• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Хацела б зняць серыял аб прыходзе Лукашэнкі да ўлады». Вялікая размова з Марай Тамковіч

    «Радыё Свабода» распытала рэжысэрку пра новую стужку аб кранальнай гісторыі каханьня журналісткі Каці Андрэевай, кінафэстываль «Tribeca» і пра ейную мару.

    Мара Тамковіч Чырвоны верас

    Рэжысёрка Мара Тамковіч на ўручэнні прэміі беларускіх кінакрытыкаў «Чырвоны верас». Фота: з архіва гераіні

    Мара Тамковіч нарадзілася ў 1988 годзе ў Менску. З 2006-га жыве ў Варшаве. Вывучала журналістыку ў Варшаўскім унівэрсытэце, рэжысуру ў Варшаўскай кінашколе і школе Вайды. Аўтарка фільмаў «Ураўненьне», «Дачка», «Fuck­ing Sto­ry», «За дзьвярыма», «Трымайся, братка!», «37», «У жывым эфіры», а таксама яна была другім рэжысэрам у праекце «Белсату» «Працэсы».

    Стужка «Дачка» (дыплёмная праца ў Варшаўскай кінашколе) у 2018 годзе стала найлепшым ігравым фільмам XXV Менскага міжнароднага фэстывалю «Лістапад».

    Фільм «У жывым эфіры» перамог на 26‑м міжнародным кінафэстывалі ZOOM-ZBLIŻENIA ў Зялёнай Гуры, атрымаў адмысловую ўзнагароду на 47‑м фэстывалі польскага мастацкага кіно ў Гдыні, стужку паказвалі на кінафэстывалі ў Чыкага.

    Цяпер фільм «Пад шэрым небам» адабралі ў конкурсную праграму нью-ёрскага фэстывалю «Tribeca».

    У фінал трапілі 10 стужак

    Фэстываль «Tribeca» быў заснаваны Робэртам дэ Ніра і Джэйн Роўзэнтал у 2002 годзе пасьля атак на Міжнародны гандлёвы цэнтар, каб прыцягнуць увагу да раёну Нью-Ёрку, дзе гэты тэракт адбыўся, ажывіць тую частку гораду, кажа Мара Тамковіч.

    Падчас працы над фільмам. Фота: з архіва гераіні

    «Гэта адна зь дзьвюх самых буйных пляцовак для незалежнага кіно ў Штатах. На імпрэзы прыходзяць да 150 тысяч гледачоў штогод. Быў вельмі сур’ёзны, грунтоўны адбор: на фэстываль падалі 13 106 стужак, у конкурсны адбор трапілі 103, а ў сэкцыю міжнароднага ігравога кіно — 10. Апроч таго, што прэстыжна і крута туды трапіць, гэта адкрывае сьвет у кінаіндустрыю», — кажа рэжысэрка стужкі «Над шэрым небам».

    Сьпіс конкурсных стужак апублікаваны, там шмат амэрыканскіх фільмаў. Фільм Мары Тамковіч будзе спаборнічаць са стужкамі рэжысэраў з Харватыі, Швэцыі, Бразыліі, Сынгапуру, Нямеччыны ды іншых краінаў. Фэстываль пройдзе ў Нью-Ёрку 5–16 чэрвеня.

    Кадр з фільму «Пад шэрым небам», выкарыстаны для прэзэнтацыі на сайце нью-ёрскага кінафэстывалю «Tribeca»

    «Пад шэрым небам» — гэта пэрсанажы

    Мара Тамковіч прызнаецца, што асабіста не была знаёмая з Кацяй Андрэевай, пра якую зьняла ўжо два фільмы, ніколі не размаўляла зь ёй. Сапраўдная гісторыя стрыму з «плошчы Перамен» і затрыманьня журналістак 15 лістапада 2020 году была нагодай і натхненьнем для стварэньня першай стужкі. А ў фільме «Пад шэрым небам» — гэта пэрсанажы, у герояў іншыя імёны, тлумачыць рэжысэрка. Хаця, на яе погляд, прасочваецца кранальная гісторыя каханьня Каці Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша. У галоўнай ролі Лены, натхнёнай Кацяй Андрэевай, здымаецца Аляксандра Вайцяховіч, тая ж самая актрыса, што і ў фільме «У жывым эфіры». Яна выехала зь Беларусі ў 2020 годзе, цяпер жыве і працуе ва Ўроцлаве. Героя мужа Андрэевай Ігара Ільяша грае Валянцін Навапольскі. Ён працуе ў віленскім Старым тэатры Літвы (былым Рускім драмтэатры).

    Пад шрым небам, здымкі ў турме, Мара Тамковіч

    Падчас здымак фільму «Пад шэрым небам». Фота: з архіву гераіні

    «Па-першае, гераіня старэйшая за Кацю: маім героям хутчэй за 30, а не за 20. Я не шукала акторкі, падобнай вонкава. Хаця штосьці падобнае да Каці ў Сашы ёсьць. Прынамсі, голас. Некаторыя мне нават казалі, што ў стужцы „У жывым эфіры“ быў падкладзены Кацін голас са стрыму, што гэта ня голас акторкі.

    Яшчэ цікавае наконт Касяў. У маім прадакшэне можна было крыкнуць „Кася“ — і прынамсі чатыры чалавекі прыбяжыць. Мая прадусарка Кася, прадакшн-мэнэджарка Кася, арт-мастачка Кася, мантажыстка Кася. Я таксама Каця. І гераіня Каця. Мы жартавалі, што вакол Каці Андрэевай сабраўся натоўп Касяў.

    А Валянцін зусім не падобны да мужа Каці зьнешне. Я хутчэй шукала актора, які энэргетыкай будзе падобны да Ігара», — дзеліцца рэжысэрка.

    Авантурная задумка

    Была вельмі складаная задача — зьняць мастацкую стужку за 15 дзён пры мінімальным бюджэце ў 1 мільён злотых (гэта каля 250 тысяч даляраў). Мара тлумачыць, што стандартны бюджэт на самы просты фільм «а‑ля лірычная камэдыя» падобнай даўжыні ў Польшчы — каля 6 мільёнаў злотых. Бюджэт дэбютнага фільма — мінімум 4,5 мільёна злотых.

    «Гэта была авантурная задумка ад пачатку да канца: у нас ёсьць прыкладна 25% ад бюджэту. Пры гэтым мы здымаем беларускую гісторыю ў Польшчы, і гэта аўтаматычна падымае кошт: трэба адаптаваць прастору, каб яна была падобнай да беларускай. Я знаходжу шырокі кадар… і разумею, што не магу тут здымаць, таму што бачу 25 польскіх шыльдаў…

    Людзі працавалі не за заробак, хаця мы заплацілі ўсім. Калі параўноўваць з рынкавымі стаўкамі, яны проста ахвяравалі сваім часам. Быў такі момант: абвешчаны перапынак на абед, у які звычайна ніхто не працуе. І тут наш тэхнічны супрацоўнік з апэратарскага дэпартамэнту пачынае ў часе перапынку нешта перасоўваць. Я кажу: «Павал, што ты робіш?» — «Я хачу, каб хутчэй…» — успамінае працэс здымак Мара Тамковіч.

    Яна кажа, што гэта вялікая адказнасьць, што зацягнула гэтых людзей на свой карабель.

    «Гэта адказнасьць перад акторамі, якія ўклалі высілкі, час, энэргію, эмоцыі, перажываньні; перад прадусарам; перад беларускімі гісторыямі ў прынцыпе. Таму што гэта першая поўнамэтражная карціна, якая выходзіць на міжнародны ўзровень пасьля фільма Дашы Жук „Крышталь“.

    Можа, я перабольшваю сваю адказнасьць. Але я ўнутры адчувала, што не магу гэта сапсаваць», — прызнаецца Мара Тамковіч.

    Мара Тамковіч, Пад шэрым небам, здымкі ў судзе

    Падчас здымак над фільмам «Пад шэрым небам». Фота: з архіва гераіні

    «Саша, не раві, няхай глядач потым плача, а ты не раві!»

    Да таго ж многія сцэны здымаць было эмацыйна вельмі цяжка, шмат высілкаў пайшло на тое, каб не пераціснуць, каб усе эмоцыі не выпіналіся, выглядалі стрымана і натуральна, кажа рэжысэрка.

    «Я пастаянна казала: „Саша, не раві. Няхай глядач потым плача, а ты не раві! Шукай варыянты, іншы шлях, каб праз тыя эмоцыі прайсьці. Трывай“. Трэба было прайсьці гэты шлях з пункту А ў пункт B бяз словаў, бяз той дапамогі, якую дае слова. Мы вельмі доўга здымалі і пераздымалі. Ня ведаю, што скажа Каця, але мы, мне здаецца, дайшлі. У мяне задавальненьне ёсьць».

    Пасьля прэм’еры ў Нью-Ёрку фільм «Пад шэрым небам» будзе паказаны на польскім фэстывалі ігравога кіно ў Гдыні ў верасьні. Далей прадусары карціны будуць шукаць іншыя фэстывальныя пляцоўкі.

    «Будзем шукаць магчымасьці, каб і беларусы хаця б маглі пабачыць гэты фільм. Спадзяюся, што неўзабаве мы будзем глядзець гэту стужку як гістарычнае кіно», — выказвае надзею рэжысэрка.

    Адчуваньне прыналежнасьці

    Сапраўднае імя Мары Тамковіч — Каця, яна дачка вядомага беларускага журналіста Аляксандра Тамковіча. У дзяцінстве захаплялася гульнёй «Што? Дзе? Калі?», у апошніх клясах «тусавалася» ў клюбе «New Line», які займаўся адукацыйнымі праектамі, там быў філязофскі клюб пры ЭГУ, куды Каця марыла паступаць. Але ЭГУ ў Беларусі закрылі ў 2004 годзе.

    Мара Тамковіч, архіўнае фота

    «Бацькі разумелі, што я не настроена на тое, каб вучыцца ў Беларусі. Тым больш у 2006 годзе адбывалася першая Плошча, пачаліся масавыя адлічэньні студэнтаў. І гэта расставіла кропкі над „і“.

    У 11‑й клясе ў мяне не было ўрокаў гісторыі, таму што мяне выгналі з усіх заняткаў. Гісторыю я здавала экстэрнам. Са школы мяне выперці не маглі, таму што я добра вучылася. Але з сыстэмнай дысцыплінай былі пытаньні. На ўсялякі выпадак я рыхтавалася да ЦТ. Тады адкрывалася першая праграма Каліноўскага. Мяне запрасілі на гутарку. І ў выніку я трапіла на гэтую першую праграму. А як мае бацькі мяне адпусьцілі ў 17 гадоў у чужую краіну, трэба ў мамы спытаць», — жартуе Каця.

    Яна паступіла на журфак Варшаўскага унівэрсыту. На першым курсе пайшла працаваць на «Эўрарадыё», потым на «Белсат», зноў на «Эўрарадыё» (пад псэўданімам Мара Нальшанская). Шукала сябе.

    «Я паехала ў Польшчу ў 17 гадоў, жыла ў чужой краіне, працавала ў сваім, беларускім кантэксьце. Вельмі доўга шукала адчуваньне сваёй прыналежнасьці. Калі ты жывеш у Беларусі, прыходзіш, да прыкладу, у „Графіці“ — гэта месца, дзе ты свой. А ў Польшчы я проста не разумела, дзе я свая. Былі знаёмыя, сябры, на тым жа журфаку я адчувала сябе вонкавым элемэнтам, цікавым спачатку экзатычнасьцю, потым ужо менш цікавым… Які быў выбар? Спрабаваць функцыянаваць у беларускай журналістыцы. Ужо на той момант у мяне было такое адчуваньне, што я раблю ўвесь час адзін і той жа матэрыял…

    Цяпер я разумею, што гэта было наступствам маіх асабістых якасьцяў — я нецярплівая», — прыгадвае свае студэнцкія гады Мара.

    У Берліне ў межах кінапрэміі «Чырвоны верас» уганаравалі фільм Мары Тамковіч «У жывым эфіры»

    Варшаўская кінашкола і школа Вайды

    Дзяўчына пісала ў Варшаўскім унівэрсытэце магістарскую працу, але не абараніла (чаго бацькі ня маглі ёй прабачыць) на тэму «Сродкі пэрсфазіі ў аўдыёвізуальных матэрыялах на прыкладзе дакумэнтальнага сэрыялу „Хросны бацька“».

    Дапісала працу, а літаральна праз тры дні пачыналіся ўступныя іспыты ў Варшаўскай кінашколе. Рызыкнула, хаця ня мела мастацкай адукацыі і адпаведнага бэкграўнду.

    Мара Тамковіч, Лістапад

    Мара Тамковіч на Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад». Архіўнае фота

    «У камісіі былі пераважна пажылыя дзядзечкі, усе сівыя. І я такая „дзевачка“. Яны мяне „вырубілі“, вядома, брутальна, паглядзеўшы 30 сэкундаў майго мантаванага матэрыялу. Канцлер гэтай школы параіў мне зьняць іншую стужку і прыйсьці ў верасьні на новы набор. Я зьняла фільм „37“, і мяне прынялі.

    Вучыцца было цікава. Гэта быў мой першы рэальны студэнцкі досьвед, бо калі вучылася на журфаку, на першым курсе пайшла працаваць. Можа, ад гэтага было пачуцьцё непрыналежнасьці. А кінашкола гэтага не дазваляла. Мы жылі ў гэтай школе, прыходзілі раніцай і выходзілі позна ўвечары. Яна была такім досьведам, які проста фармаваў нас», — разважае Мара.

    Потым была яшчэ рэжысэрская школа Вайды (Mis­tr­zows­ka Szkoła Reży­serii Fil­mowej Andrze­ja Wajdy) У 2018 яна годзе зьняла дыплёмны мастацкі фільм «Дачка». Працавала на пляцоўках на розных пасадах: як асыстэнт рэжысэра, супэрвайзэр, памочнік рэжысэра.

    «Хацелася набрацца досьведу, як гэта адбываецца з пункту гледжаньня рамяства, а ня толькі мастацтва. Школа Вайды была такім крокам, што трэба разьвіваць сваё, бо здавалася, што я не знайду сябе, будучы другім прафэсійным рэжысэрам назаўжды».

    Мара Тамковіч: «Бацька быў для мяне ўзорам амбіцыі. Такой стыхійнай, жывой энергіяй»

    Прымусіла бабулю галасаваць за Кебіча

    На пытаньне, якое кіно рэжысэрка МараТамковіч хацела б зьняць у Беларусі, яна адказала так.

    «Я вельмі хацела б зьняць сэрыял пра тое, як Лукашэнка прыйшоў у 1990‑х да ўлады, пра гэты пераломны момант. Менавіта мастацкае кіно.

    Гэта пра тое, што ў той момант, калі ты прымаеш рашэньне, якое зьменіць усё тваё жыцьцё, ты не разумееш гэтага. Мы з Дашай Чульцовай (апэратарка, якую асудзілі разам з Кацярынай Андрэевай. — РС) пра гэта размаўлялі ў зьвязку зь фільмам «У жывым эфіры». Даша кажа: «У цябе ў фільме яны проста вырашаюць! А мы не вырашалі. У нас не было ўсьведамленьня, што мы нейкае рашэньне прымаем. Мы проста прыйшлі на працу, і была ўстаноўка, што мы працуем. І шукаем нейкія варыянты, каб працаваць», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі рэжысэрка.

    Мара прыгадала далёкую гісторыю са свайго дзяцінства. Калі быў другі тур першых прэзыдэнцкіх выбараў у 1994‑м, ёй было 6 гадоў, лета яна праводзіла ў бабулі ў Ашмянах.

    «Была моцная залева, навальніца, я раву і крычу: „Бабуля, галасуй за Кебіча!“ Я і прымусіла яе: бабуля прагаласавала за Кебіча. Чаму я так хацела? Ня ведаю. Можа, чула ягонае прозьвішча ў размовах дарослых. Але проста гістэрыка ў мяне была. Тата мой часта паўтараў, што „устами младенца глаголет истина“… Гэты ўспамін у маёй галаве застаўся: Ашмяны, лета, дождж, бабуля і мой крык: „Бабуля, галасуй за Кебіча!“.

    А Лукашэнка — гэта пазбаўлены павагі хлопчык, які потым як дарваўся да ўлады! Энэргія, харызма, хватка — у нараджэньні дыктатара ёсьць сюжэт. Мне б цікава было працаваць, пакуль яшчэ ёсьць людзі, у каго можна запытацца. Але гэта вельмі дарагі і складаны праект. Думаю, што гэта было б цікава і за мяжой. Можа, з гэтай стужкай траплю на Net­flix», — з усьмешкай кажа Мара Тамковіч.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Карцер, ПКТ, ШИЗО — что это такое? Как наказывают политзаключенных, которые уже находятся за решеткой

    28.06.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці