• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зміцер Казакевіч: “Мяне затрымлівалі, як бандыты ў 90‑х”

    Віцебскага незалежнага журналіста Змітра Казакевіча затрымалі  6 верасня па сканчэнні марша салідарнасці. Вызвалілі праз 10 гадзін — у ізалятары часовага ўтрымання прызналі, што адбылася памылка.

    Зміцер Казакевіч распавёў, як адбывалася затрыманне:

    — Я працаваў на маршы салідарнасці, а калі ён скончыўся, вяртаючыся дахаты, адпраўляў у рэдакцыю відэафайлы. Калі мне заставалася прайсці нейкіх метраў пяцьсот, побач спынілася чорная бліскучая машына. З яе выскачылі трое мужчын, двое маладых і адзін крыху старэйшы — усе ў цывільным. Я хацеў выключыць тэлефон, але мне заламілі руку і тэлефон адабралі. Упіхнулі ў машыну і павезлі. Ніхто не назваў ні прозвішчаў, ні пасадаў, ні прычын затрымання. Я на ўсялякі выпадак спытаўся: “Вы часам не з Першамайскага райаддзела міліцыі?”. Тады адзін з іх моўчкі кіўнуў галавой.

    У РАУСе сітуацыя пачала праясняцца: Зміцер Казакевіч зразумеў, што яго затрымалі, каб адправіць у ІЧУ для адбыцця пяці сутак арышту паводле падзей 9 жніўня. Тады журналіст таксама быў затрыманы, і яму прысудзілі 10 сутак арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Але праз пяць сутак яго выпусцілі, а 19 жніўня ён абскардзіў судовую пастанову ў абласным судзе.  Пастанову пра арышт адмянілі, дакументы накіравалі на новы разгляд.

    Зміцер Казакевіч падкрэслівае, што рашэнне суда пра адмену арышту ён меў пры сабе:

    — У Віцебску ўжо такое было, што міліцыя шукала былых арыштаваных, якіх выпусцілі 12 жніўня. Тым, хто не падаваў скаргі, прапаноўвалі “дасядзець”, таму афіцыйная папера цяпер заўжды пры мне. Я паказваў яе ў Першамайскім РАУС некалькі разоў, але ніхто не стаў звяртаць на гэта ўвагу. Восем гадзін мяне трымалі ў пастарунку ў так званым “стакане” — адзіночнай камеры,  а ў дзве гадзіны ночы паведамілі, што павязуць у ІЧУ. У ізалятары я таксама казаў, што не мушу тут знаходзіцца, але мяне ўжо аформілі, забралі рамень і шнуркі ад чаравікаў. Але раптам супрацоўнікі пачалі раіцца па тэлефоне са сваім кіраўніцтвам, і праз дзве гадзіны я ўжо быў вольны.

    Зміцер Казакевіч кажа, што будзе падаваць скаргу на неправамоцныя дзеянні міліцыянтаў з Першамайскага РАУС, якія яго затрымлівалі, і потым незаконна трымалі за кратамі цягам дзесяць гадзін.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці