Гомельскага журналіста Меркіса аштрафавалі за «лаянку»
2 траўня ў Навабеліцкім судзе Гомлю разгледжаны адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП) у дачыненьні да журналіста-фрылансэра, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Яўгена Меркіса.
Судзьдзя Сяргей Новікаў аштрафаваў абвінавачанага ў «лаянцы» Меркіса на 5 базавых велічыняў. Міліцыянты затрымалі журналіста 30 красавіка, калі ён выйшаў з дому, і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. Пра сваё затрыманьне Яўген Меркіс пасьпеў паведаміць сябрам праз SMS.
Калегі мяркуюць, што гэта было прэвэнтыўнае затрыманьне, каб ён ня змог 1 траўня весьці жывую трансьляцыю зь мітынгу, які ладзілі ў Гомлі дэмакратычныя актывісты.
Сёлета за стрым акцыяў пратэсту «недармаедаў» у Рагачове, Магілёве і Пінску агулам Меркіса аштрафавалі на 70 базавых велічыняў. Некалькі дзён таму Яўген вёў анлайн-трансьляцыю выхаду на волю з ізалятару гомельскага блогера Максіма Філіповіча.