• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрэй Скурко: Хто не хоча падтрымліваць сваю прэсу, будзе “карміць” Дзмітрыя Кісялёва

    Напярэдадні анансаванай змены фармату папяровай “Нашай Нівы” прэс-служба ГА “БАЖ” пагутарыла з галоўным рэдактарам выдання Андрэем Скурко пра газету, сайт, крытыку, платны кантэнт і беларускі бізнес.

    БАЖ: З 1 ліпеня папяровая “НН” робіцца штомесячнікам. А як гэта адаб’ецца на інтэрнэт-старонцы nn.by?

    А. Скурко: Адаб’ецца толькі станоўча, таму што мы зможам больш журналісцкіх і рэдактарскіх сілаў перакінуць на яе напаўненне. Інтэрнэт-старонка ў нас жо даўно існуе ў трохі аўтаномным ад газеты рэжыме. Гэта значыць, што змены яе фармату адбываюцца пастаянна. Мы то мабільную версію дапрацоўваем, то іншыя рэчы – яны часам не заўважныя нашаму чытачу з першага погляду, але яны робяць старонку больш зручнай. Карацей, старонка існуе ў рэжыме пастаяннай эвалюцыі.

    БАЖ: У вас няма падзелу на каманды, што працуюць на “паперу” і на інтэрнэт?

    А.С.: Такога падзелу мы сабе не можам дазволіць. Людзі, можа, уяўляюць, што “Наша Ніва” – гэта гіганцкае прадпрыемства, дзе сто чалавек працуе… У нас вельмі маленькі калектыў – два дзясяткі чалавек у лепшым выпадку. Плюс, канешне, нашы шаноўныя пазаштатныя аўтары. Таму ў нас усё існуе ў рэжыме такой сінэргіі. Гэта значыць, што і журналісты, і рэдактары займаюцца і газетай, і інтэрнэт-старонкай. Розніца толькі ў фармаце тэкстаў.

    БАЖ: Прынцыпы і людзі: на чым і на кім трымаецца сёння выданне? Хто вызначае яго рэдакцыйную палітыку і набірае супрацоўнікаў?

    А.С.: У нас няма цвёрдай вертыкалі, як у дзяржаўных структурах. Усё адбываецца дастаткова дэмакратычна. У рэдакцыі ёсць агульныя планёркі, супольныя абмеркаванні нейкіх пытанняў, у тым ліку тэхнічных. Бываюць крыху вузейшыя нарады ў калектыве. Але кожны можа прапанаваць нейкую ідэю, і яе разгледзяць.

    БАЖ: Папяровы штомесячнік будзе “спакойным чытвом для людзей з іншым тэмпам спажывання інфармацыі”. Выглядае, што газета збіраецца арыентавацца на старэйшае пакаленне. Ці ёсць у вас звесткі, як выглядае ваша аўдыторыя сёння?

    А.С.: Даследаванні аўдыторыі папяровай версіі – даволі складаная штука ў нашай сітуацыі. Замаўляць камусьці асобнае даследаванне даволі дорага. Але мы можам рабіць пэўныя высновы па зваротнай сувязі – рэдакцыйнай пошце, тэлефонных размовах  з чытачамі, што звяртаюцца ў рэдакцыю. Сапраўды, аўдыторыя папяровай версіі старэйшая за аўдыторыю сайта. Гэта людзі старэйшага веку, якія пакуль не засвоілі інтэрнэт. Хаця наш пераход на штомесячны фармат звязаны таксама і з тым, што яны якраз пачынаюць яго засвойваць… А ёсць частка аўдыторыі, якая прынцыпова падпісваецца на газету, каб падтрымаць яе, і адначасова чытае сайт.

    У штомесячніку мы запрапануем чытачам штосьці такое эксклюзіўнае, што будзе “чапляць”  незалежна ад узросту і далучанасці да інтэрнэту.

    На старонку nn.by заходзяць штодня з 30–35 тысяч IP-адрасоў, у пікавыя моманты – з 40 тысяч. За месяц набягае недзе каля 7 мільёнаў праглядаў, паводле “Акавіты” і Google Ana­lyt­ics. Большая частка наведнікаў – з Беларусі.  Ёсць інструменты, якія даюць магчымасць ацаніць век нашых карыстальнікаў: каля 70% складаюць людзі даволі маладыя – ад 15 да 44 гадоў. Прыкладна палова нашай аўдыторыі – людзі з вышэйшай адукацыяй.

    «Наша Ніва» стабільна працуе кожны дзень – як канвеер. Гэта праца, якая, на вялікую радасць нам, дае плён.

    БАЖ: 25 гадоў таму выйшаў першы нумар адноўленай “НН”. Які перыяд з гэтых 25 гадоў, на Вашу думку, быў самым спрыяльным для газеты?

    А.С.: Не магу ацаніць усе 25 гадоў, таму што я ў “Нашу Ніву” пачаў пісаць дзесьці годзе ў 1999‑м, маладым студэнтам. Але з таго, што я мог назіраць ужо сваімі вачамі,– ніводзін перыяд не быў лёгкім. У кожным былі нейкія свае праблемы і збоі, свае дасягненні і радасці. Разам з краінай мы перажываем складаныя часы станаўлення нашай незалежнасці, нашай прэсы.

    БАЖ: “НН” часам абвінавачваюць у “жаўцізне” – маўляў, з газеты для інтэлектуалаў яна ператварылася ў беларускамоўны таблоід. Як у рэдакцыі ставяцца да падобнай крытыкі?

    А.С.: Я б цельмі цешыўся, калі б у Беларусі быў свой таблоід. На жаль, пакуль пра гэта казаць не выпадае.

    Нашы людзі добра ведаюць тры рэчы: як кіраваць краінай, як гуляць у футбол і як рабіць газету “Наша Ніва”…

    Ну а тое, што мы там Бегбедэра і Сартра не друкуем – дык на тое ж у інтэрнэце ёсць сёння профільныя сайты, якія выдатна спраўляюцца з гэтай задачай.

    А вось такія размовы – маўляў, раней была элітная “Наша Ніва”, а зараз неэлітная – зыходзяць з адной вялікай памылкі. Людзі часта блытаюць эліту і багему. А гэта паняцці розныя.

    БАЖ: Як выжыць беларускаму выданню ў сённяшніх эканамічных умовах? Ці магчымы пераход да платнага кантэнту ў інтэрнэце, хаця б часткова?

    А.С.: Мы глядзім у гэты бок. Я думаю, што пераход да платнага кантэнту, хаця б частковы, – гэта непазбежнасць. Адно што ў беларускіх умовах гэта пакуль можа прывесці да страты аўдыторыі. Умоўна кажучы, калі хтосьці пачне пашыраць платны кантэнт, частка чытачоў проста пойдзе на бясплатныя рэсурсы.

    Але мы думаем у гэтым накірунку, і, напэўна, з часам многія беларускія сайты да гэтага прыйдуць…

    БАЖ: “Новы час” пачаў выпускаць папяровы эканамічны дадатак, абапіраючыся на дапамогу бізнэсоўцаў унутры краіны. Як мяркуеце, ці можна ўвогуле зацікавіць бізнэс-структуры ў падтрымцы недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў?

    А.С.: Раней мы сутыкаліся з негалоснымі забаронамі для бізнес-структур. У тым ліку з высокіх трыбун гучалі такія намёкі – маўляў, толькі паспрабуйце даць што-небудзь гэтым газетам, “нячэсным” журналістам – я вас тут адразу… Былі спісы выданняў, якія нельга распаўсюджваць у вялікіх гандлёвых сетках, і мы таксама сутыкаліся з такім. Але часы мяняюцца – вунь БРСМ ужо вышыванку падхоплівае, стаяць па Мінску стэлы ўжо не з чырвона-зялёнымі, а з бела-чырвона-зялёнымі сцягамі.

    Бізнесовец мусіць разумець, што незалежныя выданні працуюць на ўмацаванне беларускай незалежнасці. А гэта ягоны каранёвы інтарэс, таму што рабіць бізнес у Рэспубліцы Беларусь нашмат прыемней і прасцей, чым у “Мінскай народнай рэспубліцы”. А хто не хоча падтрымліваць сваю прэсу – будзе “карміць” Дзмітрыя Кісялёва…

    БАЖ: Якія найбольш паспяховыя, на вашу думку, рэдакцыйныя праекты апошніх гадоў? Якія тэмы прыносяць найбольш праглядаў на сайце?

    А.С.: Я спецыяльна перад гутаркай паглядзеў рэйтынг матэрыялаў за год – што ў нас было сярод самага чытанага. Гэта тэмы, звязаныя з выбарамі; Святлана Алексіевіч, якая атрымала нобелеўскую прэмію; гісторыя Андрэя Горвата, геніяльнага блогера, які пераехаў жыць у вёску; скандал вакол падрыхтоўкі ў Беларусі салдат для “рускага свету”; тэмы, звязаныя з маёмасцю высокіх чынонікаў… Адным словам, тэмы, якія цікавяць грамадства.  

    А наогул я лічу, што самы паспяховы “праект” апошніх гадоў – гэта сайт nn.by і ўсё, што з ім звязана.

    Карыстаючыся момантам, хачу адзначыць таксама, што “Наша Ніва” патрабуе дадатковых працоўных рук. Мы вельмі шукаем зараз праграміста і менеджара па рэкламе. Таму ўсіх, хто на сайце БАЖ будзе чытаць гэты матэрыял, я прашу – звяртайцеся да нас, мы разгледзім усе прапановы і паспрабуем зацікавіць прафесіяналаў.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці