“Мяне сустрэла схуднелая, але струменячая энергіяй фізіяномія”, — бацька палітвязня-журналіста Андрэя Аляксандрава
Бацька асуджанага на 14 гадоў экс-намесніка дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Андрэя Аляксандрава сустрэўся ў віцебскім следчым ізалятары з сынам і расказаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, як той трымаецца.
10 студзеня бацька Андрэя Аляксандрава Валерый сустрэўся з сынам. Зрэшты, як расказаў ён службе маніторынгу БАЖ, назваць гэта спатканнем можна хіба ўмоўна — размова з Андрэем адбывалася праз шкло з дапамогай тэлефоннай трубкі.
Паводле мужчыны, сын па-ранейшаму ў віцебскім СІЗА, перспектывы этапавання ў калонію на гэты момант яшчэ не агучваліся. Паколькі фармальна ён яшчэ не зняволены, ніякіх характэрных “знакаў адрознення” для палітычных у выглядзе сумнавядомай жоўтай біркі на вопратцы няма.
Валерый Аляксандраў перадусім усцешаны, што Андрэй застаецца ў звыклым для сябе маральна-псіхалагічным стане — маўляў, яшчэ невядома, хто каго больш падтрымліваў. А фізічна дык нават і “пастрайнеў”.
“Мяне сустрэла схуднелая, стрыжаная амаль пад нуль, але струменячая энергіяй фізіяномія”, — дзеліцца ўражаннямі ад нядаўняга кантактавання з сынам Валерый Аляксандраў.
Па словах бацькі, наконт Вярхоўнага суда ілюзій не было ад пачатку, таму аглядную будучыню трэба ўспрымаць як дадзенасць.
Вярхоўны суд Беларусі 6 студзеня ў закрытым фармаце разглядзеў скаргі асуджаных на працяглыя тэрміны зняволення фігурантаў справы незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН — Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава, Андрэя Аляксандрава, Ірыны Злобінай.
Адметна, што нават не чакаючы вынікаў пасяджэння, усіх яшчэ ў кастрычніку мінулага года перавялі з мінскага следчага ізалятара №1 у іншыя месцы. Андрэй Аляксандраў і Дзмітрый Наважылаў цяпер у СІЗА №2 Віцебска, Ірына Леўшына і Ірына Злобіна — у СІЗА №3 Гомеля.
Як і прагназавалася, прызначаны на працэс суддзя Андрэй Кавальчук адмовіў у задавальненні апеляцый усім заяўнікам, а гэта азначае, што ранейшыя выракі, агучаныя 6 кастрычніка 2022 года ягоным калегам Вячаславам Тулейкам з Мінскага абласнога суда, засталіся ў сіле:
Ірына Леўшына, галоўная рэдактарка БелаПАН – 4 гады калоніі агульнага рэжыму.
Дзмітрый Наважылаў, экс-генеральны дырэктар БелаПАН – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Андрэй Аляксандраў, колішні намеснік дырэктара БелаПАН – 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Ірына Злобіна, сацыёлаг, грамадская актывістка – 9 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Усіх фігурантаў “справы БелаПАН” праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі.
Ужо за кратамі Андрэй Аляксандраў пабраўся шлюбам з Ірынай Злобінай, гэтаксама асуджанай па справе БелаПАН на 9 гадоў. Іх затрымалі яшчэ 12 студзеня 2021-га, фармальнай падставай называлася “падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў беспарадках”. Так улады класіфікавалі дапамогу з аплатай штрафаў пацярпелым у выніку пратэстнай актыўнасці. Пазней, калі яны ўжо ўтрымліваліся ў СІЗА, дадаўся яшчэ артыкул “здрада дзяржаве”. Агулам на сям’ю — 23 гады зняволення.
Таксама на іх і іншых фігурантаў справы павесілі буйныя штрафы: з Андрэя Аляксандрава суд пастанавіў спагнаць 32 000 рублёў, з Ірыны Злобінай — 25 600 рублёў, з Дзмітрыя Наважылава — 22 400 рублёў.
Ліставацца на гэтым этапе сужэнцам забаронена, але такая магчымасць з’явіцца пасля пераводу ў калонію.
27 студзеня Андрэй Аляксандраў адзначыць юбілей — медыяменеджару споўніцца 45 гадоў. А наогул для яго гэта будзе трэці запар дзень нараджэння ў няволі.
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА
Чытайце яшчэ:
CPJ патрабуе вызваліць расійскую журналістку Кацярыну Яньшыну, затрыманую падчас суда над Алесем Бяляцкім
“Наша Ніва” сыходзіць з расійскіх сацсетак на знак нязгоды з блакаваннем адміністрацыяй “ВКонтакте”
Гарадзенскіх журналістаў-палітвязняў катуюць карцарамі ды ізаляцыяй