2024 год — год Цмока. Як цмока ўяўлялі продкі беларусаў?
Цмок з’яўляецца адным з персанажаў беларускай міфалогіі. Хоць ён не быў такім значным, як, напрыклад, змей, тым не менш нашы продкі верылі, што ён уплываў на многія з’явы. Цікава, што беларускі цмок вельмі любіў ваду, а яшчэ быў лянівым. PALATNO распавядае пра беларускага цмока.
Якім нашы продкі бачылі цмока і як тлумачылі яго існаванне
Цмок з’яўляецца персанажам беларускай міфалогіі, нашы продкі верылі ў яго існаванне. Некаторыя рысы вобраза беларускага цмока, відавочна, сталі вынікам кантамінацыі (аб’яднання) з рысамі іншых хтанічных персанажаў. На фармаванне вобраза цмока паўплывала хрысціянская легенда пра змаганне святога Георгія з жахлівым драконам, які жыў у балоце і штодня патрабаваў для з’ядання юнакоў і дзяўчат. Гэты сюжэт часта абыгрываецца ў чарадзейных казках і баладах і мае дахрысціянскае паходжанне.
Цмока атаясамлівалі з галоўным нячысцікам — д’яблам, Люцыпарам. Адну з версій такога атаясамлення прыводзіць А. Я. Багдановіч. Згодна з ёй, цмок — гэта галоўны чорт, якога анёлы закавалі ў ланцугі і пасадзілі ў каменную гару. Пры канцы свету незлічоныя грахі людзей канчаткова пераядуць гэтыя ланцугі, цмок вызваліцца і разбурыць усе боскія стварэнні. Матыў закаванага ў ланцугі галоўнага адмоўнага персанажа, выпушчанага на волю па неасцярожнасці галоўным героем, таксама добра вядомы з чарадзейных казак.
Паводле беларускіх міфалагічных аповедаў, цмок вылучаецца агромністымі памерамі, прычым, як уздоўж, так і ўшыр — памерамі ён з добры будынак. Праз вялізныя габарыты цмок ад прыроды лянівы і маларухавы. Таму перад тым, як дамучыць сваю ахвяру, цмок абавязкова спачатку ўзважыць, ці вартая яна яго парушанага спакою. Пры адмоўнай ацэнцы цмок пагардліва пакідае ахвяру іншым, менш пераборлівым нячысцікам, а апошнія не любяць цмока менавіта за гэтую яго фанабэрыстасць.
Цмок — самотнік, жыве і дзейнічае сам па сабе, на заклік чалавека або іншага якога нячысціка дапамагчы можа адгукнуцца з вялікай неахвотай.
Уражваюць не толькі памеры цмока, але і некаторыя яго анатамічныя асаблівасці:
-
у яго анамальная колькасць вялізных, як цэбры, галоў: 3, 6, 7, 9 або 12, якія да таго ж маюць здольнасць зноў адрастаць, будучы сцятымі і не прыпечанымі агнём;
-
зубы, як нарогі;
-
капцюры, як сярпы;
-
крылы, як палашы.
У адрозненне ад іншых нячысцікаў цмок — «чысцюля», ён ходзіць у лазню і мыецца штодня. І гэта любоў цмока да агню і вады (а лазня і ёсць месцам спалучэння аднаго з адным) цалкам адпавядае яго ўласнай прыродзе. Ён звязаны з вадой — жыве ў балоце, а найчасцей у моры, але нутраная яго прырода яўна вогненная — ён зіхае агнём з пашчы і выпускае з ноздраў дым.
З іншага боку, цмок — ідэальная амфібія: ён можа перасоўвацца і ў вадзе, і па зямлі, і па паветры. Цмок — гэта coincidentia oppositorum («супадзенне супрацьлегласцяў»), і гэта дае ўсе падставы бачыць у ім увасабленне першаснага, яшчэ непадзельнага, неструктураванага стану Сусвету, творчае раскладанне якога вядзе да ўзнікнення ўсяго існага.
Галоўная міфалагічная функцыя цмока — валоданне водамі. Цмок усталёўвае баланс паміж водамі зямнымі і водамі нябеснымі, напэўна, не заўсёды на карысць насельнікаў зямлі. Адно са значэнняў слова «цмок» — гэта вясёлка, якая, паводле павер’яў, высмоктвае ваду з ракі і перапампоўвае яе назад на неба. Слоўнік І. І. Насовіча цалкам падтрымлівае гэтае павер’е, даючы асноўныя значэнні слова «цмок/смок»:
-
насос — машина, употребляемая для перелива какой-либо жидкости;
-
железная водосточная труба;
-
пожарная труба;
-
сказочное название змея.
Нездарма забіццё Перуном змея выклікае бесперапынныя залевы, якія пагражаюць сусветным патопам. Уратавацца ўдаецца толькі пахаваўшы цмока з дапамогай запрэжанага ў лапаць пеўня.
Імаверна, першапачаткова (да хрысціянізацыі) вобраз цмока не меў адназначна адмоўнай канатацыі. Пра гэта сведчыць, па-першае, тое, што цмок у песнях выступае як галоўны аб’ект пакланення да прыняцця хрысціянства («Ек була земля нехрышчэна, то булі людзі неверные, то не веровалі ў господа бога да поверовалі ў ліхого цмока»), а па-другое, тое, што першымі ахвярамі цмока бываюць звычайна парушальнікі грамадскіх абавязкаў (звычаёвага права). Цмок ніколі не чапае людзей сямейных і вельмі рэдка чапляецца да простых вяскоўцаў.
Нашы продкі таксама верылі, што лятучыя цмокі-змеі маглі абарачацца хлопцамі-прыгажунамі і заляцацца да дзяўчат, аднак нават сужыццё з імі не давала нашчадкаў. Гэты матыў напрост стасуецца з матывам волата-прыгажуна ў беларускіх касмалагічных паданнях, які ўзначаліў усіх супрацоўнікаў бога-стваральніка. З вобразам цмока-змея звязаныя некаторыя даўгія курганы-валатоўкі і культавыя камяні.
«У пошуках цмока». Як беларусам расказвалі, што цмок таксама можа быць нацыянальным сімвалам
А вы ведалі, што не ўсе беларусы лічылі цмока нацыянальным сімвалам, і яшчэ з дзясятак гадоў таму многія нават не ўяўлялі, што гэта за істота. Таму ў пачатку 2010‑х кампанія «Будзьма беларусамі!» распачала праект пад назвай «У пошуках цмока». У ім расказвалі, чаму цмок нічым не горшы за бусла ці зубра і чаму таксама можа быць сімвалам нашай краіны. Разам з гэтым «Будзьма» зрабіла шэраг інтэрв’ю з даследчыкамі, каб больш даведацца пра саму міфічную істоту і тое, дзе яна магла б жыць у Беларусі (калі б, вядома, існавала).
У 1990‑я гады на Гомельшчыне актыўна развівалі ідэю надаць рэгіёну асаблівы брэнд — цмока. Ідэя нарадзілася вакол самвыдатаўскай газеты «Аксамітны жах». У кожным нумары газеты абавязкова друкавалі па некалькі артыкулаў пра цмокаў. Супрацоўнік Веткаўскага музея Андрэй Скідан нават апавядаў, як выглядае беларускі цмок: «Калі казаць пра памер, то гэта прыкладна як “каня адзін на аднаго паставіць”. Ён мае крылы, вядома ж. І доўгія патлы ў яго — нашмат большыя, чым ў каня грыва. Цмок невялікі ў Беларусі. Вядома, больш за чалавека, але не такі ўжо агромністы».
Цмокаў ведаюць і на Лепельшчыне — яшчэ па кнізе Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Караткевіч апісваў яго як звера фоку (то бок, цюленя), у зморшчынах і без іклоў. Тулава ў лепельскага цмока было шырокім і пляскатым, шыя — тонкай і доўгай. Галава была падобная на галаву змяі і лані. На Лепельшчыне нават ёсць возера пад назвай Дракон.
Чытайце яшчэ:
«Не хочу никаких праздников». Нормально ли не радоваться Новому году? Что говорит психотерапевт
Як падрыхтавацца да Калядаў? Глядзім майстар-класы разам
Як мафіёзі стаў сімвалам Раства. Кім быў спявак Фрэнк Сінатра?