Жыхарка Гомеля адмаўляецца ад трэцяй групы інваліднасці, каб пералічваць частку заробку аўтару публікацыі
Жанчына-інвалід з Гомеля Наталля Васіленка заявіла пра жаданне пералічваць частку свайго заробку “на ганарары журналісту Аляксандру Яўсеенку”. З гэтай прычыны яна накіравала 22 чэрвеня заяву міністру аховы здароўя Беларусі з адмовай ад трэцяй групы інваліднасці дзеля таго, каб у яе былі “знятыя абмежаванні на працу” і яна магла ўладкавацца “маляром, тынкоўшчыцай, плітачніцай”.
“У мясцовай газеце “Советский район”, — распавяла Наталля Васіленка Службе маніторынгу ГА “БАЖ”, — Яўсеенка змясціў пра мяне і маю галадоўку публікацыю. Выставіў мяне, па сутнасьці, дармаедкай, якая не жадае працаваць, а патрабуе другую групу інваліднасці. Піша, што калі я была маляром на будоўлі, то бегала з адной арганізацыі ў другую, звальнялася, аднаўлялася, набрала крэдытаў, якія дапамагала сплачваць пісьменніца Святлана Алексіевіч”.
Жанчына дадае, што аўтар публікацыі, каб упікнуць яе больш балюча, а, імаверна, яшчэ і пісменніцу, у эпігонскай манеры назваў артыкул “У фактаў жорсткі твар”.
У траўні 43-гадовая Наталля Васіленка сапраўды трымала галадоўку. Гэта быў крок адчаю. З прычыны абмежаваннняў яе як інваліда трэцяй групы, не бяруць на працу. Пенсіі, якую плаціць дзяржава, не хапае нават на ежу, не кажучы пра лекі.
Нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч ўжо год дасылае інваліду штомесячна па 200 рублёў, яна дапамагла жанчыне сплаціць адну з пазыкаў.
Наталля пакутавала на эпілепсію, перанесла інсульт, у яе тахікардыя, перапады артэрыяльнага ціску, агульная слабасьць.
Васіленка распавядае, што калі ў яе здарыўся інсульт, медыкі не разглядзелі яго і адправілі жанчыну дамому. І толькі на другі дзень пасля скаргі і просьбы адвезлі ў лякарню зрабілі кампутарную тамаграфію, падчас якой і выявілі інсульт.
З такім “букетам” немачаў Натальля Васіленка і трымала галадоўку. На восьмы дзень прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама і медыцынскай-экспэртнай рэабілітацыйнай камісіі наведалі інваліда-галадоўніцу.
Падставаў для перагляду групы інваліднасці МРЭК не знайшла, а ўпраўленне занятасці прапанавала вакансію ўпакоўшчыцы ды яшчэ сякія-такія варынты працаўладкавання, не пацікавіўшыся агулам, ці можа Наталля хадзіць на працу.
Наўздагон у афіцыйнай газеце Савецкага раёна Гомеля з’явілася публікацыя Аляксандра Яўсеенкі, адна з частак якой называецца гэтак: “Дзе б ні працаваць — абы не працаваць”.