• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісты-фрылансеры паўночных краін Еўропы выступілі ў падтрымку беларускіх калегаў

    У шведскім горадзе Мальмё адбылася штогадовая канферэнцыя журналістаў фрылансераў паўночных краін Nordic Freelance 2018. Удзельнікі канферэнцыі прынялі заяву ў падтрымку беларускіх калегаў з патрбаваннем да ўладаў Беларусі неадкладна спыніць пераслед незалежных журналістаў за іх прафесійную дзейнасць ды стварыць нармальныя прававыя ўмовы для працы.

    Ларыса Шчыракова, Вольга Сяховіч і кіраўніца Frilans Syd Оса Ульсан. Фота Hasse Hedström/nordicfreelance2018.com

    У штогадовай канферэнцыі Nordic Free­lance ўдзельнічалі журналісты-фрылансеры са Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Нарвегіі. Беларуская асацыяцыя журналістаў была запрошаная да ўдзелу як парнёр шведскай арганізацыі Frilans Syd. ГА “БАЖ” прадстаўлялі юрыстка Вольга Сяховіч і журналістка-фрылансер з Гомеля Ларыса Шчыракова.

    Прадстаўнікі ГА “БАЖ” расказвалі пра сітуацыю з фрылансам у Беларусі: прававыя ўмовы для працы, статыстыку, якая адлюстроўвае стаўленне ўладаў да журналістаў-фрылансераў, ды пра асабісты досвед працы ў гэтай сферы.

    Па словах Вольгі Сяховіч, адна з прысутных журналістак пасля гэтых выступаў заўважыла, што яна «ведала пра існаванне аўтарытарных уладаў у свеце. Але не думала, што яны могуць быць так блізка».

    Канферэнцыя БАЖ — МФЖ: Беларусь – адна з найбольш варожых да журналістаў краіна

    Пасяджэнне FREG у Мінску: Няўстойлівасць і нестабільнасць — гэта бягучы стан любога журналіста-фрылансера

     

    Вольга Сяховіч нагадала, што Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» у рэйтынгу «Індэкс свабоды прэсы» па выніках 2018 года адвяла Беларусі 155‑е месца са 180-ці. У той жа час Нарвегія і Швецыя займаюць у гэтым рэйтынгу першае і другое месцы адпаведна.

    І, калі журналістаў-фрылансераў Швецыі ды Нарвегіі хвалююць пытанні заробкаў журналістаў, камунікацыі, узаемадачыненняў у грамадстве, то для беларускіх журналістаў паўстаюць пытанні магчымасці працаваць у прынцыпе.

     

    Заява Nordic Freelance 2018

    Пераслед фрылансераў у Беларусі нясе пагрозу і свабодзе слова і асабістаму жыццю журналістаў. Накладанне штрафаў на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя без акрэдытацыі, парушае міжнародныя законы аб свабодзе прэсы і права на доступ да інфармацыі.

    У 2017-ым годзе беларускіх журналістаў аштрафавалі 69 разоў, і ў гэтым годзе ўжо было накладзена 76 штрафаў. Лічбы паказваюць пагаршэнне становішча журналістаў-фрылансераў у Беларусі. Судовы пераслед фрылансераў за супрацу са СМІ без акрэдытацыі ўзрос. Агульная сума штрафаў паводле арт. 22.9 Кодэкса аб адміністратыўных парушэннях склала ўжо звыш 25 тысяч эўра ў эквіваленце. Ад пачатку года адбылося больш за 76 судоў.

    Мы, як арганізацыі фрылансераў у Скандынаўскіх краінах, моцна занепакоены наяўнай сітуацыяй фрылансераў у Беларусі.

    Мы, удзельнікі Скандынаўскай канферэнцыі фрылансераў у Мальмё, Швецыя, заклікаем беларускія ўлады:

    - не пераследаваць журналістаў за выкананне іх абавязкаў;

    - неадкладна спыніць пераслед фрылансераў за іх прафесійную працу;

    - дапоўніць беларускае заканадаўства, каб гарантаваць роўныя правы ўсім журналістам, згодна з міжнароднымі стандартамі і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі.

    Падпісанты:

    Frilans Riks, адгалінаванне фрылансераў “Шведскага саюза журналістаў”

    SFJ, “Фінская асацыяцыя журналістаў-фрылансераў” у Фінляндыі

    FAO, “Хартыя фрылансераў саюза тэле- і радыёжурналістаў” у Фінляндыі

    NJ Frilans, у межах “Нарвежскага саюза журналістаў”

    Frilans­Grup­pen, у межах “Дацкага саюза журналістаў”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці