Раман Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» ўлады Беларусі прызналі «экстрэмісцкім матэрыялам»
Пра гэта напісала праўладная газэта «СБ» у матэрыяле, прысьвечаным ціску на краму «Кнігаўка» і выдаўца Андрэя Янушкевіча.
Раман беларускага пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» ўлады прызналі «экстрэмісцкім». Пра гэта сам пісьменьнік, які жыве за мяжой, даведаўся з публікацыі ў дзяржаўнай газэце і паказаў фрагмэнт публікацыі ў сваім фэйсбуку.
Артыкул у газэце, падначаленай адміністрацыі Лукашэнкі, прысьвечаны ператрусу ў новай менскай кнігарні «Кнігаўка» на вуліцы Зьмітрака Бядулі, 6, куды напярэдадні прыйшлі прапагандысты Азаронак, Гладкая і Яскевіч. Яны задавалі ўладальніку Андрэю Янушкевічу правакацыйныя і зьдзеклівыя пытаньні. Затым сілавікі затрымалі самога Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні Насту Карнацкую.
Пазьней стала вядома, што Янушкевічу прысудзілі 10 сутак арышту. Акрамя таго, яны канфіскавалі ў яго 200 кніг, па 15 выданьнях будзе «праведзена экспэртыза».
Як адзначыла «СБ» у сваёй публікацыі, першы наклад «Сабак Эўропы», надрукаваны на замову выдавецтва «Янушкевіч» у Літве, арыштавалі беларускія службы на мяжы. Пазьней раман прызналі «экстрэмісцкім матэрыялам». У ім дзяржаўная экспэртыза нібыта знайшла «распальваньне сацыяльнай, палітычнай і ідэялягічнай варажнечы», а таксама «заклікі да масавых беспарадкаў дзеля незаконнага захопу ўлады».
«Сабакі Эўропы» — раман Альгерда Бахарэвіча, выдадзены ў 2017 годзе ў выдавецтве «Логвінаў». Раман складаецца з шасьці вялікіх гісторый, сплеценых у адну. У 2018 годзе кніга заняла 2 месца Прэміі Гедройца, што паслужыла прычынай заснаваньня альтэрнатыўнай Чытацкай прэміі для рамана «Сабакі Эўропы». Паводле раману Свабодны тэатар стварыў спэктакль, у сакавіку 2022 у Лёндане адбылася яго сусьветная прэм’ера.