• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зміцер Бартосік прэзентаваў у Глыбокім кнігу пра падарожжы (ФОТА)

    “Быў у пана верабейка гаварушчы…” – кнігу пра свае падарожжы па мястэчках Беларусі прэзентаваў у Глыбокім сябра ГА “БАЖ” Зміцер Бартосік. У ёй журналіст “Радыё Свабода”, рускі па нацыянальнасці,  распавёў пра сваю першую сустрэчу з Беларуссю, адаптацыю ў гэтай краіне, пра ўплыў беларускай мовы на яго асобу і апісаў сустрэчы з цікавымі людзьмі.

    У кнізе аўтар сабраў гісторыі з жыцця беларусаў XX стагоддзя, пра якія сведкі адважыліся расказаць толькі напрыканцы жыцця.

    У Глыбокім адбылася першая прэзентацыя кнігі, бо  менавіта дзякуючы глыбачаніну Змітру Лупачу і Глыбокаму і з’явіўся цыкл перадач “Падарожжы Свабоды”. Глыбоцкаму журналісту і прысвяціў сваю кнігу аўтар.

    Па словах Змітра Бартосіка, дагэтуль ён займаўся перадачай “Палітычная геаграфія”, дзе апытваў пенсіянерак. Яны яму распавядалі, які цудоўны і класны Лукашэнка, а мясцовыя апазіцыянеры расказвалі адваротнае. Але дзякуючы тым людзям, з якімі яго звёў Зміцер Лупач, фігура нашага галоўнага начальніка плаўна адступіла на задні план, а на першы  — выйшлі чалавечыя гісторыі, лёсы, нейкія выпадкі, страшныя і кур’ёзныя гісторыі самай жахлівай эпохі Беларусі, пачынаючы з 39 года ХХ стагоддзя. Паступова праграма пачала набіраць краязнаўча-даследніцкі характар і ператварылася ў праграму “Падарожжы Свабоды”.

    Як кажа Зміцер Лупач, ён не чакаў, што кніга будзе прысвечаная яму, але, вядома, гэта прыемна.

    “Добра, што і я нейкім чынам спрычыніўся да таго, што праграма “Палітычная геаграфія” ператварылася ў “Падарожжы Свабоды”. У ёй стала менш палітыкі, а больш жыцця простых людзей, бо часам ад простага чалавека можна пачуць такую думку, што не ад кожнага філосафа пачуеш. Да таго ж на сайце “Радыё Свабода” ёсць пазначаныя на мапе тыя геаграфічныя пункты, пра якія ўжо зробленыя перадачы, наш рэгіён там самы густы”, — дадае Зміцер Лупач.

    Кніга “Быў у пана верабейка гаварушчы…” нарадзілася з праграмы “Падарожжы Свабоды”, але гэта не зборнік перадач. Тэксты на сайце СМІ і змешчаныя ў кнізе значна адрозніваюцца.

    Паводле аўтара, ідэя назвы кнігі належыць рэдактару Сяргею Дубаўцу. Ён знайшоў яе ў адной з гісторый пра пана і яго “гаварушчага верабейку”(папугая), якую распавяла адна з немаладых сялянак з вёскі Дзямідаў Нараўлянскага раёна, дэталі, якія ахарактарызавалі жудасныя часы ХХ стагоддзя.  Гісторыя была расказаная цікавая, паралель з ёй і ўсёй гісторыяй Беларусі тых часоў і правёў рэдактар.

    Гэта другая па ліку кніга Змітра Бартосіка, якая пабачыла свет. Над ёй ён працаваў каля года, выйшла яна пры падтрымцы “Радыё Свабода”. Прэзентацыя кнігі мяркуецца яшчэ ў шэрагу гарадоў Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці