• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я бачыў кнігу не як нейкую сухую біяграфію, а гісторыяй чалавека». Гутарка з аўтарам першага выдання пра Ціханоўскую

    У Польшчы пабачыла свет кніга пра Святлану Ціханоўскую “Ледаколка”. Яна стала першай не толькі для Святланы, але і для аўтара — журналіста польскай газеты Rzeczpospolita і калумніста “Белсата” Руслана Шошына. БАЖ пацікавілася ў Руслана, як адчуваецца пераход у пісьменнікі, як напісаць першую кнігу і чым адрозніваецца польская журналістыка ад беларускай. 

    «Ніхто не цэнзураваў ні маю працу, ні мае думкі, ні мае погляды»

    — Як ішла праца над «Ледаколкай»? 

    — Так атрымалася, што гэта пакуль адзіная кніга ў свеце пра Святлану Ціханоўскую. Гэта не рэклама спадарыні Ціханоўскай: я толькі хацеў напісаць даследаванне пра тое, што адбылося з ёй і з Беларуссю. Распавесці, як яна з такога простага, прыватнага, непублічнага жыцця перайшла ў новую, чужую для сабе плынь палітыкі. Гэта мяне найперш цікавіла. 

    Я з ёй не кансультаваўся наконт зместу кнігі, ніхто не цэнзураваў ні маю працу, ні мае думкі, ні мае погляды. Гэта па сутнасці рэпартаж.

    І вельмі прыемна, што Святлана і яе каманда маюць давер да журналісцкай працы. Мы назіраем добрую змену ў беларускай палітыцы. Маю надзею, што так і надалей застанецца, бо для беларускай журналістыкі важна, каб ніколі не рабілі якую-небудзь «падпублічку». 

    Верыфікаваў толькі цытаты з маімі суразмоўцамі. Менавіта на падставе размоў я ствараю рэпартаж, таму мне было істотна, каб усе думкі былі данесеныя карэктна. Вядома, у кнізе ўжо памылкі не паправіш, бо гэта ж не інтэрнэт-старонка. 

    “Ледаколка” складаецца з размоў, як з кавалкаў пазла: яны счэпліваюцца адзін з адным і ствараюць суцэльную гісторыю. Мне не трэба было нічога інтэрпрэтаваць — проста расказаць гісторыю вачыма яе ўдзельнікаў. 

    — Як тэхнічна адрозніваецца працэс стварэння кнігі ад штодзённай працы журналіста?

    — Давялося дзейнічаць па-іншаму: падбіраць мову для зусім нязвыклай для мяне аўдыторыі, змяняць стыль. Таму я сябе крыху не па-свойму адчуваю. Я ўсё ж такі журналіст. Некаторыя часам жартуюць пра мяне, маўляў, ты ж цяпер пісьменнік. Але ж не, бо што я такога зрабіў у літаратуры?

    Для мяне «Ледаколка» — цалкам новы досвед. Я раней пісаў вялікія рэпартажы на 30 тысяч друкаваных знакаў, але не на 300 тысяч. Новы аб’ём вымагае нязвыклага падыходу. 

    Кніга павінна ўцягваць чытача і ствараць для яго такую атмасферу, каб ён не кінуў кнігу праз пару старонак. Каб хацелася даведацца фінал гісторыі і дачытаць да канца. Таму трэба было першапачаткова прадумаць канцэпт кнігі, выбіраць самыя моцныя моманты, найбольш цікавыя і невідавочная. Менавіта яны прыцягваюць чытача, адкрываюць нешта новае і вядуць за сабой. 

    Адна рэч — знайсці такую сувязь з чытачом, каб ён прачытаў інфармацыйны артыкул. Зусім іншая — збудаваць сувязь на дзвесце старонак.

    Тут трэба значна мацней укласціся. Ніхто не чытае сухіх біяграфій, неабходна зрабіць жывы тэкст, каб чытаць і нібыта бачыць гісторыю. 

    Мне падаецца, у мяне атрымалася зрабіць такі тэкст, таму я вельмі задаволены, што пайшоў у гэтым кірунку. Гэта неацэнны досвед. Але ж каб я не працаваў у штодзённай газете, то я б не адолеў такі праект. 

    — Вы стваралі кнігу, не кідаючы журналісцкай «цягучкі». Як гэта ўвогуле магчыма?

    — Яе напісанню я прысвяціў год свайго жыцця. Даводзілася працаваць увесь вольны час, таму што рэдакцыя працуе кожны дзень, адзіны выходны ў нас у суботу. У нядзелю мы рыхтуем нумар на панядзелак. Таксама я працую для тыднёвіка Plus Minus, дзе выходзяць вялікія публіцыстычныя фарматы. 

     На кнігу давялося выдаткаваць два свае адпачынкі. Такі падыход вымагае моцнага заангажавання. 

    Мне дапамагло, што ад пачатку я не ведаў гісторыю Святланы. Было вельмі цікава разабрацца, выслухаць розных удзельнікаў гісторыі. Мне багата далі гутаркі з Марыяй Мароз (кіраўніцай штабу Ціханоўскай) і яе мужам Аляксандрам. Яны правялі са Святланай вельмі шмат часу. Я пачаў іх пытацца пра рэчы, якія ў іх асабліва ніхто да гэтага не запытваў, і атрымаў нечаканыя адказы. 

    Мне як журналісту патрэбна свае эмоцыі і сваё стаўленне схаваць. Нікому нецікава, што я думаю. Куды больш важна, што думаюць героі. Я хацеў пабачыць гісторыю іх вачыма.

    Праз гутаркі я значна лепш дазнаўся пра шмат абставінаў жыцця Святланы, пра розныя эмацыйныя моманты, якія раней не публікаваліся. Усе ж пытаюцца пра санкцыі, дыктатуру, рэпрэсіі і гэтак далей. Тое, што на слыху. А што сядзіць унутры чалавека, што ён бачыў і што перажыў, застаеццца ў ценю.  

    Менавіта пасля размоваў у мяне і пачала складвацца кніга. Дзякуючы ўсім героям яна і паўстала. 

    Усе размовы я вёў ужывую, акрамя гутаркі з людзьмі, якія зараз у Беларусі. Мне падаецца, што размовы праз Zoom магчымыя, калі ты добра ведаеш чалавека і ёсць давер паміж суразмоўцамі. Інакш відэасувязь бракуе шчырасці гутаркі. 

    Мае суразмоўцы мне не браты, не сёстры, не сваякі, таму паўстала неабходнасць ехаць і рабіць асабістыя сустрэчы. Ужывую значна больш магчымасцяў кіраваць дыялогам, выходзіць на патрэбныя напрамкі. Праз інтэрнэт чалавек можа замкнуцца, перайці да іншага пытання, заўжды можа клікнуць і згубіцца. Ужывую ўцякаць ад нязручных пытанняў нашмат складаней. Так псіхалогія працуе. Таму для журналіста размова ўжывую —  неацэнная магчымасць.

    «Ледаколка» выйшла ў адным з самых прэстыжных і буйных выдавецтваў у Польшчы»

    — Як прайшоў пошук выдаўца? 

    — «Ледаколка» выйшла ў адным з самых прэстыжных і буйных выдавецтваў у Польшчы — Wydawnict­wo Lit­er­ack­ie. Яны выдавалі кнігі некалькіх нобелеўскіх лаўрэатаў. Выдавецтва не імкнецца да нейкай там сенсацыі, хуткага прадукту. 

    Менавіта Wydawnict­wo Lit­er­ack­ie я і патэлефанаваў у першую чаргу. Я прадставіў свой канцэпт кнігі і адразу адчуў зацікаўленасць. У нас склалася вельмі файная размова па тэлефоне. Я бачыў кнігу не як нейкую сухую біяграфію ці хвалебную оду. Распавёў прадстаўнікам выдавецтва пра рэпартаж і гісторыю чалавека. Амаль такое ж бачанне было і ў маіх суразмоўцаў, таму мы знайшлі агульную мову.

    Калі я ўжо ехаў у Варшаву (офіс выдавецтва ў Кракаве), мне патэлефанавалі і сказалі, каб я больш ні ў якія выдавецтвы не ішоў з гэтай ідэяй. 

    Мне трэба было хуценька зрабіць канспект і спраўдзіць яго. Каб лепш адчуць патэнцыйную аўдыторыю, пытаўся у патэнцыйных чытачоў, якія няшмат ведаюць пра Беларусь, якія моманты ім будуць больш цікавыя, на чым варта акцэнтаваць увагу. 

    Я адчуў вельмі моцную падтрымку ад рэдактараў выдавецтва. Там працуюць сапраўдныя прафесіяналы, яны трымаюць узровень. Між іншым, агенцтва пакідала за сабой права не выдаць кнігу, калі б выніковы матэрыял падаўся б ім нецікавым. 

    Для мяне быў вельмі эмацыйным момант, калі ўжо фінальная версія пайшла на канчатковае ўзгадненне з рэдактарамі выдавецтва, і мне даслалі рэцэнзію на гэтую працу. Я не бачыў прозвішчаў рэцэнзентаў, але яны ведалі, што рэцэнзуюць мяне. І вось там былі вельмі цікавыя праўкі, але не фундаментальныя. Мне гэта дадало моцы. 

    — Кніга разлічаная больш на еўрапейскага чытача. Гэты аспект ствараў дадатковую складанасць?  

    — Я ствараў праект у супрацы з выдавецтвам, кансультаваўся з імі шмат па якіх рэчах. Рэдактары дапамагалі мне зрабіць гісторыю больш дынамічнай і больш зразумелай для замежнага чытача. 

    Я шмат год сачу за беларускай палітыкай, і некаторыя рэчы мне падаюцца відавочнымі. Але ж высветлілася, што трэба шмат дзе тлумачыць тое, што беларусу было б і так зразумела, пайсці глыбей і дадаць важных дэталяў. Трэба было пісаць так, каб чытач зразумеў, што за краіна Беларусь і што за людзі ў ёй жывуць. Гэта як распавядаць гісторыю Хуана Гуайдо: немагчыма яе зразумець, калі не зразумець Венесуэлу. 

    — Тыраж выйшаў на польскай мове. Ці плануюцца пераклады на еўрапейскія мовы, у тым ліку — на беларускую?

     Спадзяюся на гэта. Таму я пісаў для людзей, якія няшмат ведаюць пра Беларусь. Але ж як яно атрымалася, то і шмат якім беларусам будзе карысна пачытаць.

    Шмат беларусаў няшмат ведалі пра Беларусь да 2020 года, менавіта таму я хацеў бы бачыць і беларускамоўную версію кнігі. Варта было б, каб беларусы маглі пачытаць, крытычна глянуць на пэўныя рэчы.

    Мне таксама было б вельмі цікава меркаванне беларускіх чытачоў. 

    Але ж ці будзе беларуская версія «Ледаколкі», залежыць ад выдавецтва. Калі выдавецтва захоча зрабіць пераклад і знойдзе партнёраў, якія займаюцца выданнем кніг на беларускай, то будзе. 

    «Складана пісаць пра гісторыі, якія разгортваюцца на нашых вачах»

    — Фінал кнігі выглядае адкрытым. Плануеце працяг? 

    — Складана пісаць пра гісторыі, якія разгортваюцца на нашых вачах. Мне часта задавалі пытанне: «Напішаш ты кнігу, а што далей будзе з тваёй гераіняй? Ці не знікне яна ў віры гісторыі, як шмат іншых палітыкаў?». Калі адказы на гэтыя пытанні знойдуцца, то можна будзе напісаць і наступную кнігу. 

    Можа, рэальная гісторыя скончыцца нейкім хэпі-эндам. У маёй кнізе яго няма: аповед заканчваецца на тым, што ў людзей адабралі надзею, веру ў заўтра. А праца Святланы гэтую надзею падтрымлівае, даказвае, што ўсё было недарэмна. 

    Я бачыў, як да Святланы на прэзентацыі кнігі падыходзілі людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі на плячах. Яны прыціскалі кнігу да сябе, і было бачна па тварах, што для іх гэта вельмі эмацыйная гісторыя. Святлана для многіх людзей застаецца ўвасабленнем надзеі. 

    — Вы шмат год пішаце пра палітыку. У такой сітуацыі складана не перайсці ў актывізм, асабліва ў цяперашнія часы. Як вы да гэтага ставіцеся? 

    — Журналіст павінен заўсёды заставацца журналістам. Наша задача — распавесці праўду пра тое, што адбываецца вакол.Так, я разумею, што ў часы вайны гэта вельмі складана. Калі краіна церпіць ад такой імперскай навалы, цяжка заставацца аб’ектыўным. Але ж праўда павінна быць асноўнай, яе і трэба шукаць. У тым ліку размаўляць з людзьмі, погляды якіх нам асабіста не падабаюцца. Чытач не дурны, зразумее што да чаго. 

    — Вашыя артыкулы ёсць і ў польскім медыя, і ў беларускім. Ці адчуваецца розніца ў падыходзе да працы?

    — Польшча ўжо на іншым этапе гісторыі. Тут ідзе барацьба паміж рознымі палітычнымі групамі. У краіне назіраецца вельмі вялікая палярызація грамадства. 

    Я заўважыў, што Святлана аб’ядноўвае палякаў. Беларуская тэма аб’ядноўвае палякаў. Дапамога Украіне аб’ядноўвае таксама. А ва ўнутранай палітыцы няма аніякай тэмы, вакол якой бы не сварыліся. 

    У Беларусі незалежныя медыі сёння аб’ектыўна не могуць быць неяк пасярэдзіне, каб балансаваць паміж пазіцыямі, трымацца над сутычкай. Таму я вельмі цаню, калі беларускія журналісты спрабуюць размаўляць з людзьмі рэжыму. Трэба даваць чытачу самастойна зразумець, дзе чорнае, а дзе белае. 

    У Польшчы пры ўсёй палярызацыі грамадства паказваюць усе меркаванні. Журналісты размаўляюць з усімі, каб краіна шукала кропкі судакранання. Ніколі за дзесяць гадоў працы я не чуў, каб на планёрцы ці дзесьці хтосьці сказаў, што з гэтым спікерам мы не размаўляем праз яго палітычную пазіцыю. Трэба шукаць кансэнсус. І мы гэта робім. 

    Чытайце яшчэ: 

    «С презрением относимся к сокрытию общественно важной информации». История успеха кыргызского издания «Клооп»

    Как уехавшим из Беларуси получить в Литве новый паспорт? Собрали пошаговую инструкцию

    «Мы не прыехалі працаваць на вайну, мы жывем на гэтай вайне». Вялікая размова з журналістамі «Суспільного» з Харкава

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    Очередное решение властей, которое поражает в правах белорусов.  Лукашенко подписал указ, которым изменил порядок выдачи документов в посольствах и консульствах за границей. Теперь там нельзя продлить или получить паспорт. Как же быть? Комментирует юридическая служба БАЖ.
    05.09.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці