Без парты і дошкі: 7 спосабаў падвучыць беларускую мову
Спадзяемся, вы з тых, хто даўно ўсталявалі беларускую мову інтэрфэйсу на ўсіх сваіх гаджэтах, падпісаліся на Лізу Ветраву, а перад сном замест скандынаўскага дэтэктыва чытаеце тлумачальны слоўнік ці «Новую зямлю» (ёсць шыкоўнае новае выданне).
Калі вы гатовыя да наступнага кроку, Sojka прапануе некалькі рознабаковых магчымасцяў, якія дазволяць дадаць дробачку беларускай мовы ў вашу штодзённасць.
Запісацца на анлайн-курс
Калі вы шукалі курсы беларускай мовы, дзе не трэба ўстаўляць прапушчаныя літары і знакі прыпынку, а можна проста размаўляць і ў жывой камунікацыі вывучаць новыя словы і пераадольваць моўны бар’ер, то мы знайшлі варыянт акурат для вас.
Інтэрактыўныя курсы для дарослых беларусаў заснавала аўтарка інстамага «Беларуская мова пакрысе» Паліна Маслянкова. Курсаў усяго два: для тых, хто толькі плануе перайсці на беларускую, і для тых, хто ўжо размаўляе, але хоча паглыбіць свае веды.
Уступіць у размоўны клуб
Калі вам хочацца больш размаўляць на абсалютна розныя тэмы, то паспрабуйце варыянт размоўнага клуба «Вольная мова». Гэта платформа анлайн-сустрэч для людзей, якія хацелі б зрабіць сваю пасіўную беларускую мову актыўнай.
Стваральнікі платформы распрацавалі тэлеграм-бот «Вусень Гутарыч», дзе можна абраць тэму і запісацца на наступную гутарку. Тэмы для абмеркавання бываюць самыя розныя: ад беларускага футбола і шортліста Гедройця да праблемаў, ці варта рабіць з дзецьмі хатнія заданні.
Далучыцца да кніжнага клуба
Чытаць кнігі на беларускай мове — гэта самы відавочны метад паляпшэння навыкаў валодання ёю. Але што, калі яшчэ і дыскутаваць пра чытво разам?
У Менску ёсць чытацкі клуб «З мовай», дзе аматары літаратуры абмяркоўваюць прачытаныя творы, сярод якіх «Золата» Ядвігіна Ш., «Радзіва Прудок» Андруся Горвата, «Каханне падчас халеры» Маркеса ды інш.
Калі Менск ад вас далёка, то пашукайце кніжныя клубы ў вашым горадзе. Або далучыцеся, напрыклад, да анлайн-клуба «Карабель».
Наведваць заняткі ў вашым горадзе
Вялікі выбар анлайн-актыўнасцяў толькі павялічыў каштоўнасць жывой камунікацыі. Таму, калі ў вашым горадзе ёсць заняткі беларускай мовы, паспрабуйце наведаць іх хаця б з цікаўнасці. У шматлікіх гарадах свету працягваюць існаваць самыя масавыя курсы «Мова Нанова». Праверце, ці ёсць яны ў вашым горадзе.
У Менску ў прасторы «Парасон Арт» існуе шмат гурткоў для дзяцей і дарослых, і адзін з іх — творча-размоўная суполка «ШтурШок».
А ў Вільні штосераду можна наведваць заняткі «Беларуская мова з Вінцуком Вячоркам», дзе вядомы мовазнаўца дзеліцца сваімі ведамі, дае заданні і адказвае на пытанні ўдзельнікаў.
Праходзіць анлайн-тэсты
Анлайн-тэстаў па беларускай мове можна знайсці шмат: ад тых, што правяраюць школьныя граматыку, правапіс і пунктуацыю, да тых, якія выяўляюць вашы агульныя веды. Напрыклад, на платформе Оnlinetestpad можна прайсці самыя розныя тэсты: пра Ў нескладовае і пра «Народны альбом».
Яшчэ адна платформа для тэстаў — Wordwall, на якой таксама можна знайсці шмат тэстаў па беларускай мове ад розных аўтараў і настаўнікаў. Напрыклад, адрозніць Купалу ад Коласа паводле фактаў з іх біяграфій ці творчасці, адгадаць аўтараў цытат ці спалучыць назвы ягад з іх выявамі.
Таксама цікавыя тэсты можна знайсці на сайтах медыяў: напрыклад, тут і тут.
Усталяваць мабільную праграмку з заданнямі
Нядаўна з’явілася аплікацыя Mova 2.0, якую можна ўсталяваць на мабільную прыладу (пакуль на Андроід) і практыкавацца анлайн, пакуль едзеш у транспарце або чакаеш у чарзе.
Праграма створаная так, што спачатку даецца лексіка або правіла, а потым інтэрактыўныя практыкаванні на замацаванне. Апроч таго, можна прайсці выніковыя тэсты па лексіцы і граматыцы, ёсць цікавыя факты і звесткі да кожнай тэмы, а таксама крутая функцыя персанальнага слоўніка, куды можна заносіць словы для запамінання.
Пагартаць шпаргалкі з правіламі
Дарэчы, а вы ведалі, што па-беларуску шпаргалкі завуцца шпакамі? Вось такіх шпакоў з дыялогамі, слоўнікамі і правіламі Onliner рабіў у межах праекта «Пашпарт грамадзяніна». Гэта візуальна прывабныя і лінгвістычна грунтоўныя карткі, у якіх распісаныя шматлікія цяжкасці беларускай мовы: і адмысловае кіраванне (хварэць на грып ці грыпам? звярнуцца за дапамогай ці па дапамогу?), і этыкетныя формулы (Бывай! Вітанкі! На спажытак!), і ступені параўнання прыметнікаў (кніга цікавей за фільм ці цікавейшая?)
Чытайце яшчэ:
З’явіўся анлайн-слоўнік адпаведнікаў з рускай мовы. Ён змяшчае больш за 77 тысяч слоў і ўстойлівых выразаў
Дыскрымінацыя беларускай мовы: даследаванне Аліны Нагорнай даступна ў чатырох моўных версіях
З Корпусу беларускай мовы прыбралі публікацыі незалежных медыяў