Журналіста «Народнай Волі» не пусцілі на агалошванне прысуду ўдзельнікам «Рабочага руху»
У Гомелі на агалошванне прысуду ўдзельнікам "Рабочага руху" пусцілі прадстаўнікоў толькі дзяржаўных СМІ. Журналісту "Народнай Волі" ўваход мякка заблакавалі.
17 лютага ў Гомельскім абласным судзе ў адкрытым рэжыме абвешчаны прысуд удзельнікам «Рабочага руху» — былым супрацоўнікам «Гродна Азоту», БМЗ, «Нафтана», Беларускай чыгункі. Усіх фігурантаў — Сяргея Шэлеста, Уладзіміра Жураўку, Андрэя Пагерылу, Ганну Аблаб, Аляксандра Гашнікава, Сяргея Дзюбу, Ігара Мінца, Валянціна Цераневіча, Сяргея Шамецьку і Аляксандра Капшуля — прызналі вінаватымі па двух крымінальных артыкулах: «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356) і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361–1).
Апроч таго, дадаткова звінавацілі Капшуля — у «незаконных дзеяннях у дачыненні агнястрэльнай зброі» (ч. 2 арт. 295), а Шэлеста, Жураўку і Пагерылу – у «паклёпе» (арт. 188).
Пакаранне фігурантам гучнай крымінальнай справы вынесена жорсткае – ад 11 да 15 гадоў зняволення.
Большасць пасяджэнняў трохмесячнага судовага працэсу праходзіла ў закрытым рэжыме. Агалошванне выраку зрабілі адкрытым — дазволілі прысутнічаць сваякам падсудных, а таксама прадстаўнікам СМІ, але не ўсім. Журналіста «Народнай Волі» Анатоля Гатоўчыца ў залу пасяджэнняў не дапусцілі.
— Зроблена гэта было, — распавёў Анатоль, — не гвалтам, а ў мяккай форме, так скажу. Яшчэ да пачатку пасяджэння запытаўся ў вядучай спецыялісткі па сувязях з грамадскасцю і СМІ Аліны Сулейка, ці можна будзе рабіць здымкі падчас агалошвання выраку, калі падсудныя не сядзяць, а стаяць у клетцы за бранявым шклом. «Вы ж не акрэдытоўваліся на гэтае пасяджэнне. Я не ўзгадняла са старшынёй суда вашу прысутнасць. Іншыя рэгістраваліся — хто за дзень, хто за два», — адказала спецыялістка. Нагадаў, што «Народная Воля» — афіцыйна зарэгістравана ў Беларусі, а пасяджэнне — адкрытае».
Па словах журналіста, яму не раз, у тым ліку і сёлета, даводзілася бываць у абласным судзе на адкрытых судовых пасяджэннях. І фатаграфаваць абвінавачаных да прыходу ў залу суддзі. Ніякай акрэдытацыі на такія пасяджэнні не патрабавалася. Гэтым разам да пачатку пасяджэння з дзесятак прадстаўнікоў афіцыйных СМІ з камерамі і фотаапаратамі Сулейка правяла праз бакавы ўваход у залу пасяджэнняў. Прадстаўніка «Народнай Волі» спыніла, параіўшы чакаць каля асноўнага ўваходу, калі ў залу зойдуць дзяржабвінаваўцы і абаронцы падсудных.
Журналіст, канешне, паслухаўся. Разам з сакратаркай пасяджэння Аліна Сулейка запрасіла ў залу ўдзельнікаў працэсу, а пасля яшчэ па адным сваяку ад кожнага падсуднага. За імі ўвашлі яшчэ пяцёра з ліку сваякоў і знаёмых.
Анатолю Гатоўчыцу Сулейка сказала, што дазволіць ўвайсці ў залу толькі тады, калі ён не будзе рабіць фотаздымкі. Журналіст пагадзіўся, схаваў у тэчку фотаапарат. І тут вядучая спецыялістка па сувязях з грамадскасцю і СМІ як ні ў чым не бывала заявіла: «Там ужо суд з дарадчага пакою выходзіць». І сапраўды, шчоўкнуў замок — міліцыянеры, якія ахоўвалі залу пасяджэнняў знутры, замкнулі ўваходныя дзверы.
Чытайце яшчэ:
Кацярына Пытлева: “Павіншавалі адзін аднаго з экстрэмісцкім статусам”
Онлайн-расследование The Bell. Как проверять аудиофайлы
У спіс экстрэмістаў дадалі журналіста Аляксандра Любенчука і кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева