• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міністр інфармацыі заявіў, што ў Беларусі абмежавалі доступ да 5 тысяч «экстрэмісцкіх» рэсурсаў

    На думку міністра інфармацыі Беларусі Марата Маркава, гэтая лічба сведчыць пра тое, якія «каласальныя сродкі выдаткоўваюцца на інфармацыйнае раскалыхванне Беларусі».

    міністр інфармацыі Беларусі Марат Маркаў пра блакіроўку рэсурсаў і давер да СМІ

    Марат Маркаў. Фота: sb.by

    Такая заява прагучала 20 верасня 2024 года падчас выступу міністра інфармацыі на пленарным пасяджэнні міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Міжнародныя стандарты ў выбарчым працэсе: досвед і перспектывы развіцця».

    Маркаў паведаміў, што за перыяд са студзеня 2015 года па студзень 2020 года ў Беларусі быў абмежаваны доступ усяго да 400 інтэрнэт-рэсурсаў. Аднак пасля апошняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, якая скончылася масавымі пратэстамі супраць афіцыйных вынікаў выбараў, гэтая лічба вырасла амаль у 35 разоў. Бо, паводле кіраўніка ведамства, на цяперашні момант на тэрыторыі краіны доступ заблакаваны амаль да 14 тысяч інтэрнэт-рэсурсаў.

    «Экстрэмісцкімі» з іх прызнаны толькі 5 тысяч — крыху больш за трэцюю частку. Варта зазначыць, што «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» міністэрства прызнае не толькі ўласна інфармацыйныя рэсурсы, але і прыватныя акаўнты грамадзян у сацыяльных сетках і месенджарах.

    Міністр інфармацыі падкрэслівае, што падпарадкаваная яму структура ўсё больш увагі надае «рэгуляванню інфармацыйнай прасторы», найперш зменам у заканадаўства аб СМІ.

    «Большасць зменаў у заканадаўстве была накіраваная на больш жорсткі падыход да рэгулявання ў інфармацыйнай прасторы і на ўзмацненне ролі дзяржавы ў гэтай сферы», сказаў Маркаў. У гэтым кірунку ён заклікае «не бянтэжыцца рашучых дзеянняў».

    Тым не менш, распавядаючы пра абмежаванні, якія ўводзіць Міністэрства інфармацыі, чыноўнік скардзіцца на падобную практыку з боку замежных апанентаў. Маўляў, «нашы СМІ, нашы тэлеканалы выразаюць з Face­book, Tik­Tok і Insta­gram, і ў кожны момант могуць перакрыць нашы мільённыя YouTube-каналы». Робіцца гэта, паводле яго слоў, каб «абмежаваць паступленне праўдзівай інфармацыі з Беларусі і пра Беларусь».

    У адказ на гэта беларускія ўлады вырашылі пашырыць прысутнасць дзяржаўных СМІ на інфармацыйным полі, стварыўшы новы інфармацыйны тэлеканал з кругласуткавым вяшчаннем разам з парталам news.by  і першую ў Беларусі мультымедыйную платформу VIDEOBEL.BY. Маркаў мяркуе, што гэтыя інструменты дазволяць акумуляваць асноўныя сацыяльна-палітычныя праграмы галоўных дзяржаўных медыяў. І гэта асабліва важна, на думку міністра, «напярэдадні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2025 года».

    Міністр інфармацыі сцвярджае, што захады па падаўленні ўплыву недзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў ужо далі свой плён. Маўляў, давер да іх за мінулыя два гады знізіўся ў тры разы, тады як давер беларусаў да дзяржаўных СМІ вырас з 38 да 55 адсоткаў.

    Праўда, Марат Маркаў не ўдакладняе, з якіх канкрэтна статыстычных даследаваннняў яму пра гэта вядома.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці