Юрась Дзяшук: «Кожная планёрка ў гарсавеце Бярозаўкі пачыналася з абмеркавання сацыяльных сетак»
Як гэта — быць журналістам і актывістам у 10-тысячным гарадку? Чаму ў Бярозаўцы адназначна лічаць смерць Вітольда Ашурка забойствам?
Юрась Дзяшук — журналіст «Радыё Рацыя». 37 гадоў. Жыве ў Беластоку: быў вымушаны з’ехаць з Беларусі ў 2021‑м. Больш як 10 год займаўся грамадскай актыўнасцю і журналістыкай у роднай Бярозаўцы. Шырэй — на Лідчыне, Дзятлаўшчыне і Наваградчыне.
«Most media» паразмаўляў з Юрасём пра Бярозаўку, атмасферу маленькіх гарадоў, чыноўнікаў, «мянтоў», актывістаў і звычайных рабочых знакамітага бярозаўскага шклозаводу.
«Было тры вобшукі: на двух апошніх не было чаго забіраць»
— Як ты апынуўся ў Беластоку?
— Чыста тэхнічна — праз Мордар (смяецца). Хоць некалі заракаўся: ніколі ў жыцці не паеду ў Расію. Давялося зламаць прынцып. На пачатку 2021-га быў суд над Вітольдам Ашуркам. Праз дзень пасля выраку мяне ўзялі на вуліцы. Апынулася: падазраваны па крымінальнай справе па артыкуле 339 — «хуліганка».
На судзе, калі быў абвешчаны вырак Вітольду — 5 гадоў — людзі пачалі крычаць, скандаваць на эмоцыях. Усё гэта сілавікі палічылі «хуліганствам» — крымінальным злачынствам. Нехта пайшоў сведкам, я — падазраваным. Хоць працаваў там бязгучна, як журналіст: з фоцікам і дыктафонам.
— Як далося рашэнне пра ад’езд?
Няпроста. Ніколі не хацеў з’язджаць. Але ж цягалі на допыты. Два разы ў ізалятары пасядзеў. Праз «паліграф» праганялі, калі нехта паклаў бетонныя слупы на чыгунцы пад Лідай. У хаце было тры вобшукі: усё забралі падчас першага. На астатніх нават забіраць не было чаго… Пасля гібелі Вітольда — 21 траўня 2021-га — зразумеў, што мой ад’езд — пытанне часу.
«Вырывалі аркушы са сшыткаў, пісалі ўлёткі ад рукі»
— Як ты прыйшоў у нацыянальны рух? Чаму зачапіла?
— У 1995‑м быў рэферэндум па змене сімволікі. Мне было 11 год, але нешта ёкнула. Яшчэ памятаю, як гуляліся з сябрам, які быў на 2 класы старэйшы, і той неяк кажа: «А ведаеш, у нас была такая дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае!..». Пасля пра ўсё гэта я прачытаў у падручніку «МРБ» — «Мая Радзіма Беларусь», быў такі прадмет.
Недзе ў 2000‑м нас сабралася некалькі чалавек-аднадумцаў. Сябе мы лічылі «бээнэфаўцамі», хоць да партыі, вядома, не належалі. Мы былі як тыя падпольшчыкі ў савецкіх кніжках: дайце нам зброю і агітацыю (смяецца). Вырывалі аркушы са сшыткаў, пісалі ўлётку ад рукі, сілікатным клеем ляпілі на Гарсавет. Адзін лепіць — другі «на строме».
— Быць «бэнээфаўцам» было не «зашкварна»?
— Не, якое там. Тады не было адмоўнай канатацыі. БНФ тады ў Менску збіраў маршы па 30–40 тысяч чалавек, машыны варочалі. Гэта яшчэ па ТБ паказвалі. Быў перыяд, калі з «Краем» (спартыўна-патрыятычная арганізацыя мяжы 1990–2000‑х — MOST) быў звязаны. Бегалі з хлопцамі, баксіравалі на Махначовай гары. Старэйшыя на больш сур’ёзныя вышкалы ездзілі. Мы не дараслі: арганізацыя спыніла існаванне.
«Павел Ізотавіч клікаў на працу ў СБ…»
— А ў журналістыку як трапіў?
— У 11‑м класе падумаў, што няблага пішу сачыненні: настаўніцам падабалася. Пайшоў на журфак у Мінску. Вучыўся на платным, без размеркавання, таму пастанавіў, што пайду ў незалежныя СМІ. Пісаў у «Народную Волю», «Тэлескоп», «Наша Слова», нават у камуністычную «Товарищ». У 2008‑м пазнаёміўся з Янам Романам, Яўгенам Вапам, Яраславам Іванюком: пазвалі працаваць на «Рацыю». Але — забралі ў войска.
Самае смешнае, што ў войску пісаў у СБ: там быў дадатак для ўнутраных войскаў, дзе я служыў. Павел Ізотавіч (Якубовіч, былы галоўны рэдактар «Савецкай Беларусі» — MOST) клікаў нават на сталую працу. Пісаў у «Баявы лісток»: там рэдактарам быў Сяргей Кабаковіч, зараз прэс-сакратар СК. А вось калі напісаў у «Газету Слонімскую» — пазбавілі ўвальніцельных да самага дзембелю.
— Не думаў у дзяржаўную журналістыку пайсці?
— Сумленне не дазволіла. І сябры «на гражданке» не зразумелі б. Пасля войска ўсё ж пайшоў на «Рацыю».
«Адной рукой трымаеш фоцік, другой — крыж, трэцяй — дыктафон…»
— Як гэта: быць незалежным журналістам без акрэдытацыі ў малым гарадку?
— Калі жывеш у 10-тысячнай Бярозаўцы і падымаеш нейкія праблемы, то міжволі стаеш актывістам. Да БНФ я ж далучыўся яшчэ падчас вучобы ў Менску. Па міжнародных стандартах журналістыкі гэтак быць не можа, ведаю. Але для Беларусі можна зрабіць выключэнне.
— Чым менавіта займаўся?
— Адразу пасля войска і да ад’езду адпрацоўваў усе выбарчыя кампаніі. Прэзідэнцкія, парламенцкія, мясцовыя. Збор подпісаў, назіранне, інфармацыя. Нехта меўся пісаць, як гэта адбываецца ў Бярозаўцы, Наваградку ці Дзятлаве. Аднаўлялі крыжы паўстанцаў 1863-га году. Гэта ўжо калі Вітольд далучыўся. Хлопцы ставяць той крыж, а ты — адной рукой дапамагаеш, другой трымаеш фоцік, трэцяй — дыктафон (смяецца).
«Вітольд Ашурак — ідэальны беларус»
— Кім для цябе быў Вітольд Ашурак?
— Можа, пафасна… Ідэальным беларусам. Ён прыйшоў у рух рускамоўным: пасля Акрэсціна ў 2010‑м. Хутка вывучыў беларускую мову, гісторыю. Маючы 9 класаў і няскончаную ПТВ, разбіраўся ў шматлікіх пытаннях лепш, чым увесь Гарсавет. Ён быў гнуткім у асабістым плане, але — сталёвым, калі пытанне тычылася Беларусі, прынцыпаў. У Бярозаўцы яго ведалі і паважалі. Нават ворагі.
— Як гэта выглядала?
— Скажам, Вітольд рэгулярна насіў вянок з калючага дроту і чарапоў да помніка Леніну. Лічыў, што на гэтым месцы мае быць помнік Юліюшу Столле — заснавальніку шклозавода ў горадзе. У Бярозаўцы людзі дзяліліся на тры катэгорыі. Адны казалі: «Малайчына, правільна робіш!». Іншыя: «Мы цябе паважаем, але Ленін хай стаіць». І нават трэцяя катэгорыя, якія не разумелі яго абсалютна, паважалі за тое, што змагаўся супраць шкловаты.
— А што за кейс са шкловатай?
— У 2013‑м насуперак усім нормам у нас паставілі вельмі брудную вытворчасць шклаваты. Там выкарыстоўваюцца фармальдэгіды, аміякі. Таму ў Бярозаўцы смурод стаіць суцэльны. Побач з цэхам — дзіцячы садок, школа, жылыя дамы… Чыноўнікам было пляваць. А Вітольд, нягледзячы на штрафы і суткі, выходзіў супраць гэтага на пікеты, пісаў, змагаўся. Таму — паважалі.
— Вітольда пазнавалі ў горадзе?
— Безумоўна. Дастаткова было сказаць «Вітольд» — усе разумелі, пра каго мова. Нават зараз, калі прыйдзеш на могілкі і спытаеш пра магілу, цябе або завядуць за руку, або — падкажуць, маўляў, «там, дзе найбольш белых і чырвоных кветак»…
— Атрымліваецца, людзі ведалі і падтрымлівалі, але не далучаліся?
— Наш касцяк быў меншым за дзясятак чалавек. Маленькі горад: ёсць страх згубіць працу. Усе баяліся публічнасці. Разам з тым, на вуліцы падыходзілі цалкам незнаёмыя людзі са сваімі праблемамі: агучце, напішыце.
«Калі не прыбярэ ЖКГ, то смецце занясём пад Гарсавет»
— То бок журналіст ці актывіст праз публічнасць быў «рашалам»?
— Так. Былі гісторыі, калі праз СМІ ці сацсеткі праблема вырашалася за дзень. Неяк ЖКГ адмовілася ад прыборкі ўчастка, маўляў, хай прыватнік прыбірае. Я напісаў. Было абмеркаванне — у «Вконтакте». Вітольд адкаменціў: калі не прыбяруць, то прыбяром самі, а смецце занясём пад Гарсавет… На наступны дзень а 6‑й ранку там ужо было чыста!
Чыноўнікі і «мянты» чыталі сацсеткі, абмяркоўвалі. Ведаю ад людзей, што планёркі ў Гарсавеце часта пачыналіся з абмеркавання пастоў ці артыкулаў у СМІ. Дзе якая яма, дзе не прыбрана. І ўсё вырашалася.
— Вы ж, напэўна, асабіста ведалі і «мянтоў», і чыноўнікаў, не?
— Так і было. У Бярозаўцы — адзін пункт аховы правапарадку. Там шасцёра (!) супрацоўнікаў: старэйшы ўчастковы, яго замы па сектарах і адзін інспектар па справах непаўнагадовых. Усё! Таму яны віталіся ў крамах, звярталіся: «Юры Віктаравіч», «Вітольд Міхайлавіч». Чыноўнікі дык наогул віталіся першымі заўжды. Нават у Лідзе. Антыпатыя адчувалася, але нянавісці не было.
«У жніўні 20-га выйшаў кожны дзясяты жыхар Бярозаўкі»
— 2020-ты шмат што змяніў? Як гэта выглядала ў Бярозаўцы?
— Думаю, таксама як і ў іншых маленькіх гарадах. У траўні-чэрвені мы стаялі на пікетах за Губарэвіча пад бел-чыворна-белым сцягам. Разумелі, што гэтыя подпісы ні да чаго, але сцяг мае лунаць над горадам. Так лічыў Вітольд. Ён быў перакананы, што дзе збіраюцца беларусы, там мае быць і сцяг. «Мянты» ездзілі побач, нават дакументы не правяралі.
За тыдзень да 9 жніўня ён сышоў у падполле: жыў у намёце над Нёмнам. У горад прыязджаў зрэдку, каб выйсці на сувязь, каардынаваць. У яго была ідэя-фікс, што рэвалюцыя і ўздым у Беларусі маюць пачацца з Ліды. Як — не ведаю. Але ён быў патрыётам свайго краю, Лідчыны. Таму адмовіўся ехаць у Мінск, узначаліў пратэст тут.
— А пасля 9 жніўня як было?
— Спачатку верылі, што прагаласуюць і гэта спрацуе. Але паўсюдна Лукашэнку намалявалі па 87–90%. Выйшлі ўжо 13 жніўня і далей рэгулярна. 100–200, 300–400, а на піку — 1000 чалавек. То бок кожны дзясяты жыхар Бярозаўкі! Калоны збіраліся па 80 аўто, байкеры на матацыклах, дзеці, сталыя людзі. Пасля ўсё пачало затухаць. Пасля — першы хапун. Калі ўсё задушылі ў Лідзе, «чорныя» (АМАП — MOST) дабраліся і сюды.
Вітольда жорстка збілі і пасадзілі яшчэ 9‑га ў Лідзе. Далі 15 сутак і пяць — за непавагу да суду. Той адмовіўся вызнаваць суд, які яго судзіў. Праз месяц, дні за тры да ягонага канчатковага арышту, мы ішлі па Бярозаўцы з касцёла. Вечар. Цёпла. Бабіна лета. Ён ведаў, што на яго завялі 342-гі артыкул. Куча пратаколаў з суткамі: пяць ці шэсць. Кажу яму: «З’язджай». Ён адказвае: «Чаму я маю з’язджаць, я не злодзей! Хай яны з’язджаюць».
«На пахаванні была ўся Беларусь»
— 21 траўня 2021-га Вітольд загінуў у калоніі. Як Бярозаўка гэта ўспрыняла?
— Усе ведалі, што яго пасадзілі на пяць год. Некаторыя казалі: «Пасадзілі і пасадзілі, цябе, Дзяшук, таксама пасадзяць!». Калі прыйшла навіна пра гібель — быў шок. Людзі не мелі сумневаў, што гэта забойства. Калі мяне бачылі на вуліцы, падыходзілі са словамі спачування, распытвалі. Ведалі, што мы былі блізкімі сябрамі. А яшчэ ведалі, што не будзе каму больш супрацьстаяць чыноўнікам. Не будзе каму змагацца са шклаватай ці прыбраць смецце. Не будзе каму падняць той сцяг…
Пахаванне стала ці не самым масавым за гісторыю Бярозаўкі. Труну пранеслі праз увесь горад. Машыны спыняліся, людзі выходзілі з крамаў, жанчыны плакалі. Калі хавалі дырэктара завода, то і блізка столькі народу не было. Хіба калі з Афгана прывозілі труны з землякамі. Але тут людзі выйшлі, нягледзячы на забарону і застрашванні на заводзе, каб не соваліся. А яшчэ — прыехалі з Мінска, Гродна, Ліды, Брэста, Віцебска, вакольных гарадоў… Тут была ўся Беларусь.
У той самы дзень мяне сустрэла незнаёмая жанчына, кажа: «Юра Дзяшук!». Адказваю: «Добры дзень, я». Яна кажа: «А нам на заводзе сказалі, што вас пасадзілі…». Гэта я акурат ішоў на пахаванне. Такое.
«Горад для жыцця, а не для чыноўнікаў»
— Якой бы ты хацеў бачыць ідэальную Бярозаўку?
— Я ведаю, што вярнуся ў тую ж Бярозаўку, з якой з’ехаў. Не ў лепшую, а мо і ў горшую. Але кейс у тым, каб зрабіць яе лепшай. Тут, у Беластоку, я магу падглядзець нейкія рашэнні: веласцежкі, ходнікі, клумбы. А мо і ў Гайнаўцы ці Бельску Падляскім, якія больш адпавядаюць па памеры. Невялікі горад таксама можа быць камфортным. Горадам для жыцця, а не для чыноўнікаў.
Бярозаўка — гэта мая Беларусь у мініяцюры. Я хачу, каб добра было не ў Мінску ці Лідзе, а там. А яшчэ ў Бярозаўцы абавязкова мае быць помнік Юліюшу Столле, пра які марыў Вітольд. Ну і ў гонар самога Вітольда — бюст, шыльда на доме ці вуліца. Каб была памяць. Не накінутая звонку, але свая, зразумелая і блізкая мясцовым людзям.
Чытайце яшчэ:
“Мастачка зрабіла сто партрэтаў за чатыры месяцы”. Заснавальніца праекта “Палітвязынка” расказала, як яго стваралі
Ігар Казмерчак: «Да 2020 года было няпісанае правіла заводзіць на мяне крыміналку раз на пяць гадоў»
Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын перанёс інфекцыю ў СІЗА