«За кратамі ўвесь час марыў пра дранікі». Леанід Судаленка пра першыя дні на волі
Гомельскі праваабаронца распавёў «Народнай Волі» пра сустрэчу з маці і дзецьмі, а таксама падзяліўся бліжэйшымі планамі.
У першыя дні пасля выхада на волю ў Леаніда Судаленкі займаўся розымі справамі, у тым ліку наведаўся на могілкі да цесця.
— Бо так і не патрапіў на яго пахаванне, — патлумачыў журналістам праваабаронца. — Тэлеграму пра яго смерць я атрымаў ужо пасля таго, як бацьку жонкі пахавалі. А цесць быў для мяне, як родны бацька! У верасні мы з ім заўсёды хадзілі ў лес, збіралі апёнкі…
Спадар Судаленка зазначыў, што, хаця закон і дапускае магчымасць зняволенаму наведацца пад канвоем на пахаванне блізкіх, але на практыцы гэтая норма, як правіла, не дзейнічае.
Увесь час, пакуль праваабаронца знаходзіўся за кратамі, яго маці, якой ужо 84 гады, думала, што сын вабіць час за мяжой на заробках.
— Такую версію з маёй згоды прыдумала для маці мая старэйшая сястра. У мамы ў такім узросце ўжо ёсць пэўныя праблемы са здароўем, ёй цяжка нават хадзіць… І дрэнныя весткі пра сына дакладна не дадалі б ёй моцы і сіл. Таму наш падман быў тым выпадкам, калі мэта апраўдвае сродкі. А мэта была адна – захаваць душэўны спакой дарагога для нас чалавека. Мама жыве ў вёсцы ў Брагінскім раёне, людзей, якія сядзяць у Інтэрнэце, там няма. Таму ёй ніхто праўду і не казаў увесь гэты час.
Хаця быў адзін выпадак, калі нейкая жанчына паведаміла маці: «Мае дзеці казалі, што твой сын у турме, а не на заробках». На што мама адказала так: «Людзі рознае кажуць. А я веру словам сваёй дачкі».
Калі Леанід усё ж змог абняць маці, то вырашыў усё ж не распавядаць пра акалічнасці сваёй адсутнасці:
— Вырашылі, што няхай усё застанецца так, як і было. Навошта было казаць маме, што яе падманвалі? Мама, калі ўбачыла мяне, знаходзілася ў такім узнёслым настроі, што псаваць яго проста не хацелася.
Дома спадара Судаленку чакаў малодшы сын Мікіта, якому на тыдні споўнілася 14 гадоў. Першая сустрэча прайшла са слязамі на вачах.
— Сын за два з паловай гады пасталеў, зараз мне ўсё распавядае, як кажуць, уводзіць у курс спраў. На гэтым тыдні, да слова,
Мікіце споўнілася 14 гадоў.
Напачатку гэтага тыдня вызвалены праваабаронца стаў на ўлік у міліцыі, аформіў усе неабходныя паперы. Цяпер кожны тыдзень ён мусіць наведвацца на нейкія мерапрыемствы.
— У мяне злачынства кваліфікуецца, як менш цяжкае, але судзімасць будзе пагашана толькі праз два гады. Наколькі я зразумеў, увесь гэты час буду знаходзіцца пад кантролем праваахоўнікаў. Мне ўжо нават агучылі графік прафілактычных гутарак, якія трэба будзе слухаць раз на тыдзень, — распавёў субяседнік «Народнай Волі».
Зараз спадар Леанід пакрысе прыходзіць у сябе і зазначае, што пакуль не гатовы нават узяць у рукі мабільны тэлефон. Ён не толькі забыўся на гэты дэвайс, але і на памер порцый хатняй ежы.
— Я за кратамі ўвесь час марыў пра дранікі, а дома з’еў толькі два, і нават гэта было зашмат. Таму трэба берагчы здароўе – буду плаўна пераходзіць ад турэмнай ежы да смакаты жонкі. На волі іншае харчаванне, іншае жыццё.
Чытайце яшчэ:
Родныя Анджэя Пачобута не атрымліваюць ад яго лістоў амаль тры тыдні
Подпісу Лукашэнкі не паказалі. Заключныя фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча
Аляксандра Ханевіч: «У іх зброя, а ў нас толькі праўда і ўсё»