Палата прадстаўнікоў: Блакаванне сайтаў у Беларусі можна будзе абскардзіць у судзе
Абмежаванне доступу да інтэрнэт-сайтаў у Беларусі можна будзе абскарджваць у судовым парадку. Такія змены плануецца ўнесці ў законапраект аб змене заканадаўства аб СМІ, які дапрацоўваецца да другога чытання. Пра гэта паведамляецца ў адказе старшыні пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэя Наумовіча на зварот Партыі БНФ.
“Па папярэдніх выніках дапрацоўкі праекта закона да другога чытання, артыкулы 51.1 і 51.2 дапоўненыя адпаведна часткамі 8 і 5, якімі замацоўваецца права ўладальніка інтэрнэт-рэсурса, уладальніка сеткавага выдання абскардзіць у судовым парадку рашэнні аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурса, сеткавага выдання і рашэнне аб адмове ў аднаўленні доступу” – гаворыцца ў лісце Андрэя Наумовіча.
Нагадаем, што 19 красавіка Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла ў першым чытанні законапраект, які ўносіць сур’ёзныя змены ў заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.
Беларуская асацыяцыя журналістаў, а таксама шэраг нацыянальных і міжнародных арганізацый, прадстаўнікоў медыя называюць дакумент рэгрэсіўным і просяць істотна пераглядзець яго з улікам заўваг медыясупольнасці.
Адной з галоўных паправак, на ўнясенні якой у законапраект настойвае БАЖ, з’яўляецца прадастаўленне магчымасці судовага абскарджання рашэнняў аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў.