• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайту праекту «Медыякрытыка»

    У беларускіх карыстальнікаў перастала адчыняцца інтэрнэт-старонка  ініцыятывы «Медыякрытыка», заснаванай больш за 10 гадоў таму для крытычнай ацэнкі тэмаў, якія ўздымаюцца журналісцкай супольнасцю.      

    Пры спробе зайсці на сайт http://mediakritika.by з тэрыторыі Беларусі узнікае расійскамоўнае прабачэнне ад пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг – у дадзеным выпадку з боку кампаніі «Космос ТВ».   

    «Уважаемые пользователи! Доступ к ресурсу ограничен во исполнение решения Министерства информации, принятого на основании закона Республики Беларусь «О средствах массовой информации». Приносим извинения. ©Космос ТВ 220100, Минск». 

    Маніторынг іншых ліцэнзаваных аператараў выдае аналагічны вынік – «бан» на патрабаванне кантрольнага ведамства. Пры гэтым прычыны радыкальнага рашэння звыкла не агучваюцца. 

    «Медыякрытыка» імкнецца садзейнічаць павышэнню якасці беларускай журналістыкі праз стварэнне прафесійнага крытычнага медыя, – так акрэсліваюць сваю мэту ініцыятары праекту.   

    Сайт mediakritika.by запрацаваў у 2012 годзе з ініцыятывы каардынатаркі праекту Яніны Мельнікавай і прысвечаны тэмам, важным для стваральнікаў і чытачоў беларускіх СМІ. Аўтары ініцыявалі дыскусіі аб унутраных праблемах, спрабуючы палепшыць якасць айчыннай журналістыкі. 

    Такая пляцоўка для беларускай медыясупольнасці стала першым досведам знаходжання «па-над бойкай», дзе ў прафесійнай спрэчцы нараджалася ісціна. Дарэчы, такі ж і лозунг усёй кампаніі: «Ісціна любіць крытыку».   

    Першапачаткова праект «Медыякрытыка» намагаўся казаць аб праблемах усяго журналісцкага цэха, не падзяляючы супрацоўнікаў СМІ на дзяржаўных і незалежных. Маўляў, настаў час прадметнай размовы адносна сапраўднай аналітыкі, аўтарскага права, прафесійнай этыкі і г.д. 

    «Мы хочам, каб усе беларускія журналісты задумаліся, як не страціць  нашы прафесійныя стандарты. Гэта, па сутнасці, сяброўская размова калег аб тым, што рабіць і куды рухацца. Таму, са свайго боку, імкнёмся садзейнічаць павышэнню якасці тэкстаў праз стварэнне прафесійнага крытычнага медыя аб медыя для прафесіяналаў у галіне СМІ, медыяменеджараў, а таксама для шырокай аўдыторыі, якую цікавяць працэсы развіцця беларускай інфапрасторы», – вызначылі сваю ролю стваральнікі сайта.  

    Да драматычнага 2020 году заяўленыя задачы экспертнай ацэнкі збольшага выконваліся, аднак з пачаткам татальнай зачысткі незалежных рэдакцый  паміж бюджэтнай прапагандай і нелаяльнымі апанентамі ўтварылася ідэалагічная прорва.   

    Апошнім часам праект ужо быў валанцёрскім – прычым, нягледзячы на адсутнасць акаўнтаў у тэлеграм-каналах ды папулярных сацсетках, лічбы  праглядаў па-ранейшаму заставаліся даволі значнымі. Гэта азначае, што  журналісты па-ранейшаму заходзілі на платформу, каб атрымаць крытычны погляд на прадстаўлены кантэнт.   

    І пры гэтым заснавальнікі разумелі, што нездаровы інтарэс з боку дзяржавы – справа агляднай бадучыні. Што і здарылася незадоўга да 11-годдзя «Медыякрытыкі» – Міністэрства інфармацыі ў аднабаковым парадку канстатавала забарону на доступ да інтэрнэт-старонкі.  

    Новае вялікае даследванне пра сітуацыю ў беларускіх СМІ давядзецца пакуль адкласці, аднак, зазначаюць заснавальнікі ініцыятывы, ставіць кропку ніхто не збіраецца – нават дзеля прынцыпу.   

    У «чорным спісе» кантрольнага ведамства ўжо сотні журналісцкіх рэсурсаў, заблакаваных выключна з‑за выказвання альтэрнатыўнай пазіцыі, якая не супадае з прапагандысцкімі канонамі.  

    Чытайце яшчэ:

    Журналіст Караль Гусеніца: Падзеі ў Беларусі ў 2020-ым былі важныя для палякаў праз агульнага ворага — Расію

    Івулін прайграў заклад і пазваніў Мукавозчыку — папрасіцца на працу ў «СБ» і вярнуцца ў Беларусь

    «Сіметрычны адказ ворагам Беларусі». Прапаганда апраўдваецца за татальную зачыстку медыйнай прасторы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці