• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пра што гаварылі на Кангрэсе Еўрапейскай федэрацыі журналістаў?

    Кангрэс Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ), які днямі праходзіў у Сараеве (Боснія і Герцагавіна), пераабраў кіраўніцтва арганізацыі і прыняў каля двух дзясяткаў важных рэзалюцый.

    Да 2019 года прэзідэнтам ЕФЖ будзе прадстаўнік Дацкага саюза журналістаў Могенс Бліхер Б’ерэгард (Mogens Blich­er Bjer­re­gard), віцэ-прэздэнтам – прадстаўніца Саюза журналістаў Расіі Надзея Ажгіхіна. (Поўны склад Кіруючага камітэта можна знайсці ТУТ.)

    ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” на форуме прадстаўляў намеснік старшыні арганізацыі Міхась Янчук. Яго, дарэчы, у другі раз абралі сябрам фінансавай камісіі ЕФЖ.

    Прэс-служба ГА “БАЖ” распытала Міхася Янчука пра яго назіранні ды высновы пасля Кангрэса. 

    Францыя хацела давесці, што фрылансеры “не з’яўляюцца журналістамі”

    М. Янчук: Кангрэс Еўрапейскай федэрацыі журналістаў – гэта заўсёды нагода звярнуцца да найбольш балючых і актуальных пытанняў у жыцці журналісцкай супольнасці нашага кантынента. Кіруючы камітэт ЕФЖ мае дастаткова паўнамоцтваў, але найважнейшыя рэчы ўсё ж вырашае агульны збор дэлегатаў журналісцкіх арганізацый. Сёлета ў Сараева з’ехаліся 99 прадстаўнікоў журналісцкіх структур з 43 краін, каб падвесці вынікі зробленага за апошнія 3 гады і давесці да ладу далейшыя планы.

    Мінулы год і пачатак бягучага выдаліся вельмі няпростымі для еўрапейскіх журналістаў – я маю на ўвазе тэракты ў Францыі і ў Бруселі, а таксама тое, што адбываецца ў Крыме. І таму тэмпература дыскусій была вельмі высокая, а колькасць рэзалюцый, прынятых па важных і балючых “журналісцкіх” пытаннях, перавысіла 20.

    У рэзалюцыях заўсёды прысутнічае суперніцва паміж Поўначчу і Поўднем Еўропы. Поўнач больш арыентаваная на барацьбу за грамадзянскія правы, за права на свабоду выказвання. А Поўдзень – Францыя, Іспанія, Італія, Грэцыя – засяроджаныя на матэрыяльна-побытавых умовах працы журналістаў.

    Францыя зноў намагалася вынесці на абмеркаванне Канрэса рэзалюцыю пра тое, што фрылансеры “не з’яўляюцца журналістамі”. Толькі тыя, маўляў, хто мае дамову з рэдакцыяй, могуць лічыцца журналістамі (як у нас у Беларусі). Больш за тое – толькі тыя, хто мае дамову з рэдакцыяй, могуць быць сябрамі журналісцкіх арганізцый! Гэта была найбольш гарачая частка абмеркавання і, на шчасце, прапанова “не прайшла”.

    “Украінскае” пытанне моцна падзяліла

    М. Янчук: Для нас вельмі важна, што “наш” рэгіён выступае салідарна практычна па ўсіх пытаннях – за выключэннем Крыма, дзе Расія галасавала па-іншаму. Мы выступаем адзіным фронтам, намагаемся падтрымліваць нашыя супольныя інатрэсы.

    Толькі калі рэгіён аб’яднаны і кажа адным голасам, ён мае шанец быць пачутым на міжнародным узроўні.

    Мы салідарна выступалі супраць пераследу журналістаў у Азербайджане, у Крыме, у Турцыі. Супольна казалі пра неабходнасць далейшай падтрымкі фрылансераў, якія з’яўляюцца ў некаторых краінах асновай журналісцкіх сістэм. Разам выказвалі занепакоенасць палажэннем у некаторых краінах Еўропы жанчын-журналістак, якія атрымліваюць да 30% менш грошай пры выкананні той жа працы, што і мужчыны.

    Але, безумоўна, пытанне Украіны падзяліла вельмі моцна. Расія, Грэцыя і Францыя выступалі фактычна адзіным фронтам шмат па якіх пытаннях датычна сітуацыі ў Крыме.

    Спадзяемся, што ў Дуні Міятавіч атрымаецца стварыць адмысловую місію маніторынгу становішча журналістаў у Крыме, пра якую яна казала, вітаючы ўдзельнікаў форума.

    Але для гэтага патрэбны ўдзел абодвух бакоў – і украінскага, і расійскага. Застаецца адкрытым пытанне, ці дазволіць ёй расійскі бок яшчэ раз наведаць Крым. Калі Міятавіч была там у сакавіку мінулага года, яе выступ агрэсіўна заблакавалі невядомыя “актывісты”, так што ёй давялося спыніць візіт і хутка з’язджаць у аэрапорт…

    Сёння існуе група дыялогу паміж украінскімі і расійскімі журналістамі, якая дзейнічае на пастаяннай аснове. З расійскага боку яе ўзначальвае віцэ-старшыня ЕФЖ, сакратар Саюза журналістаў Расіі Надзея Ажгіхіна, з украінскага боку ўдзельнічаюць прадстаўнікі Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны і Незалежнага медыяпрафсаюза Украіны (НСЖУ-НМПУ). Абодва бакі падкрэслівалі неабходнасць дыялогу – інакш нанявісць, што “запампоўваецца ў чалавечыя стасункі”, давядзе да таго, што мы ўсе пачнем размаўляць мовай варожасці.

    Цікава, што на ўзор украіна-расійскай групы дыялогу была прэзентаваная палестына-ізраільская. Прадстаўнікі журналісцкіх саюзаў дзвюх краін дамовіліся, што створаць своеасаблівую “гарачую лінію”, і што палестынскія журналісты будуць дапамагаць вызваляць затрыманых ізраільскіх калег, а ізраільскія – затрыманых палестынскіх калег у зонах гарачых падзеяў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці