Змітру Казакевічу прысудзілі 10 сутак арышту за асвятленне пратэстаў у Віцебску
Разам з відэааператарам Вячаславам Лазаравым журналіст трапіў у ізалятар часовага ўтрымання 9-га жніўня.
Іх затрымалі падчас здымак на плошчы Перамогі ў Віцебску, дзе АМАП хапаў мінакоў, якія падаваліся міліцыянтам верагоднымі ўдзельнікамі масавых непарадкаў. Змітра Казакевіча і Вячаслава Лазарава таксама запхнулі ў аўтазак, хаця яны тлумачылі, што не ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту, а проста робяць сваю працу.
Вячаслава Лазарава адпусцілі з‑пад варты праз 8 гадзін — пасля таго, як зняты матэрыял быў знішчаны. Змітра Казакевіча пакінулі пад вартай, што было нечаканым, кажа Лазараў:
— Міліцыянты нас пазналі адразу, бо мы часта працуем у горадзе. Верагодна, Зміцер падаўся ім больш небяспечным, бо заўжды размаўляе па-беларуску, і яго часта бачаць на сваіх экранах гледачы “Белсата”.
Асудзілі Змітра Казакевіча толькі на другі дзень утрымання пад вартай. Ён трапіў туды ў лёгкай вопратцы, бо 9‑га жніўня было горача. Цяпер жа ў ІЧУ забаронена прымаць перадачы: начальнік установы заявіў, што там “асобае становішча”, і ў сваякоў арыштаваных не бяруць ні цёплае адзенне, ні сродкі гігіены, ні прадукты харчавання.
Толькі лекі ўдалося перадаць яшчэ аднаму віцебскаму незалежнаму журналісту Ігару Матвееву. Матвеева таксама затрымалі 9‑га жніўня, калі ён фатаграфаваў падзеі на віцебскіх вуліцах. Яго не асудзілі дагэтуль, хаця трымаюць за кратамі ўжо больш за двое сутак. Найверагодней, суд над ім адбудзецца 12-га жніўня.