• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рада Еўропы: «Cамацэнзура больш не абараняе журналістаў у Беларусі»

    У Беларусі чыстка закранула нават прапагандысцкі апарат і СМІ, якія да гэтага часу лічыліся нейтральнымі або лаяльнымі. Самацэнзура больш не абараняе журналістаў. А ў дзяржаўнай прэсе дастаткова згадкі адной «дрэннай» крыніцы ці няправільнага слова, каб наклікаць на сябе гнеў уладаў, адзначаецца ў гадавой справаздачы Рады Еўропы.

    Выява: Рада Еўропы

    Выява: Рада Еўропы

    У Беларусі чыстка закранула нават прапагандысцкі апарат і СМІ, якія да гэтага часу лічыліся нейтральнымі або лаяльнымі. Самацэнзура больш не абараняе журналістаў. А ў дзяржаўнай прэсе дастаткова згадкі адной «дрэннай» крыніцы ці няправільнага слова, каб наклікаць на сябе гнеў уладаў, адзначаецца ў гадавой справаздачы Рады Еўропы.

    Гэты дакумент называецца «Свабода прэсы ў Еўропе: час пераламаць сітуацыю». Абстаноўка ў Беларусі ў ім згадваецца некалькі разоў, і кожны раз у змрочных фармулёўках.

    — У 2023 годзе былі арыштаваныя больш за 20 беларускіх журналістаў, — сказана ў справаздачы. — Кожны другі з іх ужо асуджаны да зняволення паводле такіх абвінавачванняў як падтрымка экстрэмісцкай дзейнасці, распаўсюд экстрэмісцкага кантэнту, дыскрэдытацыя дзяржавы, удзел у тэрарыстычнай арганізацыі, падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

    У дакладзе нагадваюць, што КДБ аб’явіла Беларускую асацыяцыю журналістаў «экстрэмісцкай» арганізацыяй. Гэта пагражае ўсім незалежным медыйшчыкам, звязаным з БАЖам, атрымаць да 10 гадоў пазбаўлення волі.

    У справаздачы звяртаецца ўвага, што журналісты і іх сем’і часта сутыкаліся з аднымі і тымі ж дзеяннямі ўлады: раптоўны і непрапарцыйны ператрус, канфіскацыя прафесійнага абсталявання, прымусовыя прызнанні перад камерай, прымус адвакатаў да падпісання пагадненняў аб невыдаванні інфармацыі, судовы працэс за зачыненымі дзвярыма, а затым цішыня турэмнага зняволення або хатняга арышту.

    У дакуменце паведамляецца, што так званы «экстрэмісцкі» спіс расце кожны дзень. А папраўкі ў заканадаўстве, якія былі прынятыя ў ліпені 2023 года, дазваляюць Міністэрству інфармацыі забараніць замежныя СМІ «ў выпадку несяброўскага дзеяння замежных дзяржаў».

    У Радзе Еўропы звярнулі ўвагу на дыскрымінацыйныя дзеянні беларускай улады, якая забараніла сваім грамадзянам падаўжаць дзеянне пашпартоў за межамі краіны. А журналісты ў выгнанні цяпер могуць быць пазбаўленыя грамадзянства, калі раней яны былі асуджаныя паводле «антыдзяржаўных» абвінавачанняў.

    — Паралельна некаторыя краіны, якія сталі новым домам для СМІ ў выгнанні, робяць больш жорсткімі законы аб іміграцыі і пражыванні, — робяць акцэнт у справаздачы.

    Паводле звестак аўтараў справаздачы, 60% расійскіх і беларускіх супрацоўнікаў медыяў у выгнанні заручыліся той ці іншай дапамогай з боку ўрадавых і няўрадавых арганізацый, але 40% не атрымалі дапамогі. Сярод першачарговых запытаў журналістаў — фінансавая падтрымка, юрыдычная і візавая дапамога, дапамога з прафесійнай адукацыяй, доступ да мясцовых медыясупольнасцяў і псіхалагічная падтрымка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці