Меркісу — штраф 30 базавых за асвятленне «акцыі недармаедаў» у Рагачове
Суд Савецкага раёна Гомеля прызнаў Яўгена Меркіса вінаватым ў парушэнні арт. 22.9 ч. 2 КаАП РБ — "незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ". Пакаранне Меркісу — штраф 30 базавых велічынь (690 рублёў).
Яўген Меркіс вёў наўпроставы рэпартаж для тэлеканала “Белсат” падчас акцыі пратэсту ў Рагачове 12 сакавіка.
«Сваёй віны я не прызнаю, бо збіраў інфармацыю пра людзей у нядолі, выконваў свае прафесійныя абавязкі сумленна і шчыра», — гаворыць Яўген Меркіс.
14 сакавіка ў РУУСе Савецкага раёна Гомеля на Меркіса быў складзены пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Пратакол складала следчая К. С. Палякова.
Меркісу прадэманстравалі раздрукоўкі з інтэрнэту з яго выявамі, а таксама відэа з трансляцый тэлеканала “Белсат”.