Вадзім Мажэйка: Сезон палявання на відэаблогераў. Як не трапіць у пасткі?
Ці то абразіў прэзідэнта, ці то пазычыў лагатып БТ
Раней недзяржаўныя медыя змагаліся за паперу для друку газеты і доступ да шапікаў “Белсаюздруку”. Новая эпоха – новыя формы, а змаганне ўсё тое ж. Матэрыялам для незалежных відэаблогаў выступае не газетная папера, а нарэзка відэа; канал распаўсюду – не паліца ў шапіках, а відэахостынгі ды сацыяльныя сеткі. І хоць доступ да гэтага канала на першы погляд непараўнальна болей вольны, але і за яго трэба весці барацьбу, часам – з тактычнымі адступленнямі.
Напрыклад, папулярны відэаблогер NEXTA (сапраўднае імя — Сцяпан Пуціла) быў вымушаны прыбраць значную частку відэа са свайго канала ў YouTube, страціўшы мільёны праглядаў. Уся справа ў тым, што беларускія ўлады знайшлі эфектыўны спосаб ціску на хлопца праз сусветна вядомы відэахостынг. Як сцвярджае відэаблогер, супрацоўнікі дзяржаўнага тэлебачання — БТ, СТБ, а потым і АНТ — скардзіліся на парушэнне аўтарскіх правоў: ад лагатыпаў тэлеканалаў да ўласна відэашэрагу. Бо творчы падыход NEXTA — мантаж фрагментаў чужых відэаролікаў са сваім фонавым каментаром. Строгі YouTube выдаліў два такіх відэа, а яшчэ два заблакаваў, і NEXTA быў вымушаны прыбраць астатнія, бо надалей яму пагражала блакіроўка канала.
За гэтай ініцыятывай тырчаць вушы палітычнай матывацыі. Беларускую ўладу раздражнялі надзвычай папулярныя ролікі NEXTA, якія месцамі створаныя ў лепшых традыцыях “Хартыі”: пафасная крытыка ўлады, штучны хайп у загалоўках, часам тыя ж праблемы з першакрыніцамі. Спачатку метады ціску былі досыць традыцыйныя: у бацькоўскай хаце Сцяпана Пуцілы яшчэ ў лютым прайшоў ператрус, былі сканфіскаваныя ноутбук і відэакамера, гаворка вялася пра патэнцыйную справу за абразу прэзідэнта. Але праз некалькі дзён пасля выдалення відэа NEXTA атрымаў ліст ад міліцыі, у якім адзначалася, што “было прынятае рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы”, а тэхніку можна забіраць.
Відавочна, што вытокі справы не ў святым змаганні за аўтарскія правы. Проста ціснуць праз правілы YouTube атрымалася цывільней, чым пра крымінальную справу за абразу прэзідэнта. Зрэшты, як дэманструе кейс Матолькі і ягонага фотаздымка, што выкарыстала беларускае тэлебачанне, дык бачна, што на Макаёнка, 9 вельмі гнутка ставяцца да павагі аўтарскіх правоў, калі тэлевізійшчыкам гэта зручна.
Відэаблогеры пад стратэгічным прыцэлам
Ціск на Сцяпана Пуцілу – не выключны выпадак, а хутчэй што частка новага сістэмнага падыходу. Улада заўважыла блогераў і выкарыстоўвае звыклыя метады. Ад ператрусаў і пагрозы завесці крымінальную справу, як у выпадку з NEXTA, да афіцыйных выклікаў у РУУС і неафіцыйных — у КДБ. Пастаянна мільгаюць навіны пра затрыманні берасцейскага відэаблогера Сяргея Пятрухіна, які асвятляе пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Аналагічныя праблемы ў яго паплечніка з Бярозы Аляксандра Кабанава. А падчас дармаедскіх пратэстаў мінулага году міліцыя мэтанакіравана выхоплівала з абуранага натоўпу відэаблогера Максіма Філіповіча. Дарэчы, на стрымах “Радыё Свабода” тады можна было пабачыць, як простыя людзі адбівалі яго ў сілавікоў і потым праводзілі на вакзал — сведчанне лаяльнасці аўдыторыі.
Улічваючы ступень арыентацыі беларускага чынавенства (і асабліва сілавікоў) на Расію, то і не дзіва. Там відэаблогеры ўжо сталі значным чыннікам палітычнага працэсу, незалежнымі крыніцамі інфармацыі ў сучасным фармаце. І праз гэтыя новыя медыя ўжо можна распаўсюджваць заклікі да вулічных пратэстаў, на якія адгукаюцца натоўпы абуранай моладзі. Зрэшты, самы папулярны апазіцыянер сённяшняй Расі Аляксей Навальны — таксама відэаблогер.
Крамлёўскія ўлады спрабуюць уплываць на новы асяродак не толькі рэпрэсіямі (хоць і іх хапае), але ў тым ліку мяккімі метадамі, наладжваць кантакт. Так, яшчэ вясной мінулага году з відэаблогерамі сустракаўся міністр культуры Расіі Уладзімір Мядзінскі, відэаблогерша з амаль што пяццю мільёнамі падпісантаў Саша Спілберг выступала перад дэпутатамі Думы, а на фільм “Узламаць блогераў” дзяржава выдаткавала сто мільёнаў рублёў. Відаць, нешта выдаткоўваюць і на саміх блогераў, каб яны добра пісалі пра ўлады і іх ініцыятывы (як тое было перад выбарамі мэра Масквы).
Беларускія ўлады можа і хочуць ствараць сетку лаяльных блогераў, але пакуль не тое, каб паспяхова. Дастаткова ўзгадаць “500 блогаў БРСМ”. Таму застаецца толькі рабіць падробкі пад вядомых відэаблогераў, каб быццам ад імя выліць бруд на рэгіянальных актывістаў. Напрыклад, ролікі відэаблогера Уладзімера Мунякіна пераагучылі так, быццам ён там крытыкуе аршанскага незалежнага прафсаюзнага лідара Васіля Бераснева. А каб узвесці паклёп на віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава, нехта стварыў некалькі фэйкавых акаўнтаў на YouTube ад імя экстравагантнага актывіста Ігара Паснова (хоць той насамрэч відэаблогерам і не з’яўляецца).
Са зброі ворага можна толькі застрэліцца
Як бачым, сваёй паспяховай актыўнасцю беларускія відэаблогеры сканцэнтравалі на сябе ўвагу не толькі грамадскасці, але і дзяржавы. Таму цяпер ім трэба быць пільнымі і не падстаўляцца.
Вернемся да аналогіі з недзяржаўнымі газетамі часоў станаўлення незалежнай Беларусі. Так, дзяржава не мусіць ствараць штучных перашкод на шляху працы незалежных медыя, як то перашкаджаць набываць паперу альбо шукаць любыя механізмы, каб заторкнуць рот асабліва з’едліваму відэаблогеру. Але аўтарскія правы ўсё адно варта паважаць, бо відэаблогеры ж не БТ! Змагацца з ворагам вольных медыя, выкарыстоўваючы тыя ж метады, што і гэтыя ворагі — сумнеўная справа (і гэта тычацца як стварэння фэйкаў, гэтак і непавагі да аўтарскіх правоў).
Як не выйсцем для недзяржаўнай прэсы ў 1990‑я было красці паперу, гэтак і для відэаблогераў у 2018 годзе не выйсце красці відэазапісы дзяржаўнага тэлебачання. Безумоўна, няма сумневаў, што кадры БТ у роліках NEXTA былі пераапрацаваныя, і выніковы прадукт – гэта прадукт аўтарскай творчасці (што і прываблівала гледачоў). Але будаваць аўтарскую творчасць па змаганні з рэжымам на відэаздымках, якія належаць гэтаму ж рэжыму, – не толькі двухсэнсоўна, але, як бачым, і наўпрост небяспечна. У выніку відэа будуць пад пагрозай нават не беларускіх законаў, а амерыканскіх.
Зрэшты, гэта ўсё зразумелыя складнасці часоў росту. Масавае відаэблогерства — маладая для Беларусі з’ява, ды і самому Сцяпану Пуцілу толькі 19 год. Галоўнае — своечасова заўважаць рызыкі, і ад сумнеўных практык пераходзіць да больш прафесійнай працы, тады беларускія ўлады не змогуць заторкнуць рот скаргай у YouTube.