Youtube і Google раяць беларусам глядзець дзяржТБ і расійскую прапаганду. Чаму так?
У сярэдзіне лютага Святлана Ціханоўская сустрэлася з топамі Google і Youtube і папрасіла «вырашыць праблему беларускай мовы» ў прадуктах гэтых кампаній. Dev.by расказвае, з якімі праблемамі сутыкаецца беларуская мова (і шырэй — незалежныя медыя) у міжнародных пашукавіках і сэрвісах.
З кім сустракалася Ціханоўская?
У лютым Святлана Ціханоўская сустрэлася з Лэслі Мілер, віцэ-прэзідэнткай Youtube па сувязях з урадамі і публічнай палітыцы, і Анэт Кробер-Рыель, віцэ-прэзідэнткай Google па сувязях з урадамі і публічнай палітыцы ў Еўропе.
Гэта ўжо не першая падобная сустрэча. У чэрвені 2022 года Святлана Ціханоўская сустракалася з прадстаўнікамі тэхналагічных кампаній у Капенгагене. Тады Ціханоўская гутарыла з віцэ-прэзідэнтам і галоўным юрысконсультам Google (іх імёны не называліся), а супрацоўнікі яе офіса — з прадстаўнікамі Meta, Microsoft і TikTok.
Якія пытанні ўздымалі на сустрэчах з тэхгігантамі?
Офіс Святланы Ціханоўскай паведаміў, што падчас апошняй сустрэчы ў прадстаўнікоў Google і Youtube прасілі:
-
Дазволіць манетызацыю кантэнту на беларускай мове ў прадуктах Google і Youtube.
-
Дазволіць рэкламаваць беларускамоўныя відэаролікі на Yotube.
-
Абмежаваць злоўжыванне рэкламнымі інструментамі з боку расійскіх і беларускіх прапагандыстаў.
-
Забяспечыць праз пошукавыя сістэмы ды іншыя інструменты Google доступ да сайтаў і каналаў незалежных медыя.
Раней офісу ўдалося дамовіцца з Microsoft на зніжкі на прадукты кампаніі для незалежных грамадскіх арганізацый. Офіс прасіў карпарацыю даваць прадукты такім арганізацыя цалкам бясплатна.
Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка расказваў, што спецыялісты Facebook і Instagram будуць праводзіць трэнінгі па працы з сацсеткамі для беларускіх незалежных блогераў.
На сустрэчах у ліпені і лютым офіс абмяркоўваў з прадстаўнікамі карпарацый супрацьдзеянне прапагандзе і праблему беларускай мовы.
Якія складанасці ў беларускага кантэнту на Youtube?
Пасля 2020 года на Youtube з’явілася шмат аўтарскіх каналаў, якія пішуць пра Беларусь і беларусаў (як на рускай, так і на беларускай мовах). На платформе ёсць і каналы незалежных медыя. Але праблем у маладога беларускага Youtube усё роўна шмат.
1. Ролікі на беларускай мове не манетызуюцца платформай, а значыць беларускамоўныя блогеры не атрымліваюць грошай за сваю працу.
Пакуль Yotube не дазваляе падключаць рэкламу да ролікаў на беларускай мове. Прадстаўнікі платформы тлумачылі гэта адсутнасцю мадэратараў, якія маглі б правяраць такія ролікі. Офіс Ціханоўскай уздымаў гэтае пытанне на сустрэчах з прадстаўнікамі Google, але пра развязанне праблемы ніхто ад той пары не заяўляў.
2. Алгарытмы Youtube амаль не адрозніваюць кантэнт для беларусаў, украінцаў і расійцаў.
Напрыклад, многія ўкраінцы пасля пачатку вайны спрабавалі цалкам перайсці на ўкраінамоўны кантэнт у Youtube, але платформа ўсё роўна рэкамендавала глядзець ролікі на рускай мове — проста таму, што рускамоўнага кантэнту значна больш.
«Ачысціць» Youtube ад рускай мовы ўдавалася толькі пасля выдалення гісторыі пошуку і ўсіх падпісак на рускамоўныя каналы, а таксама пастаяннага кліку на «не цікавіць» на ўсе рэкамендацыі паглядзець ролікі на іншай мове. Відавочна, што з кантэнтам на беларускай мове сітуацыя яшчэ складанейшая — яго значна менш, ніж кантэнту на рускай або ўкраінскай мовах.
Пра складанасць гэтай праблемы ў інтэрв’ю dev.by разважаў відэаблогер Рудзі (ён вядзе беларускамоўны канал пра гульні):
— Нават калі вы зараз паглядзіце два відэа на беларускай, то потым усё роўна ўключыце 5 ці 10 на рускай. А для YouTube глядач, які глядзіць умоўнае «Что было дальше?» — спажывец рускай мовы. І таму ён будзе прапаноўваць і прасоўваць яму відэа на рускай.
І наадварот, YouTube намагаецца падабраць мне такіх гледачоў, якім можа спадабацца мой канал. І тут пытанне, каго YouTube можа прыцягнуць, калі тыя, каму падабаюцца мае відэа, глядзяць рускамоўны кантэнт? Лагічна, што YouTube прапаноўвае мае ролікі камусьці з Ніжняга Ноўгарада. Бо глядач з Ніжняга Ноўгарада, па сутнасці, нічым не адрозніваецца ад гледача з Мінска. Яны глядзяць адное і тое ж, і YouTube не разумее, якая між імі розніца.
Тут атрымліваецца такое заганнае кола. Па-першае, трэба, каб людзі шукалі кантэнт у пашукавіках па-беларуску. Але ў такім выпадку вы нічога не знойдзеце, бо на беларускай нічога няма. Бо ніхто не шукае.
Рэкамендацыі для крэатара — вельмі важная штука. Але калі мае відэа трапляюць у рэкамендацыі, YouTube пачынае прапаноўваць іх усім навокал, у тым ліку і расійцам. І яны мне руйнуюць усю статыстыку, бо — адкрываюць відэа, праз 5–10 секунд разумеюць, што нічога не зразумела, і закрываюць. А YouTube інтэрпрэтуе гэта так — відэа благое і нецікавае. І на гэтым усё.
То-бок платформа не рэкамендуе мае відэа выключна беларусам, бо не разумее, хто такія гэтыя беларусы і што яны глядзяць.
3. Youtube часта рэкамендуе беларусам глядзець навіны ў прапагандысцкіх каналах.
Выданне Media IQ аналізавала выдачу Yotube для «лянівага карыстальніка з Беларусі», які зайшоў на платформу без аўтарызацыі, каб паглядзець апошнія навіны.
Такому гледачу Youtube рэкамендуе ролікі з прапагандысцкіх расійскіх медыя: першая тройка — каналы «Рэн-ТВ», «Свет 24», НТВ.
«Пяць з васьмі каналаў у топе — расійская прапаганда. Па адным — еўрапейскі тэлеканал, беларускі апазіцыйны прапагандысцкі ютуб-канал і беларускі дзяржтэлеканал», — робіць выснову Media IQ.
Сітуацыя паўтараецца падобным парадкам, калі такі карыстальнік набірае ў пошуку «навіны Беларусі». У топе — каналы беларускага дзяржТБ, за імі ідуць украінскія каналы. Беларускія «недзяржСМІ» прадстаўленыя слаба.
Якая сітуацыя на іншых платформах? Напрыклад, Google?
У наладах пашукавіка Google можна выбіраць мовы, на якіх будуць з’яўляцца вынікі пошукавых запытаў. Ёсць і беларуская мова.
БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі, каб быць карыснымі і цікавымі тым, хто з намі даўно, і тым, хто нас яшчэ не ведае. Гэта дапаможа нам адаптаваць нашыя прадукты і кантэнт, удасканаліць іх і стаць карысным інструментам і плацдармам для развіцця беларускай незалежнай журналістыкі. Прайдзіце апытанне і дапамажыце нам стаць лепш!
Калі выбраць беларускую як адзіную мову для пошуку і пашукаць «навіны», Google прапануе ў першай пяцёрцы два незалежныя медыя і тры дзяржаўныя.
Пры запыце «навіны Беларусі» Google прапаноўвае перайсці на сайты дзяржаўных прапагандысцкіх рэсурсаў: Белта, СТВ, БТ.
У агрэгатары навін Google News немагчыма выбраць рэгіён «Беларусь» і беларускую мову.
Паводле аналізу Media IQ, «пры запыце „навіны Беларусі“ для рэгіёна „руская (Расія)“ сэрвіс парэкамендаваў БЕЛТА як крыніцу ў адмысловым блоку справа. Сярод сотні прапанаваных навін траціна належала расійскаму агенцтву EADaily і яшчэ траціна — дзяржаўнаму БЕЛТА. Некалькі разоў (менш, ніж па дзесяць) сустракаліся недзяржаўныя „Еўрарадыё“, „Вячэрні Гродна“ і UDF, а таксама дзяржаўныя СТВ і „Гродзенская Праўда“. Па адной публікацыі было ад недзяржаўных „Магілёўанлайн“, Intex-Press, ABW.BY, „Белновости“ і Zerkalo, а таксама замежных рэсурсаў „Навіны Узбекістана“, УНІАН і „Ліга.net“».
Але ёсць і добрыя навіны. Неўзабаве ў сэрвісах можа з’явіцца распазнаванне гучання беларускай мовы.
Кампанія NVIDIA натрэніравала і апублікавала сваю мадэль распазнання беларускай мовы. Кожны ахвотны можа спампаваць API з мадэллю і ўбудаваць у сваю праграму. Патэсціраваць мадэль можна на сайце donar.by.
Чытайце яшчэ:
«Я бачыў кнігу не як нейкую сухую біяграфію, а гісторыяй чалавека». Гутарка з аўтарам першага выдання пра Ціханоўскую
“Я уехала, чтобы приносить пользу Беларуси”. Ради чего Александра Богуславская прервала журналистскую карьеру
Каханне на адлегласці: журналісты пра свае сямейныя стасункі, нягледзячы на мяжу