Журналістку Шчыракову аштрафавалі за асвятленне візіту Алексіевіч на яе малую радзіму
У Петрыкаве журналістку Шчыракову аштрафавалі на 690 рублёў — за здымкі візіту лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч у Капаткевічы на яе малую радзіму.
Суддзя Петрыкаўскага раёна Андрэй Багданік 5 кастрычніка на падставе міліцэйскага пратакола аштрафаваў гомельскую незалежную журналістку Ларысу Шчыракову на 30 базавых велічыняў (690 рублёў) за відэасюжэт на тэлеканале “Белсат” пра візіт нобелеўскай лаўрэаткі, пісьменніцы Святланы Алексіевіч у родную школу ў вёсцы Капаткевічы.
Капаткевіцкую сярэднюю школу пісьменніца скончыла ў 1965 годзе, а сустрэча з аднакласнікамі адбылася сёлета ў жніўні. Аднак ніводзін з афіцыйных беларускіх тэлеканалаў не паказаў гэтую сустрэчу. Гэта зрабіў “Белсат”, скарыстаўшы відэаздымкі Шчыраковай, за што яе і аштрафаваў Петрыкаўскі раённы суд.
У Петрыкаўскім раёне Святлане Алексіевіч забаранілі адкрытую сустрэчу з землякамі, дазволілі толькі закрытую сустрэчу з аднакласнікамі
“Пратаколамі, штрафамі, запускамі зняважлівых матэрыялаў у сацыяльных сетках спецслужбы імкнуцца абмежаваць усялякія стасункі з “Белсатам” як альтэрнатыўным тэлебачаннем, выжываюць з прафесіі. Заўтра, напрыклад, выклікаюць у Чыгуначны РАУС за тое, што на мінулым тыдні ў суд Гомельскага раёна прыйшла з шыльдай на шыі “Я — нячэсны журналіст”, — сказала службе маніторынгу ГА «БАЖ» Ларыса Шчыракова.
За супрацу з “Белсатам” сёлета журналістку Шчыракову штрафавалі сем разоў — на агульную суму 4 776 рублёў.