Гомельскім журналістам такі вынеслі папярэджанні, у суботу іх выклікаюць у міліцыю ў 10:00
Гомельскім незалежным журналістам Марыі Булавінскай, Сяргею Ляпіну, Марыне Драбышэўскай і Яўгену Меркісу 24 сакавіка гомельская пракуратура вынесла папярэджанні аб недапушчальнасці супрацоўніцтва з тэлеканалам "Белсат" без акрэдытацыі. У суботу раніцай журналістаў выклікаюць у міліцыю.
У пятніцу незалежныя журналісты ад самай раніцы пачалі атрымліваць запрашэнні праз тэлефон, а потым і позвы аб неабходнасці з’явіцца ў пракуратуру у другой палове дня.
У выніку пракуратура вынесла карэспандэнтам папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб СМІ. У прыватнасці, супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі. Журналісты расцэньваюць дадзеныя папярэджанні як ціск перад запланаванай на 25 сакавіка акцыяй, якую «Белсат» збіраецца актыўна асвятляць.
Апроч гэтага на 10 гадзін раніцы ў суботу журналістаў Марыю Булавінскую, Марыну Драбышэўскую і Яўгена Меркіса выклікаюць у міліцыю нібыта для складання пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пра якое парушэнне журналісты пакуль не ведаюць і мяркуюць, што гэта будзе проста спроба інтэрнаваць іх перад працай на акцыі.
Нагадаем, што толькі ўчора Меркіс быў аштрафаваны на 30 базавых велічыняў за асвятленне акцыі ў Рагачове.
Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2017 годзе (Табліца, абнаўляецца)