Журналіста Дзяніса Івашына этапавалі ў магілёўскую калонію
Пра гэта стала вядома падчас тэлефоннай размовы маці палітвязня з начальнікам гродзенскай турмы, дзе ўтрымлівалі Дзяніса пад вартай. Вядома, што журналіста этапавалі 17 студзеня, нягледзячы на хваробу — некалькі дзён таму ў яго была высокая тэмпература, сухі кашаль, слабасць і праблемы з дыханнем.
Нагадаем, 14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі прызнаў Дзяніса Івашына вінаватым паводле арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Вярхоўны суд пакінуў вырак без зменаў. Адбываць тэрмін Дзяніс Івашын будзе ў папраўчай калоніі №15 у Магілёве.
Журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын нарадзіўся ў 1979 годзе ў Гродне. Па адукацыі эканаміст і палітолаг, жанаты. Працаваў журналістам у газеце «Новы час» і рэдактарам-валанцёрам беларускай версіі сайта міжнароднай супольнасці ІnformNapalm. Дзяніс вядомы сваімі расследаваннямі пра скандальную забудову ў Курапатах, уплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю, а таксама пра былых украінскіх сілавікоў, што ўладкаваліся на працу ў беларускую міліцыю.
Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года.
Журналіст мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, звязаныя з Украінай. Таксама ў той вечар вобшук зрабілі дома ў маці Дзяніса, а 15 сакавіка прыйшлі з вобшукам да яго 95-гадовай бабулі. Журналісту выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 КК («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»).
30 кастрычніка 2021 года стала вядома, што Дзянісу Івашыну выставілі яшчэ адно абвінавачванне па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). У сярэдзіне сакавіка 2022 праваабаронцам стала вядома, што КДБ абвінавачвае Івашына ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай.
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА