• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «З маімі артыкуламі таксама будзе нямала». У Гомелі пачынаецца суд над журналісткай Ларысай Шчыраковай

    Гомельскі абласны суд сёння, 27 ліпеня, пачынае разглядаць крымінальную справу супраць былой журналісткі і краязнаўцы Ларысы Шчыраковай. Следства вінаваціць Шчыракову ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1, 2 арт. 361-4 КК) і «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт.369-1 КК). Пракуратура падтрымала кваліфікацыю. Справу разглядае суддзя Мікалай Доля. Судовае пасяджэнне зрабілі закрытым. 

    Невядома аднак, распаўсюд якіх канкрэтна ілжывых звестак пра Беларусь у інтэрнэце ставяць у віну журналістцы. Гэтаксама невядома, у чым выявілася яе «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». У адвакаткі Вікторыі Фаменка, якая абараняе Шчыракову, узялі падпіску аб неразгалошванні.

    Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі Ларысу Шчыракову 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў доме. Ад таго часу яна знаходзіцца ў гомельскім СІЗА, адкуль яе і прывезлі ў суд. На пачатку арышту Шчыракову вінавацілі толькі ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь», за што найбольшае пакаранне — 2 гады няволі. «Экстрэмісцкі» артыкул, выглядае, дададзены падчас следства. Адпаведна і санкцыі паводле яго больш жорсткія — да 7 гадоў зняволення.

    У дзень затрымання журналісткі яе непаўнагадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак. Сына Ларыса расціла адна, з мужам яна даўно ў разводзе. Але служба апекі не дазваляла забраць Святаслава ні дзядулі з бабуляй, ні іншым сваякам. З прытулку падлетка забраў бацька, які па выкліку сваякоў адмыслова прыехаў у Гомель з расійскага Новасібірска, дзе жыў асобна некалькі апошніх гадоў.

    За кратамі 13 красавіка Ларыса Шчыракова сустрэла сваё 50-годдзе. Таксама ў красавіку ў жанчыны памерла маці. Нейкі час сваякі не паведамлялі дачцэ гаротную навіну, бо асцерагаліся ўпадку духу. Акурат у той час Ларыса знаёмілася з матэрыяламі крымінальнай справы.

    З лістоў сваякоў Шчыракова дазналася пра прысуд калегу па журналісцкаму цэху Яўгену Меркісу, якога ў траўні асудзілі да 4 гадоў зняволення нібыта за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» ды «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні». Адгукнулася Ларыса на вырак скрушна: «Гора-бяда. Хаця што я бядую, з маімі артыкуламі таксама будзе нямала».

    Паводле адукацыі Ларыса Шчыракова — гісторык з веданнем англійскай мовы. У свой час скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, выкладала ў школе. Кіравала моладзевай краязнаўчай арганізацыяй «Талака» (ліквідаваная ўладамі праз суд у 2021 годзе). Пазней захапілася журналістыкай, супрацоўнічала з незалежнымі медыя.

    За супрацу са спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі ў беларускім МЗС Шчыракову затрымлівалі і на падставе адміністрацыйных пратаколаў штрафавалі праз суды больш як 40 разоў.

    Асвятляла яна ў рэгіёне і пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

    Яшчэ два гады таму Шчыракова адышла ад журналістыкі, пра што заявіла публічна. Каб не застацца без сродкаў існавання, зарэгістравалася ў выканкаме індывідуальнай прадпрымальніцай. Прапанавала гамельчукам фотаэтнасесіі ў нацыянальных строях са сваёй багатай калекцыі. Мела таксама ўласны праект «Забітыя і забытыя», здымала відэасюжэты пра рэпрэсаваных жыхароў Гомельшчыны ў гады сталінскіх рэпрэсій і змяшчала іх на YouTube.

    Чытайце яшчэ:

    Родныя Анджэя Пачобута не атрымліваюць ад яго лістоў амаль тры тыдні

    Подпісу Лукашэнкі не паказалі. Заключныя фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча

    «За кратамі ўвесь час марыў пра дранікі». Леанід Судаленка пра першыя дні на волі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці