• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маеш крэатыўную ідэю – атрымай прыз: Гомельская філія падвяла вынікі працы

    Гомельская філія ГА “БАЖ” 30 лістапада на сваім сходзе падсумавала вынікі працы ў 2017 годзе.  Філіі ўдалося ажыццявіць, па сутнасці, усё, што планавалася. Сябры БАЖ вучыліся: зладзілі семінары і майстар-класы па асвятленні ў СМІ сацыяльна-эканамічных тэмаў, засвойвалі тэхнічныя асаблівасці відэаздымкаў, мастацкія прыёмы ў відэарэпартажах і тэленарысах. Трэнерамі выступілі калегі з агульнанацыянальных сродкаў масавых інфармацый ды мультымедыйных парталаў.

    Напярэдадні 31‑х угодкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС журналісты філіі ў межах “Эстафеты добрых спраў” наведалі самасёлаў у вёсцы Савічы Брагінскага раёна, у тым ліку аказалі дапамогу шматдзетнй сям’і Ірыны Палявой і Аляксандра Анапрыенкі.

    У траўні на Юр’е, зладзіўшы прэс-тур, гомельскія журналісты “адмыкалі зямліцу” ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна, дзе існуе народны абрад «Юраўскі карагод”. Ён першы ў Беларусі атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, а зараз робяцца захады прадставіць яго ў ЮНЭСКА на залічэнне ў шэраг помнікаў нематэрыяльных каштоўнасцяў міжнароднага значэння.

    Сход у верасні вызначыў дыпламанта штогадовага конкурсу “За адданасць прафесіі”, у якім бралі ўдзел сябры ГА “БАЖ” з іншых рэгіёнаў краіны. Пераможцам прызнаны Яўген Меркіс.

    Каля двух дзясяткаў разоў гомельскім бажаўцам давялося праяўляць салідарнасць з калегамі, якія зведалі пераслед за супрацу з замежнымі СМІ. Адметная акалічнасць у тым, што ў градзянскіх справах суды задавольваюць хадайніцтвы на ўдзел у працэсе па даверанасці прадстаўніка ГА “БАЖ”, у адміністрацыйных, якіх найбольш, наадварот, адхіляюць.

    У кастрычніку гомельская філія адгукнулася на лёс французскага падарожніка Жаляна Віё, які з‑за “сувенірнага патрона” патрапіў у Гомельскі следчы ізалятар. Бажаўцы сабралі французу харчовую перадачу, мелі сустрэчу з кіраўніцтвам ізалятара наконт умоваў утрымання замежніка — той скардзіўся ў лістах сябрам і сваякам у Францыі, што “хутка пакрыецца ільдом”. Гісторыя Жаляна і суд над ім сталіся нагодай для шматлікіх публікацый, радыёперадач і відэасюжэтаў.

    Агульнае меркаванне ўдзельнікаў сходу: найлепшая сёлетняя справа на рахунку філіі – арганізацыя вандроўкі на малую радзіму Святланы Алексіевіч у мястэчка Капаткевічы Петрыкаўскага раёна і сустрэча там Нобелеўскай лаўрэаткі з аднакласнікамі. Па выніках вандроўкі яе ўдзельнікі падрыхтавалі звыш дзясятка публікацый у розных СМІ, у тым ліку і на сайце БАЖу.

    Асобным пунктам на сходзе сталася планаванне дзейнасці філіі на 2018 год. Ладзілася гэта ў выглядзе “мазгавога штурму” – з уручэннем прызоў за найбольш крэатыўныя ідэі.

    Гомельскія журналісты маюць удзельнічаць у конкурсе творчых прац да 100-годдзя стварэння БНР і зладзяць экспедыцыю па мясцінах вядомага літаратурнага персанажа з Гомеля — краўца Лазіка Ройтшванеца. Такую ідэю выказаў Мікалай Бянько і атрымаў першы прыз. Прызамі за крэатыўныя ідэі ўганараваныя таксама Ларыса Шчыракова і Юры Варонежцаў.

    У планах філіі на будучы год – перфоманс “Нашы правы”, арганізацыя рэйдаў, творчая вандроўка на ўкраінскую Чарнігаўшчыну, якая звязана з Беларуссю гістарычна і культурна.

    Гомельскія бажаўцы настроены плённа працаваць і зладзіць супольны адпачынак з выяўленнем талентаў па-за межамі прафесіі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці