«Сіметрычны адказ ворагам Беларусі». Прапаганда апраўдваецца за татальную зачыстку медыйнай прасторы
Аляксандр Лукашэнка 1 ліпеня ўхваліў змены ў законе «Аб сродках масавай інфармацыі». Дакумент сярод іншага прадугледжвае пашырэнне інструментаў рэагавання на «варожыя выпады ў адносінах да Беларусі». Напрыклад, уводзіцца забарона на дзейнасць замежных медый за «недружалюбныя захады» замежных дзяржаў супраць беларускіх СМІ.
Да таго рэпрэсіўны законапраект у дачыненні да незалежных беларускіх і акрэдытаваных іншаземных медыярэсурсаў адзінагалосна ўхвалілі на сесіях Палаты прадстаўнікоў і Савета рэспублікі.
Адным з тых, хто актыўна «тапіў» за пашырэнне абмежаванняў на дзейнасць нелаяльных да рэжыму выданняў, — адыёзны дэпутат-камуніст Сяргей Клішэвіч. У каментары для афіцыйнай прэсы ён не стаў хаваць, што законапраект наўпрост звязаны з пытаннямі інфармацыйнай бяспекі напярэдадні чарговай электаральнай кампаніі.
«Беларусь сутыкаецца з беспрэцэдэнтным узроўнем пагроз у медыйным полі. СМІ і іх аналагі (навінавыя агрэгатары, сеткавыя выданні, інтэрнэт-пляцоўкі і г. д.) выступаюць не толькі інструментамі дыскрэдытацыі канстытуцыйнага ладу, але і шырока выкарыстоўваюцца для вярбоўкі і ўцягвання ў супрацьпраўную дзейнасць нашых грамадзян. Відавочна, што да выбараў 2024 года пералічаныя рызыкі будуць толькі нарастаць, таму заканадаўцамі прыняты шэраг прэвентыўных захадаў для кантролю тых рэсурсаў, якія працуюць у прававым полі».
Ён нагадаў, што зменамі ў закон прадугледжана вызначэнне асаблівасцей функцыянавання навінавых агрэгатараў і прававога статусу іх уладальнікаў. Пашыраецца пералік падстаў для анулявання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ і абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў. Нарэшце, сістэматызуюцца сіметрычныя меры ў дачыненні да недружалюбных дзяржаў.
«Сёння супраць Беларусі дзейнічаюць санкцыі з боку прыкладна 50 краін — паводле зразумелых прычын, мы не збіраемся даваць ім легальную пляцоўку для працы ўнутры краіны. Забарона дзейнасці замежнага СМІ пацягне за сабой не толькі забарону на распаўсюд інфармацыі, а і на легальную дзейнасць: пазбаўленне акрэдытацыі, закрыццё карпунктаў, абмежаванне доступу праз беларускіх інтэрнэт-правайдэраў. Не сакрэт, што пад журналісцкім прыкрыццём часта вядзецца разведвальная дзейнасць», — не ўтрымаўмся дэпутат ад «шпіёнаманіі».
Старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў паспяшаўся заявіць свой персанальны ўнёсак на ліквідацыю канкурэнтаў у медыйным полі. Так, адсправаздачыўся, што падначаленая яму арганізацыя неаднаразова звярталася да дэпутатаў, каб даць адэкватны адказ на беспрэцэдэнтную палітыку ў адносінах да прапагандыстаў дзейнага рэжыму.
«Мы ў першую чаргу павінны абараняць сваіх журналістаў, свае СМІ, паколькі гэта наша інфармацыйнае поле. Нягледзячы на тое, што цягам 15 гадоў заходнія партнёры ўжываюць шырокі інструментарый ціску на беларускія медыя, наша заканадаўства ў гэтай частцы заставалася адным з самых ліберальных, свабодных і адкрытых для працы замежных рэдакцый, у тым ліку тых, якія праводзяць відавочна недружалюбную палітыку, публікуюць фэйкавую інфармацыю, абслугоўваюць інтарэсы варожых дзяржаў», — канстатаваў кіраўнік праўладнай журналісцкай арганізацыі.
Ён выказаў задавальненне, што цяпер у дакуменце больш дакладна прапісаны статус і юрыдычныя межы навінавых анлайн-агрэгатараў у беларускай інфармацыйнай прасторы, улічана адказнасць стваральнікаў і мадэратараў апублічанага кантэнту.
Праз мэтанакіраваны пераслед незалежных СМІ ў краіне практычна не засталося легальных інфармацыйных крыніц з альтэрнатыўным меркаваннем. Гэтую місію цяпер выконваюць рэдакцыі, якія падчас масштабных зачыстак грамадзянскай супольнасці вымушана эвакуяваліся.
У той жа час доўгатэрміновая акрэдытацыя ў беларускім МЗС замежных карэспандэнтаў звялася да фармальнай легалізацыі супрацоўнікаў расійскіх СМІ, якія і без таго карыстаюцца выгодамі «саюзнай дзяржавы».
Чытайце яшчэ:
Журналіст Караль Гусеніца: Падзеі ў Беларусі ў 2020-ым былі важныя для палякаў праз агульнага ворага — Расію
«Калі журналіст будзе рабіць два вялікіх якасных матэрыялы на месяц, яму на хлеб не хопіць». Гутарка з рэжысёркай Ксеніяй Галубовіч
Сацсеткі «Вольнага Глыбокага» і «Фельетоны Лупача» абвешчаныя экстрэмісцкімі