• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ідэалагічны міжсабойчык. Ува што ператвараецца факультэт журналістыкі

    На факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта 1 красавіка  прайшоў Дзень адчыненных дзвярэй для бацькоў і падлеткаў. Нядаўна прызначанае кіраўніцтва расказала патэнцыйным абітурыентам пра запланаваныя рэформы ў сістэме набору.

    Сёлета 16 лютага калектыву журфака афіцыйна прадставілі новага дэкана — кандыдата гістарычных навук, праўладнага палітолага і калумніста газеты «СБ. Беларусь сегодня» Аляксея Бяляева

    Выступаючы з прывітальным словам, той пацвердзіў распіяраны наратыў пра пераход да падрыхтоўкі «байцоў інфармацыйнага фронту», у сувязі з чым прынцыпова змяняецца механізм падыходу да фармавання будучага кадравага рэестру дзяржаўных СМІ.    

    Калі дагэтуль студэнтам прапаноўваліся тры спецыяльнасці — «журналістыка па напрамках» (вэб-журналістыка, друкаваныя СМІ,  аўдыявізуальныя медыя), «інфармацыя і камунікацыя» (рэклама і піяр),  «міжнародная журналістыка», то цяпер застануцца дзве. Проста  «журналістыка» і «інфармацыя і камунікацыя» (выглядае, што са знешняй ізаляцыяй адпала і патрэба ў «міжнароднасці»). Іншымі словамі, альбо журналіст, альбо спецыяліст па сувязях з грамадскасцю. 

    Афіцыйна навацыя тлумачыцца тым, што сучасным беларускім СМІ, да якіх цяпер адносяцца амаль выключна лаяльныя дзяржаўныя выданні, усё больш неабходныя «ўніверсальныя журналісты». 

    Скарачэнне пазіцый адрэзануе і на колькасці месцаў: калі летась залічылі 100 чалавек, дык цяпер вакансій 80 з невялікім (60 на «журналістыку» і 22 на «інфармацыю і камунікацыю»).  

    Акрамя таго, цалкам адменяць платныя месцы — раней за грошы вучыўся кожны дзясяты. Але ўзмацненне ідэалагічнага складніка фактычна адсякае магчымасць самавольнага працаўладкавання ў выпадку камерцыйнага навучання — за «інвеставаныя» бюджэтныя сродкі цяпер кожны выпускнік будзе мець адраснае накіраванне. 

    Такім чынам выглядае на тое, што з некалі прэстыжнай творчай лакацыі журфак ператвараецца ў падраздзяленне «гібрыдных байцоў» на службе прапаганды. Пацверджаннем істотнага змяшчэння функцый з’яўляецца і тое, што на пачатку года загадам Аляксандра Лукашэнкі на асобна ўзятым факультэце быў створаны «назіральны савет» пад старшынствам міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова. Сярод яго чальцоў — прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, «Сталічнага тэлебачання», АНТ, беларускага прадстаўніцтва МТРК «Мір», агенцтваў БелТА, «Мінск-Навіны», выдавецкага дома «СБ. Беларусь сегодня».   

    Падчас першых пасяджэнняў на поўным сур’ёзе даводзілася, што задача «савета» — змястоўны перагляд навучальных праграм у звязку з новымі падыходамі да падрыхтоўкі сучаснага журналіста як «байца інфармацыйнага фронту».

    Такім чынам, задача ўладальніка дыплома некалі паважанай установы цяпер палягае не ў здольнасці быць аб’ектыўным у асвятленні падзей, а ў гатоўнасці выконваць узгодненыя распараджэнні ўладных куратараў.  

    Зашмальцаваная тэрміналогія, якая зноў вяртаецца ў прапагандысцкі абарот, была звыклым штампам лектараў савецкага часу, але з надыходам незалежнасці журналістыка атрымала адносную свабоду дзеянняў. Як аказалася, не так і надоўга. Падсумоўваючы вынікі дзейнасці медый у 2022 годзе, колішні міністр інфармацыі, а цяпер намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Ігар Луцкі зноў вярнуў з нафталіну старую ідэалагічную рыторыку.   

    «На журфаку БДУ неабходна рыхтаваць не проста журналістаў, а байцоў інфармацыйнага фронту. На жаль, да гэтага часу мы выяўляем у нашых структурах людзей, якія не падтрымліваюць дзяржаўную палітыку. А кадры ў любой установе — задача нумар адзін. Дзе іх браць? Прэзідэнтам прынята рашэнне пра стварэнне назіральнага савета на факультэце журналістыкі. Туды прызначаны новы кіраўнік, дэкан. Ён і кіраўнікі СМІ адказваюць сёння за падрыхтоўку спецыялістаў на журфаку. Пазіцыя такая: мы рыхтуем не проста журналістаў, мы рыхтуем, паўтаруся, байцоў інфармацыйнага фронту», — заявіў чыноўнік. 

    Логіка цяперашніх функцыянераў з шэрагу «жалезных»: паколькі з бюджэту накіроўваюцца «вялізныя рэсурсы» на забяспячэнне дзяржаўных СМІ, таму ўлады заканамерна разлічваюць на лаяльнасць тых, каго фінансуюць на розных этапах — ад студэнтаў да дзейных супрацоўнікаў.

    Чытайце яшчэ:

    У Батумі распачаў працу «Медыя Хаб» — прастора для медыйшчыкаў, якую стварылі беларусы

    Рэдактарка зіна PAMYŁKA: Трэба было дзесяць год валанцёрыць, каб пабачыць квантавы скачок у грамадстве

    Адхілены апеляцыі журналіста Вацлава Арэшкі і прафсаюзных лідараў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці