем журналісцкай дзейнасці, падчас Еўрапейскіх гульняў не адбылося. Больш за тое, да пачатку Еўрапейскіх гульняў знізіўся ціск на журналістаў-фрылансераў, матэрыялы якіх з’яўляюцца ў замежных СМІ. Калі за першыя 5 месяцаў 2019 года суды 38 разоў штрафавалі такіх журналістаў за супрацу з замежнымі медыя без акрэдытацыі, то з 31 траўня такая практыка прыпынілася.

    Аднак у верасні пасля трохмесячнага перапынку пераслед журналістаў-фрылансераў аднавіўся. У выніку за 2019 год БАЖ зафіксаваў 44 штрафы журналістам-фрылансерам на агульную суму 42049,5 беларускіх рублёў (каля 21 тысячы долараў ЗША).

    Адной з самых галоўных праблемаў у галіне выказвання меркавання ў 2019 годзе быў крымінальны пераслед журналістаў і блогераў.

    Абвінаваўчы прысуд галоўнаму рэдактару TUT.BY Марыне Золатавай і завяршэнне «справы БелТА»

    4 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска прызнаў галоўнага рэдактара вядучага беларускага інтэрнэт-партала TUT.BY Марыну Золатаву віноўнай у бяздзеянні службовай асобы (арт. 425 Крымінальнага кодэкса Беларусі) і прысудзіў яе да штрафу ў памеры 7650 беларускіх рублёў (каля 3800 даляраў ЗША па курсе Нацбанка Беларусі). Акрамя таго, суд спагнаў з яе на карысць БелТА працэсуальныя выдаткі ў памеры 6000 беларускіх рублёў (каля 3000 даляраў).

    Асуджэнне М.Золатавай сталася завяршэннем так званай «справы БелТА», узбуджанай улетку 2018 г.

    Прычынай для яе ўзбуджэння сталася несанцыянаванае выкарыстанне некаторымі журналістамі пароляў да падпісной стужкі сайта дзяржаўнай інфармацыйнай агенцыі БелТА. (Пры гэтым матэрыялы сайта БелТА знаходзіліся ў адкрытым бясплатным доступе і размяшчаліся тымі СМІ, што патрапілі пад пераслед, з улікам правілаў, якія былі ўсталяваныя БелТА, а паролі да падпісной стужкі не мяняліся гадамі.)

    7–9 жніўня 2018 года ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала TUT.BY, рэдакцыях некаторых іншых СМІ, а таксама ў кватэрах шэрагу іх супрацоўнікаў адбыліся вобшукі. Падчас іх была забраная прафесійная тэхніка і носьбіты інфармацыі. Каля 20 журналістаў былі затрыманыя і дапытаныя следчымі, 8 журналістаў — адпраўленыя ў ізалятар часовага ўтрымання на тэрмін да 3 сутак. У стасунку да 15 журналістаў былі ўзбуджаныя крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, здзейснены з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці).

    Дзеянні следчых выклікалі пратэсты з боку праваабаронцаў, журналісцкіх арганізацыяў і міжнародных структураў (у тым ліку Рады Еўропы, Еўрасаюза, АБСЕ).
    Напрыканцы 2018 года крымінальныя справы ў дачыненні да 14 журналістаў былі спыненыя з прыцягненнем іх да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў і фактычным прымусам іх да выплаты кампенсацыяў БелТА і газеце Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі «СБ. Беларусь сегодня».
    Адзінай абвінавачанай, прыцягнутай па «справе БелТА» да крымінальнай адказнасці, сталася галоўная рэдактарка інтэрнэт-партала TUT.BY Марына Золатава.

    «Прысуд і штраф Марыне Золатавай, галоўнаму рэдактару TUT.BY, разам з непрапарцыйнымі захадамі праваахоўных органаў супраць БелаПАН і TUT.BY у 2018 годзе, могуць адмоўна паўплываць на незалежныя СМІ ў Беларусі», — адзначыў прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір.

    «Тое, як беларускія ўлады настойліва займаліся гэтай справай з самага пачатку, паказвае іх рашучасць зашкодзіць канкурэнтам дзяржаўных СМІ», — заявілі «Рэпарцёры без межаў» пасля асуджэння М. Золатавай.

    Старшыня Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Сукала заявіў, што павышаную грамадскую ўвагу да працэсу над Золатавай – прысутнасць дыпламатаў і рэпарцёраў — магчыма расцаніць як ускосны ціск на суд.

    Справа блогера Андрэя Павука

    20 сакавіка Следчы камітэт Беларусі ў афіцыйным Telegram-канале паведаміў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 340 Крымінальнага кодэкса паводле факту заведама ілжывага паведамлення аб мініраванні райвыканкама ў гарадскім пасёлку Акцябрскі. Падазраваным па справе стаўся Андрэй Павук, нумар мабільнага тэлефона якога быў указаны ў паведамленні аб мініраванні. 20 сакавіка А. Павук быў затрыманы, у яго ўдома быў праведзены вобшук і былі забраныя кампутар і іншая прафесійная тэхніка.

    Паводле версіі следства А. Павук накіраваў электронны ліст у Гомельскае абласное аддзяленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з паведамленнем аб мініраванні Акцябрскага райвыканкама (мясцовы орган выканаўчай улады). Пасля допыту А. Павук быў вызвалены. Праз месяц крымінальная справа ў дачыненні да яго была спыненая, а сканфіскаваная тэхніка вернутая.

    У траўні гісторыя з ілжэмініраваннем паўтарылася. На электронную пошту МНС паступіла паведамленне пра мініраванне суда ў г. Мазыр. Падазраваным ізноў стаўся А. Павук. Прычынай таму было, як і ў сакавіку, пазначэнне нумара яго мабільнага тэлефона ў паведамленні пра мініраванне.

    Андрэй Павук звярнуўся ва ўпраўленне Следчага камітэта і Генеральную пракуратуру з просьбай высветліць, хто выкарыстоўвае яго асабістыя дадзеныя для лжывых паведамленняў пра мініраванне дзяржаўных устаноў. Акрамя таго, ён звярнуўся ў суд з позвай да супрацоўнікаў міліцыі, якія парушылі яго правы падчас вобшуку. Ён патрабаваў ад іх кампенсавання маральнай шкоды за затрыманне ў сакавіку па падазрэнні ў ілжэмініраванні.

    24 верасня, напярэдадні разгляду позвы ў судзе Акцябрскага раёна, блогер атрымаў у месэнджар Viber паведамленне з пагрозамі ад невядомых асобаў:

    «Заўтра суд, і ты яго прайграеш. Тэма з вобшукам была створана для таго, каб ты задумаўся аб сваіх паводзінах, закрыў свой смярдзючы рот і ўладкаваўся на працу. Скажы дзякуй, што нічога не падкінулі. Калі будзеш займацца сабатажам і ачарненнем існуючай улады, будуць прымацца захады ў дачыненні да цябе. Сядзеш і твая [абраза] жонка будзе перадачкі насіць […]».

    Аўтар паведамлення да цяперашняга часу не ўстаноўлены.

    4 кастрычніка Андрэю Павуку пазваніў аператыўны дзяжурны РАУС і паведаміў, што ў міліцыю паступіла тэлефанаванне быццам бы з нумара самога Павука, падчас якога невядомы, які назваўся Андрэем і паведаміў яго хатні адрас, паведаміў, што «забіў сваю жонку Вольгу». Жонка Андрэя Вольга была вымушаная тлумачыць, што гэтае тэлефанаванне – правакацыя. У РАУС паведамілі, што «хулігана» знайсці не атрымаецца.

    Суд у задавальненні позвы А. Павука да супрацоўнікаў міліцыі адмовіў.

    Крымінальны пераслед блогера Сяргея Пятрухіна

    18 красавіка суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў вінаватым паводле часткі 2 арт. 188 («Паклёп») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна.

    У якасці пацярпелых па справе праходзілі чатыры супрацоўнікі Ленінскага РУУС Брэста (міліцыя). На Сяргея Пятрухіна па рашэнні суда быў накладзены штраф у памеры 360 базавых велічыняў (9180 беларускіх рублёў, што тоесна прыблізна 4600 далярам ЗША), а таксама забавязаў яго выплаціць у якасці кампенсацыі маральнай шкоды супрацоўнікам міліцыі Сяргею Ігнацюку, Дзмітрыю Якушэвічу, Ігару Галянчыцу і Сяргею Токуну ў агульнай колькасці 7500 беларускіх рублёў, што складае каля 3750 даляраў ЗША. Акрамя таго, блогер абавязаны кампенсаваць выдаткі пацярпелых на адвакатаў у памеры 1000 беларускіх рублёў і судовыя выдаткі.

    Падставай для прыцягнення блогера да крымінальнай адказнасці сталіся відэаролікі, якія былі знятыя ў сакавіку 2018 года і трансляваліся на YouTube. У гэтых відэароліках С. Пятрухін заявіў аб датычнасці шэрагу супрацоўнікаў Ленінскага РУУС Брэста да збіцця ў міліцэйскім пастарунку ў 2016 годзе грамадзяніна П. Камінскага, які звярнуўся ў праваахоўныя органы з патрабаваннем расследавання інцыдэнта і распавёў аб гэтым блогеру.

    Перад пачаткам судовага працэса 14 беларускіх праваабарончых арганізацыяў выступілі з патрабаваннем спыніць крымінальны пераслед С. Пятрухіна. На іх думку, крымінальны пераслед меў палітычна матываваны характар і быў звязаны выключна з рэалізацыяй С. Пятрухіным гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі правоў у галіне правоў чалавека свабодаў – свабоды выказвання меркавання, збору і распаўсюду інфармацыі.

    5 ліпеня судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў.

    РЭЙТЫНГІ, ІНДЭКСЫ

    У штогадовым Індэксе свабоды прэсы міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», апублікаваным у красавіку 2019 года, Беларусь заняла 153‑е месца сярод 180 дзяржаваў свету, падняўшыся на дзве пазіцыі ў параўнанні з папярэднім годам. «Пазіцыя Беларусі ў Сусветным індэксе свабоды прэсы 2019 года, здавалася б, сведчыць аб паляпшэнні становішча, — заўважылі «Рэпарцёры без межаў», — але насамрэч яна адлюстроўвае той факт, што становішча значна пагоршылася ў шматлікіх іншых краінах, а таксама той факт, што рэкордная колькасць арыштаў у Беларусі ў 2017 годзе не была паўтораная ў 2018 годзе».

    Міжнародная праваабарончая арганізацыя Free­dom House ў сваім Рэйтынгу свабоды ў свеце 2019 года, як і раней, аднесла Рэспубліку Беларусь да ліку несвабодных краінаў. Пры гэтым, на думку арганізацыі, ступень свабоды СМІ ў Беларусі ў 2018 годзе паменшылася да мінімальнай.

    «Ацэнка паменшылася з 1 да 0 з‑за прымянення суворых захадаў у адносінах да журналістаў, якія ўключалі ў сябе новыя абмежаванні, датычныя сеткавых сродкаў масавай інфармацыі, крымінальны пераслед журналістаў, якіх абвінавачвалі ў незаконным атрыманні кантэнту ад дзяржаўнай інфармацыйнай агенцыі, а таксама частае затрыманне і накладанне штрафаў на журналістаў у сувязі з іх працай».

    Камітэт абароны журналістаў (CPJ) уключыў Беларусь у спіс краінаў з найбольш жорсткай цэнзурай (9‑е месца).

    Білютэнь «Масмедыя ў Беларусі №1 (60), 2020. Вынікі 2019 года»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    05.11.2024

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    29.12.2023
    Акцэнты

    Доклад БАЖ: Беларусь 2022–2023. Права человека. Гражданское общество. Медиа

    2 ноября по инициативе ООН отмечается Международный день прекращения безнаказанности за преступления против журналистов. Этот день был актуальным для Беларуси даже до событий 2020-го — ведь начиная с 1994 года преступления в отношении журналистов в стране часто оставались без должного внимания правосудия. Таким же актуальным остается этот день и сейчас. Дмитрий Завадский, Вероника Черкасова... Их имена — лишь часть длинного списка журналистов, подвергшихся нападениям и избиениям. С 2020 года ситуация обострилась: действия властей можно охарактеризовать как террор против представителей медиасферы. Белорусская ассоциация журналистов публикует в этот день доклад «Беларусь 2022-2023: Права человека. Гражданское общество. Медиа», который содержит подробный обзор случаев давления на гражданское общество и медийное пространство. Скачать PDF
    01.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці