Дуня Міятавіч: Сёння медыі выкарыстоўваюцца для запампоўкі нянавісці ў чалавечыя стасункі
25-26 красавіка ў Сараеве (Боснія і Герцагавіна) адбываецца Кангрэс Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Ад ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у форуме бярэ ўдзел намеснік старшыні арганізацыі Міхась Янчук.
На адкрыцці Кангрэсу з разгорнутай прамовай выступіла Дуня Міятавіч, чые паўнамоцтвы як Прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ нядаўна працягнулі на год.
“Калі я на пачатку сакавіка была ў Сімферопалі са сваёй камандай і ішла з аэрапoрта ў горад, то адчувала себе як у Сараеве ў 1992 годзе, – прыгадала Дуня Міятавіч. – Людзі ў Сімферопалі глядзелі адзін на аднаго так, як мы ў Сараеве глядзелі адзін на аднаго тады. А ў паветры адчувалася, што здарыцца нешта вельмі дрэннае. Так як тады ў нас, сёння медыі выкарыстоўваюцца для запампоўкі нянавісці ў стасункі паміж людзьмі. Расійская прапаганда сёння нагадвае прапаганду Мілошавіча пачатку дзевяностых мінулага стагоддзя”.
На яе думку, у такі час, які сёння перажывае Еўропа, урады найперш мусяць гарантаваць журналістам бяспечныя ўмовы працы, у тым ліку на вуліцах, і толькі потым патрабаваць ад журналістаў прафесіяналізму.
Асобна спн. Міятавіч спынілася на бяспецы журналістак, якія ў апошні час сталіся аб’ектамі атак не толькі як прадстаўнікі сваёй прафесіі, але і як жанчыны. “Я не хачу сказаць, што мужчыны-журналісты працуюць у поўнай бяспецы, але ўзровень пагрозы журналісткам і блогеркам сацыяльных сетак проста непараўнальна вышэйшы. Колькасць рапартаў пра пагрозы згвалтаванняў і нават забойстваў, якія штодзённа трапляюць на мой стол, проста неверагодная. А іх геаграфія пачынаецца ад Нарвегіі і ахоплівае амаль увесь кантынент”, – зазначыла выступоўца.
Кіраўнік Незалежнага медыяпрафсаюза Украіны Юрый Луканаў прапанаваў Дуні Міятавіч неадкладна стварыць місію па маніторынгу сітуацыі з пераследам журналістаў у акупаваным Крыме. Ідэю падтрымала прадстаўніца Расіі Надзея Ажгіхіна, віцэ-старшыня Саюза журналістаў і віцэ-старшыня Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў. Міятавіч абяцала ў найбліжэйшы час наведаць Маскву і Кіеў, каб абмеркаваць магчымасці стварэння такой місіі.
“Я не хачу ехаць у Крым толькі дзеля таго, каб сказаць усім, што я там была. Калі я паеду туды, я павінна мець свабоду сустрэцца з усімі, з кім я палічу мэтазгодным – з прадстаўнікамі абодвух бакоў. І ні ў якім разе я не пайду на нейкія прыхаваныя дамоўленасці, бо гэта супярэчыць сутнасці маёй місіі”, – запэўніла Дуня Міятавіч.