• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзень абаронцаў айчыны. Калі прага да свабоды перамагае

    Літва 13 студзеня адзначае Дзень абаронцаў Айчыны. У гэты дзень у 1991-м загінула 13 чалавек, каля 500 атрымалі траўмы і раненні. У абароне незалежнасці Літвы ўдзельнічалі і беларусы пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

    “Талака” і “Саюдзіс”

    У другой палове 1980‑х на хвалі перабудовы, абвешчанай генсекам КПСС Міхаілам Гарбачовым, у Літве, як і ў іншых рэспубліках СССР, пачалі ўтварацца незалежныя грамадскія аб’яднанні. Першым у сакавіку 1987 годзе ўзнікла экалагічнае аб’яднанне “Žemy­na” (“Зямля-Маці”), праз месяц — таварыства аховы помнікаў “Tal­ka” (“Талака”).

    У 1988 годзе па ініцыятыве прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі быў заснаваны “Літоўскі рух за перабудову”, які ў хуткім часе пачалі клікаць проста “Рух” (па-літоўску гучыць як “Саюдзіс”). Спачатку мэты Саюдзісу бачылі ў развіцці культуры, дэмакратыі, эканомікі, прычым, у супрацы з Камуністычнай партыяй Літвы. Але ўжо ў лютым 1989-га Саюдзіс абвясціў, што галоўнай сваёй мэтай ён бачыць аднаўленне незалежнасці краіны, якую тая страціла ў 1940‑м, пасля ўваходу ў склад СССР.

    Гэта дало “Саюдзісу” вялікую падтрымку сярод літоўцаў. На выбарах у Вярхоўны Савет СССР у 1989‑м ягоныя прадстаўнікі атрымалі 36 месцаў з 42, выдзеленых для Літвы. У лістападзе 1989-га старшынёй “Саюдзісу” быў абраны Вітаўтас Ландсбергіс. Трыюмфальнымі для “Саюдзісу” былі выбары ў Вярхоўны Савет Літоўскай ССР у лютым 1990-га: ягоныя прадстаўнікі атрымалі 101 магндат з 141. І амаль адразу пасля фармавання складу Савету, 11 сакавіка 1990 г., ім быў прыняты Акт аб аднаўленні незалежнасці Літвы.

    Літоўскі візіт Гарбачова

    Сітуацыя ў Літве яшчэ да гэтага была галаўным болем для савецкага кіраўніцтва. Яшчэ ў снежні 1989-га КПЛ на чале з тагачасным першым сакратаром Альгірдасам Бразаўскасам абвясціла аб сваім выхадзе з КПСС. Каб разруліць сітуацыю ў Вільнюс накіраваўся сам Гарбачоў. Ягоны візіт адбыўся роўна за год да драматычных падзеяў — 11–13 студзеня 1990-га.

    Плёну гэты візіт ня даў. КПЛ так і засталася расколатай. З тых камуністаў, якія засталіся вернымі цэнтру, была ўтворана новая камуністычная партыя — КПЛ (КПСС), якую ўзначаліў Міколас Буракявічус. Размаўляючы з людзьмі, якія сабраліся перад кафедральным саборам, савецкі лідар казаў пра неабходнасць распрацоўкі механізма выйсця рэспублік са складу СССР, што, фактычна, было прызнаннем магчымасці аддзялення.

    Што б ня меў тады на ўвазе Гарбачоў, гэтыя словы былі ўспрынятыя прыхільнікамі незалежнасці як натхняльныя. Шмат хто ў далейшым ацэньваў той студзеньскі візіт Гарбачова ў Вільнюс як пачатак закату ягонай палітычнай кар’еры. Добра ілюструе сітуацыю фраза тагачаснага міністра абароны СССР Дзмітрыя Язава, прамоўленая ім у студзені 90-га: “Калі адна з рэспублікаў сыйдзе, дык Гарбачоў кончаны, але калі ён выкарыстае сілу, каб гэтаму перашкодзіць, таксама”.

    Санкцыі і прызыў у войска

    Гарбачоў абраў менавіта другі варыянт. 18 красавіка супраць Літвы былі ўведзены, фактычна, эканамічныя санкцыі, якія абмяжоўвалі пастаўкі сыравіны (у першую чаргу — нафты). Яшчэ да гэтага аддзелы дэсантных войскаў савецкай арміі занялі шэраг грамадскіх будынкаў, у тым ліку — будынак гаркаму КПЛ.

    Але літоўцы не зламаліся. Адзінае, чаго здолеў дамагчыся Гарбачоў, гэта згоды на прыпыненне на 100 дзён дзейнасці Акту аб аднаўленні незалежнасці, у абмен на што 2 ліпеня 1990-га былі зняты санкцыі.

    Да пачатку наступнага году эканоміка Літвы апынулася ў складанай сітуацыі, што было тыповай з’явай у рэспубліках СССР, які ўступіў у апошні год свайго існавання. Але савецкае кіраўніцтва прызнаваць канец “вялікага і магутнага” катэгарычна адмаўлялася. І ўскладала свае спадзяванні на сілу. Эканамічныя праблемы — добрая “мутная вада”, дзе тыя, хто прагнуў захавання СССР, плянавалі вылавіць сваю рыбку.

    3 студзеня 1991-га урад Літвы прыняў рашэнне аб увядзенні нармавання прадуктаў харчавання, а праз чатыры дні было абвешчана пра павышэнне цэн на гэтыя прадукты. Адначасова аддзелы савецкіх войскаў працягнулі браць пад свой кантроль грамадскія будынкі ў літоўскіх гарадах. Таксама саюзны цэнтр паспрабаваў ажыццявіць набор маладзёнаў у савецкае войска, чаго не атрымалася здзейсніць у мінулым годзе, бо тыя ж літоўцы, зразумела, не жадалі ісці служыць у чужую для сябе армію імперыі.

    Дзеля гэтага Гарбачоў 4 студзеня выдаў адпаведны загад, а з 7 студзеня ў Літве пачаў выконвацца загад Язава аб прымусовым наборы літоўцаў у войска. Займацца гэтым мусілі аддзелы дэсантных войскаў, адмыслова для гэтага ўведзеныя ў літоўскія гарады. Праз гэта літоўскія маладзёны пачалі хадзіць па вуліцах невялікімі групамі, бо лічылася, што некалькіх чалавек складаней затрымаць, чым аднаго.

    Правакатары з “Единства”

    На наступны дзень пачаліся правакацыі супраць Вярхоўна савету ЛітССР і ўраду. Побач з будынкам быў арганізаваны мітынг КПЛ (КПСС) і арганізацыі “Единство”, якія стаялі на антынезалежніцкіх пазіцыях. Тады гэтая практыка ажыццяўлялася даволі шырока: цэнтр утвараў “на месцах” (у рэспубліках) арганізацыі, якія мусілі выражаць “волю народаў” на захаванне СССР.

    Нешта падобнае можна было назіраць пад час Грамадзянскай вайны і ў канцы 1930‑х гадоў, калі ў розных краінах, якія ўзніклі пасля распаду Расійскай Імперыі, раптам узнікала групка, якая абвяшчала сябе “ўрадам рабочых і сялянаў” і клікала на дапамогу Чырвоную армію. Якая, канечне, прыходзіла і ратавала “братоў” ад буржуазна-нацыяналістычнага прыгнёту.

    У канцы існавання СССР гэты механізм ажыццяўляўся настолькі тапорна, што выклікаў шматлікія жарты, кшталту аповеду пра бабульку, якая пабачыла на вуліцы “нацыяналістаў” і тут жа з тэлефоннага аўтамата (былі тады такія, званок адкуль каштаваў дзьве савецкія капейкі) выклікала бамбардыроўшчыкі. Гэты жарт, дарэчы, прагучаў з экранаў тэлевізараў на ўвесь Саюз з вуснаў папулярнага тады артыста эстрады Генадзя Хазанава.

    Абаронім незалежнасць!

    Пасля таго як удзельнікі мітынгу “Единства” і КПЛ (КПСС) паспрабавалі ўварвацца ў будынак парламенту, Ландсбергіс выступіў на тэлебачанні з заклікам да літоўцаў прыйсці і абараніць сваю незалежнасць. Гэты заклік прывёў у рух літаральна ўсю краіну. З усіх раёнаў у сталіцу пачалі прыязджаць людзі.

    Мой сябра Рымас, які тады жыў у Каўнасе і завочна вучыўся ў адным з віленскіх інстытутаў, адпрасіўся з працы (з гэтым, ён кажа, праблемаў не было аніякіх) і таксама накіраваўся ў Вільнюс, абараняць парлямент і незалежнасць.

    Ён кажа, што калі ён прыехаў на вакзал і пайшоў да сеймасу, склалася ўражанне, што ў Вільнюс ужо з’ехалася ўся Літва. А людзі, тым ня менш, усё працягвалі прыязджаць — цягнікамі (пакуль яны не спынілі рух), аўтобусамі, аўтамабілямі. Пры гэтым у горадзе панавалі салідарнасць, дабразычлівасць і памкненне дапамагаць адзін адному — хто чым можа.

    Прайсці пешшу было амаль немагчыма — адразу побач спыняліся аўтамабілі і кіроўцы прапаноўвалі адвезці, куды табе было трэба. Для тых, хто прыехаў з іншых гарадоў, не было аніякіх праблемаў з размяшчэннем: Рымасу, напрыклад, адразу далі паперку з адрасам школы і схемай, як да яе прайсці, дзе можна было начаваць. Калі трэба было патэлеванаваць дахаты, можна было зайсці ў любую кватэру, і гаспадары дазвалялі скарыстацца сваім тэлефонам. І ня толькі дазвалялі патэлефанаваць па “міжгораду”, але ў дадатак паілі гарбатай і частавалі чым-небудзь. Да будынку сейма ежу прывозілі гатовай ці гатавалі яе тут жа, на распаленых вогнішчах, вакол якіх і грэліся, бо было досыць халодна.

    Барыкады

    Шмат у каго былі радыёпрымачы, таму навіны атрымлівалі аператыўна. Ужо было вядома пра зварот Гарбачова да парламенту Літвы з патрабаваннем “аднавіць дзейнасць Канстытуцыі СССР” і пра тое, што ў Вільнюс перакідваюцца аддзелы Пскоўскай дэсантнай дывізіі. Адбыліся захопы будынку Дэпартаменту аховы краю і Дома друку. Прычым у апошнім выпадку была прыменена зброя, былі параненыя і збітыя, у тым ліку, жанчыны. На вуліцах гораду з’явілася савецкая бранетэхніка.

    У адказ на гэта людзі пачалі будаваць вакол парламенту барыкады. Для гэтага выкарыстоўвалі арматуру, якую цягнулі з бліжэйшай будоўлі. Другім месцам, дзе збіраўся народ, была пляцоўка перад віленскай тэлевежай. Гэтая вежа, як і радыёкамітэт, забяспечвалі інфармаванне людзей ва ўсім свеце пра падзеі ў Літве.

    Увечары 12 студзеня Рымас быў каля тэлевежы. У гэты час з Паўночнага вайсковага гарадку выйшла калёна тэхнікі, у тым ліку, грузавікі з байцамі спецаддзелу КДБ СССР “Альфа”. З’явіліся чуткі, што яны рушаць на парлямент, таму значная частка людзей кінулася ад тэлевежы туды, у перакананні, што асноўныя падзеі будуць там. Накіраваўся да парламенту і Рымас. Там ён, як і ўсе астатнія, слухаў у простым эфіры рэпартаж пра захоп радыёкамітэту. Трансляцыя йшла да апошняга, пакуль савецкія жаўнеры не спынілі яе. Але маўчанне было нядоўгім: тут жа падключылася радыёстанцыя Каўнасу, які быў абвешчаны ў гэты момант “часовай сталіцай Літвы”.

    Толькі зранку стала вядома, што ў выніку штурму тэлевежы групай “Альфа” пры падтрымцы бранетэхнікі ад стрэлаў з боку савецкіх войскаў і пад гусеніцамі і коламі баявой тэхнікі загінулі 14 чалавек, яшчэ каля 500 былі паранены.Але гэтыя навіны толькі павялічылі жаданне літоўцаў адстойваць сваю свабоду.

    Рымас распавядае, што пасля гэтага колькасць людей, гатовых абараняць незалежнасць значна вырасла. Ён яшчэ некалькі дзён правёў у Вільнюсе, пасля чаго вярнуўся ў Каўнас на працу. За тое, што ён там адсутнічаў амаль тыдзень, яму нічога не казалі.

    Але разам з ім працавалі камандыраваныя з Расіі — дарослыя ўжо мужыкі. Яны пачалі пераконваць усіх, што ў Вільнюсе анічога не было, што ўсё гэта — байкі вражынаў-нацыяналістаў. На што Рымас у вельмі рэзкай форме і даволі працяглы час распавядаў гэтым расійскім мужыкам, наколькі яны ня мелі рацыю. Чым выклікаў шок у калегаў, якія лічылі яго спакойным інтэлігентным хлопцам.

    Незалежнасць па-над усім

    Праз два тыдні пасля падзеяў у тэлевежы мы з Рымасам ехалі з Каўнасу зноў у Вільнюс па амаль пустой трасе. Падарожжа было даволі рызыкоўным, паколькі на ёй прысутнічала савецкая вайсковая тэхніка. Праз пару дзён пасля гэтага савецкія жаўнеры абстралялі на гэтай трасе цывільні аўтамабіль, у выніку чаго загінуў малады хлопец-студэнт.

    Вільнюс у той час — у канцы студзеня — ўяўляў сабой два абсалютна розныя горады. Адзін быў у раёне радыёкамітэта і тэлевежы. Гэта быў абсалютна пусты горад з рэдкімі фігурамі жаўнераў-вартавых з аўтаматамі і ў нязграбных савецкіх бранекамізэльках. Глеба вакол тэлевежы была ўся ўзарана коламі і гусеніцамі бронетэхнікі. Па ўнутраным перыметры агароджы з рабіцы стаялі жаўнеры-вартавыя. Мы падыйшлі бліжэй і крыху патролілі аднаго з іх (самі якіх паўгады таму “дэмбель далі”, таму ведалі, што казаць), пакуль з памяшкання ня выскачыў афіцэр з чырвоным тварам.

    У цэнтры, у раёне парламенту, гэта быў зусім іншы горад. Тут не было і прызнакаў прысутнасці савецкіх войскаў. Аб забароне руху танкаў казалі саматужна зробленыя дарожныя знакі. Дарога пад мастом праз Вілію была наўмысна звужана грудамі пяску. Праспект Гедыміна перагароджаны масіўнай барыкадай з бетонных блокаў, праз якую людзі лазілі туды-сюды. Народу было шмат, у тым ліку з дзецьмі. Усё было завешана плакатамі, накіраванымі супраць СССР і савецкай арміі.

    К дрэвам былі цвікамі прыкалочаны савецкія пашпарты, ваенныя білеты, савецкія ўзнагароды. Людзі хадзілі і стаялі невялічкімі групкамі. Па-над адной з іх лунаў наш бел-чырвона-белы сцяг. Не было ні страху, ні адчаю, хоць некаторае напружанне і адчувалася. І страляніна з боку савецкіх войскаў раз-пораз уздымалася, у выніку чаго яшчэ некалькі чалавек атрымалі раненні. 

    Але людзі відавочна не дапускалі нават ценю ідэі капітуляваць перад саўком. Ужо 9 лютага ўлады Літвы, якія так і ня здолеў скарыць Гарбачоў, правялі рэферэндум, на якім 90,47% удзельнікаў галасуюць за тое, каб Літва была незалежнай дэмакратычнай рэспублікай.

    Пасля гэтага Літва і стала фактычна незалежнай. Жнівеньскі путч 1991-га толькі паскорыў міжнароднае прызнанне гэтага факту. Спроба сілай прымусіць нацыі, якія прагнулі свабоды, застацца ў складзе імперыі, прывялі да адваротнага выніку, толькі паскорыўшы працэс распаду. Так, не ва ўсіх атрымалася адразу тады ад яе адарвацца.

    Ды і тыя, хто здолеў гэта зрабіць, і дагэтуль знаходзяцца пад рызыкай, бо агонія імперыі працягваецца, а гэта — вельмі небяспечны этап як для яе самой, так і для суседзяў. Тым ня менш, як і тады, перамагчы яе можа прага да свабоды і незалежнасці. У такім выпадку нават спроба задушыць гэта сілай толькі паскорыць працэс канчатковага распаду.

    Чытайце яшчэ:

    TUT.BY: как появилось и как было разгромлено главное медиа в Беларуси

    “Мяне сустрэла схуднелая, але струменячая энергіяй фізіяномія”, — бацька палітвязня-журналіста Андрэя Аляксандрава

    Асуджанага відэааператара Івана Мураўёва перавялі ў СІЗА магілёўскай турмы, дзе ён застанецца да разгляду апеляцыі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці