«Жыццё — падарожжа, а мы ўвесь час кудысьці крочым». Беларускі журналіст з’ехаў у ЗША і вядзе YouTube-канал пра дыяспару
Раней Алесь Пазняк працаваў у «Ганцавіцкім часе» і «Першым рэгіёне». Напярэдадні выбараў-2020 быў затрыманы падчас відэастрыму. Цяпер жыве і працуе ў ЗША. Аднак журналістыка не адпусціла далёка прафесійнага рэпарцёра, і ён вырашыў зрабіць уласны YouTube-канал. У гутарцы з БАЖ Алесь распавёў, навошта гэта яму і што будзе з праектам, калі журналіст вернецца ў Беларусь.
Журналістыка. Валанцёрства. Эміграцыя
У Алеся Пазняка — багатая біяграфія: нарадзіўся ў Сянно (Віцебская вобласць), працаваў у мясцовай газеце, адкуль звольніўся са скандалам (выступіў па радыё з перадачай пра нацыянальных герояў краіны). Пасля пераехаў у Віцебск, Мінск. Затым шмат падарожнічаў па Расіі і Цэнтральнай Азіі. Нават валанцёрыў у Ліване, дзе дапамагаў сірыйскім уцекачам.
Можна сказаць, што ўладкаваўся ў «Ганцавіцкі час» выпадкова. Прыехаў да сябра, убачыў вакансію ў газеце і звярнуўся да галоўнага рэдактара Пятра Гузаеўскага. Так ён стаў карэспандэнтам недзяржаўнай раённай газеты. Гэта адбывалася напярэдадні выбараў у 2020 годзе. Пасля былі пратэсты, рэзананснае затрыманне, збіццё сілавікамі.
У лютым 2023 года, калі органы пачалі шукаць журналіста, ён ужо быў у ЗША. Напярэдадні беларус выйграў грын-карту і скарыстаўся магчымасцю з’ехаць ад маштабных рэпрэсій, якія дагэтуль адбываюцца ў дачыненні да незалежных медыяў.
— Калі прыехаў у ЗША, мне вельмі не хапала журналісцкай працы, — прызнаецца Алесь Пазняк. — Стварыўся вакуум, хацелася творчасці, працягваць займацца прафесійнай дзейнасцю. Першапачаткова пісаў для газеты «Беларус», што выдаецца ў Амерыцы з 1950‑х гадоў на тарашкевіцы. Газета заснаваная эмігрантамі, якія прыехалі пасля Другой сусветнай вайны. На яе старонках апісваецца жыццё дыяспары, культурныя мерапрыемствы, сацыяльныя івэнты. Восенню рыхтуецца штогадовік, у які будуць уключаныя ўсе артыкулы з лета 2022-га па лета 2023 года. Гэта ў чыстым выглядзе валанцёрства, праца журналістаў не аплочваецца.
Аднак справа не ў гэтым. Выданне перабывае ў заняпадзе — усё радзей і радзей выходзіць у друкаваным выглядзе. Толькі год таму з’явіўся сайт, які зрабілі прадстаўнікі новай хвалі эміграцыі. Яны паклапацілася, каб была электронная версія. Відавочна, што толькі газеты не хапае для паўнавартаснага асвятлення жыцця дыяспары.
— Мы жывём у кліпавы час, — працягвае наш суразмоўца. — Мне хочацца больш грунтоўна, з іншага боку асвятляць падзеі ў ЗША. Таму ўзнікла ідэя стварыць уласны YouTube-канал.
Калі Алесь Пазняк працаваў у «Ганцавіцкім часе», яму падабалася працаваць з відэафарматам. З калегамі ён зрабіў шмат ролікаў, апытанак, відэарэпартажаў на сацыяльную тэматыку. Неўзабаве працяг адбыўся ў эміграцыі.
— Ідэя беларускамоўнага канала з’явілася яшчэ праз тое, што існуюць сотні рускамоўных каналаў пра амерыканскае жыццё, побыт, пераезд, якія ў тым ліку ствараюць і нашыя зямлякі. Але я не ведаю ніводнага беларускамоўнага YouTube-канала, які б распавядаў пра ЗША, ці адлюстроўваў бы беларускую прысутнасць у гэтай краіне, — заўважае суразмоўца БАЖ.
Крок: першы, другі, трэці…
Беларус жыве ў Нью-Ёрку, дзе паспеў папрацаваць у розных сферах. Напрыклад, на будоўлі. Цяпер ён курыруе людзей з інваліднасцю, у якіх дыягнаставаныя ментальныя асаблівасці. Яго задача — глядзець, каб падапечныя якасна рабілі сваю працу.
— Яны ўладкаваныя на прадпрыемствах, у крамах, рэстаранах, якія знаходзяцца ў розных частках горада, — расказвае журналіст. — Перамяшчаюся на грамадскім транспарце і выкарыстоўваю гэты час для планавання сюжэтаў, прадумвання сцэнароў, асаблівасцяў мантажу.
Назва YouTube-канала — «Беларускі крок», а кожны яго выпуск, адпаведна, крокі — першы, другі, трэці…
— Беларускі таму, што кантэнт ствараецца для беларусаў і на роднай мове, — тлумачыць Алесь Пазняк. — А крок, бо наша жыццё — падарожжа, мы ўвесь час кудысьці крочым, бяжым, ляцім.
Ролікі рэпарцёр здымае на смартфон. Таксама набыў стабілізатар. Усё абсталяванне купляў на ўласныя сродкі.
— Падрыхтоўка кожнага роліка займае каля тыдня, — расказвае наш суразмоўца. — Сцэнар, здымкі, мантаж… Да таго ж трэба шукаць дадатковую інфармацыю, фотаздымкі, запісваць закадравыя каментары.
Івэнты адбываюцца амаль штотыдзень
У ЗША даволі вялікая беларуская дыяспара. Таму, як кажа журналіст, гістарычных, культурных, рэлігійных тэм для ролікаў хапае. Канешне, гэта не хайповая фактура, але Алесь Пазняк падыходзіць да гэтага пытання аптымістычна: папулярнасць — суб’ектыўная катэгорыя, час пакажа…
— Цяпер тут шмат беларускіх суполак, ладзіцца многа мерапрыемстваў, — адзначае рэпарцёр. — Ёсць паваенная эміграцыя, нядаўна ў дыяспару ўлілася новая хваля. Таму івэнты адбываюцца амаль штотыдзень, хай і ў розных штатах.
На пачатку верасня аўтар YouTube-канала «Беларускі крок» быў у Вашынгтоне, дзе адбыўся восеньскі пікнік, які прымеркавалі да Дня беларускай вайсковай славы.
— Было вельмі цікава, адбылося шмат знаёмстваў. Толькі заставалася ўключыць відэакамеру і здымаць, — кажа Алесь Пазняк. — Наперадзе — Дзяды, якія традыцыйна адзначаюцца дыяспарай. Хачу паехаць у Нью-Джэрсі, дзе месцяцца беларускія могілкі. Там пахаваныя многія прадстаўнікі паваеннай мігранцкай хвалі, у тым ліку людзі, пра якіх варта распавесці асобна. На помніках, апроч імя і прозвішча, часам пазначана: «нарадзіўся ў ваколіцах Віцебска», «…над Нёманам», «…у палескай дрыгве».
У планах — зрабіць інтэрв’ю з вядомымі прадстаўнікамі дыяспары ў ЗША. Напрыклад, з цёзкам па прозвішчы — Зянонам Пазняком, які таксама жыве ў Нью-Ёрку.
— Хачу паказаць, што Беларусь — жывая нават за сваімі межамі, — падкрэслівае журналіст. — Хоць тут жывуць розныя людзі, але мы ўсе — беларусы, робім адну справу, размаўляем на роднай мове. Наш сцяг — бела-чырвона-белы. Герб — «Пагоня». Ёсць складнікі, якія нас усіх аб’ядноўваюць. Чым больш нас будзе, тым цікавей.
Можна ўзгадаць, што менавіта беларуская дыяспара за мяжой адыграла вялікую ролю падчас падзей у 2020 годзе. Беларусы бачылі чэргі каля амбасадаў, заклікі на транспарантах, нацыянальныя сцягі. Гэта таксама дапамагло абудзіцца ад летаргічнага сну.
— Што буду рабіць, калі давядзецца вярнуцца ў Беларусь? — разважае Алесь Пазняк. — Звычайна гэтае пытанне я задаю сваім суразмоўцам. Я б сказаў, што вярнуся, калі будзе спрыяльная сітуацыя, а канал перафарматуецца, і я пачну распавядаць пра беларускую Беларусь. А як будзе насамрэч — паглядзім…