• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На пазоў Мінінфарма суд спыніў дзейнасць выдавецтва “Янушкевіч” – нібыта за “экстрэмісцкія матэрыялы”

    Эканамічны суд г. Мінска пазбавіў прыватнае выдавецтва "Янушкевіч" выдавецкай ліцэнзіі ў Беларусі. Судовы працэс адбыўся на падставе пазову Міністэрства інфармацыі. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным дакуменце ад 10 студзеня за подпісам суддзі Аляксея Русецкага.

    Згодна з судовым рашэннем, прэтэнзіі ў кантрольнага ведамства ўзніклі да прадукцыі выдавецтва – у прыватнасці, гаворка пра раман Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы”, гістарычнае даследванне Святланы Казловай “Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941–1944 гг.)”, а таксама пераклад дзіцячага вершыка Іосіфа Бродскага «Балада пра маленькі буксiр». Летась гэтыя выданні беларускія ўлады прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, а Мінфінфарм уключыў у свой “чорны спіс”. 

    “Пры такіх абставінах суд прыйшоў да высновы, што індывідуальным прадпрымальнікам Янушкевічам “выпушчаны ў свет” (арыгінальная лексіка захаваная, – БАЖ) друкаваныя выданні, якія ўтрымліваюць інфармацыю экстрэмісцкага характару… На падставе выкладзенага суд вырашыў: пазоўныя патрабаванні Міністэрства інфармацыі задаволіць”, — гаворыцца ў рэзалютыўнай частцы рашэння. 

    На практыцы гэта азначае, што дзейнасць пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ІП Андрэя Янушкевіча ў якасці выдаўца друкаваных выданняў №1/218 ад 11 сакавіка 2014 года спыняецца. Акрамя таго, з абвінавачанага ў “спрыянні экстрэмізму” ў даход рэспубліканскага бюджэта суд спаганяе 640 рублёў дзяржаўнай пошліны.  

    “Больш недальнабачнага, антыкультурнага, антыбеларускага кроку з боку Міністэрства інфармацыі ўявіць цяжка, — эмацыйна адрэагаваў на прысуд Андрэй Янушкевіч. — Адказна заяўляю: ніводнай “экстрэмісцкай”  кнігі мы не выдалі. Кожнае наша выданне мае свае мастацкія, навуковыя і пазнавальныя вартасці, кожнай мы ганарымся. І выдаючы іх, кіраваліся выключна культурнымі прынцыпамі, ігнаруючы палітыку і ідэалогію. Але культура — гэта не тое, што ўласціва чыноўнікам у Беларусі. Гэта для іх нешта незразумелае, таму небяспечнае. А Міністэрства інфармацыі “вітаем” у гісторыі, у якую вы зноў уваходзіце ў непрывабным выглядзе”.

    Андрэй Янушкевіч выдаваў рознажанравую кніжную прадукцыю, пераважна на беларускай мове, і апынуўся ў ліку першых, да каго ўлады выявілі падвышаны інтарэс. Так, у студзені 2021 года Дэпартамент фінансавых расследванняў Камітэта дзяржкантролю забраў тэхніку і заблакаваў рахунак выдавецтва, а ў сакавіку папрасілі супрацоўнікаў тэрмінова вызваліць мінскі офіс.

    Неўзабаве выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла новую пляцоўку «Кнігаўка», аднак пасля скаргі прапагандыстаў 16 мая ў памяшканне ўварваліся сілавікі, зладзілі ператрус і затрымалі Андрэя Янушкевіча разам з супрацоўніцай кнігарні Настай Карнацкай.

    Спачатку суд прызначыў ім па 10 сутак адміністрацыйнага арышту, але пасля яшчэ тройчы перазатрымлівалі і выносілі новыя абвінавачанні. Пасля адбыцця ў агульнай колькасці 28 дзён за кратамі (Насту Канацкую вызвалілі пасля 23 сутак) Андрэй Янушкевіч пакінуў Беларусь і цяпер жыве ў Польшчы. 

    “Падзенне ў «Западно-Русский край» ідзе поўным ходам, за намі – Масква! – не хавае роспачы ад антынацыянальнай палітыкі цяперашняга рэжыму Андрэй Янушкевіч. – І што ў выніку? У Беларусі дзеці і дарослыя не ўбачаць новых кніг пра Гары Потэра, Ведзьмара, Гаспадара Ледзянога Саду. Не будзе выданняў нобелеўскіх лаўрэатаў, бо менавіта дзякуючы нам загучалі па-беларуску галасы Маркеса, Памука, Ісігура. Сапраўды, навошта шведскія і польскія дэтэктывы па-беларуску, фантастыка ці фэнтэзі ад прызнаных майстроў жанру?”.

    Насуперак судовым рашэнням Андрэй Янушкевіч запэўнівае, што ягонае выдавецтва па-ранейшаму будзе выдаваць кнігі – на жаль, не ў Беларусі, але, на шчасце, з’яўляюцца новыя магчымасці за яе межамі. У прыватнасці, калектыў аднадумцаў ужо спазнаў рэальную народную падтрымку, дзякуючы ініцыятыве Беларускай рады культуры «Магістрат» .  

    Чытайце яшчэ:

    664 дні за кратамі: у Гродне пачынаецца суд над Анджэем Пачобутам

    Марыў стаць адвакатам, іграў панк-рок. Сем фактаў пра Анджэя Пачобута, якога пачалі судзіць у «польскай справе»

    Камітэт абароны журналістаў асудзіў вырак, які беларускі суд прызначыў журналістам Сняжане Інанец і Аляксандру Лычаўку

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці