Краіна без аўтарства. Вярхоўны суд адхіліў зыск Матолькі да БТ
Суддзя Вярхоўнага суда Віктар Коўшун вырашыў, што фотаздымкі блогера — усё ж не вынік творчай дзейнасці. Адпаведна, і аўтарскія правы на іх не распаўсюджваюцца. Пазоў Матолькі і патрабаванні спагнаць з БТ 1 капейку кампенсацыі не задаволілі.
Прадстаўнікоў Белтэлерадыёкампаніі на абвяшчэнні рашэння суда не было.
Нагадаем, што Антон Матолька пайшоў у суд пасля таго, як ягоныя фотаздымкі паўночнага ззяння паказалі ў навінах на канале «Беларусь 1». Дазволу на выкарыстанне фатаграфій у блогера ніхто не спытаў. А калі Антон напісаў ліст у дырэкцыю Белтэлерадыёкампаніі, то замест выбачэнняў атрымаў адпіску ад Генадзя Давыдзькі, у якой сцвярджалася, што «ўсё ў парадку». Тады Матолька вырашыў судзіцца.
Спачатку ён хацеў спагнаць з БТ больш за 20 мільёнаў «старых» рублёў, аднак потым папрасіў, каб яму сплацілі 1 рубель. Пасля дэнамінацыі Матолька заявіў, што хоча атрымаць ад тэлекампаніі 1 капейку. Такая невялікая сума звязаная з тым, што блогер лічыць працэс паказальным, і, сцвярджае ён, асноўная мэта была не зарабіць, а «нагадаць, што красці здымкі — нядобра».
Эксперт, да якога звярнуліся, каб правесці мастацкую экспертызу фотаздымкаў, Андрэй Чупрынскі — загадчык кафедры кінатэлеаператарства факультэта экранных мастацтваў Беларускай акадэміі мастацтваў — матолькавы здымкі творчасцю не прызнаў. Суд не знайшоў прычын не давяраць высновам эксперта.
Да таго ж, Матолька павінен будзе яшчэ заплаціць Чупрынскаму за яго «экспертызу» 89 рублёў 40 капеек.
Рашэнне суда набыло моц і не можа быць абскарджанае.