Што глядзець у беларускім YouTube
Што глядзець замест Дудзя і Каца? Вядома ж, сваё. Гэты гід — частка нашага трохтомніка, прысвечанага беларускім медыям. Чаму і каму неабходны каталог беларускіх СМІ? Адказ: беларусам, якія патрабуюць незалежнай, праверанай інфармацыі, а таксама адукацыі ды годнай забавы. А яшчэ беларусам, якія працуюць у медыях і якіх пасля 2020-га адкінула быццам на стагоддзе назад. Пасадкі, экстрэмісцкія статусы, эміграцыя рэдакцыяў і чытачоў, блакаванне родных сайтаў і іншыя вынаходкі свабоды слова па-беларуску зрабілі нашыя шляхі адно да аднога больш пакручастымі. Пачынаем наш трохтомнік з беларускага ютубу.
Грамадска-палітычныя каналы
-
NEXTA Live
Канал быў створаны ў далёкім 2014 годзе і з тых часоў здолеў забрацца на першы радок самых папулярных у Беларусі. Нягледзечы на «экстрэмісцкі» статус, NEXTA Live мае 843 тысячы падпісантаў, а аўтары апісваюць яго змесціва як «інфармацыйна-аналітычныя ролікі з інсайдамі і здаровай доляй іроніі». Канал вяшчае па-расейску, у цэнтры ўвагі падзеі ў Беларусі, Украіне і Расеі.
-
BELSAT TV
Па сутнасці, у нас толькі адзін тэлеканал ў поўным сэнсе гэтага слова, і гэта польскі паводле паходжання «Белсат». Ён існуе ўжо 14 гадоў. На ютуб-канале можна глядзець штодзённыя навіновыя эфіры па-беларуску (або прадукцыю рускамоўнага дзецішча «Белсату» — канала «Вот так»), а таксама інтэрв’ю і студыйныя праграмы пра палітыку, эканоміку і іншае надзённае. У тэлеканала шмат дадатковай відэапрапановы — сатырычны, забаўляльны і проста публіцыстычны кантэнт можна даследваць на канале Belsat Life.
Беларускіх журналістаў гэтага медыя ўлады не любяць з асаблівай жорсткасцю: за сваю працу менскія журналісткі «Белсату» Ірына Слаўнікава і Кацярына Андрэева атрымалі вялізныя тэрміны зняволення (аператарка Дар’я Чульцова, ужо выйшла на волю, адседзеўшы 2 гады); асуджаны ды адбывае пакаранне і вядомы філосаф, шматгадовы аўтар тэлеканалу Уладзімір Мацкевіч.
-
Беларусь головного мозга
Ютуб-версія вядомага тэлеграм-канала, заснаванага блогерам Ігарам Лосікам (асуджаны да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за распальванне варожасці ды арганізацыю беспарадкаў, а фактычна — за паспяховае асвятленне перадвыбарчых працэсаў у Беларусі). Ролікі не даюць поўнай інфармацыі пра навіны, але бяруць самыя яскравыя эпізоды і ілюструюць іх з дапамогай відэа, знойдзенага ў адкрытых крыніцах. Вядоўца Каця падкрэслівае, што з’яўляецца ўкраінкай ды не цураецца сэксі-аўтфітаў.
-
MALANKA MEDIA
Адносна свежы праект, які пачаў асабліва хутка раскручвацца пасля падзеяў 2020-га года. Стварыў канал палітык і заснавальнік платформы «Зубр» Павел Марыніч, пазней да праекту далучыліся вядомая журналістка Кацярына Пытлева і рэдактарка Кацярына Ерусалімская. Сёння канал можа прапанаваць штодзённыя навіны, інтэрв’ю і дакументальныя фільмы. Амаль усё — па-расейску.
-
Страна для жизни
Блог Сяргея Ціханоўскага, які стаў адным з рухавікоў беларускага пратэсту ў 2020‑м. Сам Сяргей атрымаў 15 гадоў калоніі, ягоная жонка з хатняй гаспадыні перарадзілася ў дэмакратычнага лідара, а блог з прыватных заўвагаў пра тое, як жыве сапраўдная Беларусь, стаў буйным медыя — сёння над праектам працуе каманда прафесіяналаў, а відэа на канале паглядзелі больш за 80 мільёнаў разоў.
-
Реальная Беларусь
Канал створаны ў 2017 годзе, каб «уздымаць вострыя сацыяльныя тэмы ў грамадстве». Асноўны герой, ці антыгерой, — Аляксандр Лукашэнка. Ён пазірае на гледача амаль з кожнага прэв’ю на канале. Між тым, больш за 300 тысячаў падпісантаў падбадзёрваюць заснавальніка канала Арцёма Шапарава працягваць у тым жа кірунку і надалей асвятляць сацыяльныя і палітычныя праблемы беларусаў простай мовай.
-
ЗЕРКАЛО
Канал, на якім да гэтага часу можна паглядзець частку тутбаеўскіх відэа з 2020-га — бел-чырвона-белыя сцягі на будынках, выбары, пратэсты, затрыманні. З новага на сайце — рэгулярныя ролікі з тлумачэннем бягучай палітычнай павесткі ды адказамі на самыя актуальныя пытанні. Адказы даюць па чарзе загадкавы закадравы голас і палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
-
Дзікае паляванне
Канал расследвальніцкіх відэа пра «гэтых нікчэмных людзей» — беларускіх міліцыянтаў, пракурораў, поп-зорак і іншых служак рэжыму. На канале «зрываюць маскі» з «ворагаў беларускага народу», расказваюць пра іхныя злачынствы ды невядомыя біяграфічныя факты. Параўнальна з лютым, канал істотна змяніўся: вядоўца Яніна заўважна падрасла прафесійна, да таго ж загаварыла па-беларуску.
-
Беларускае
Зусім малады канал, які, тым не менш, імкліва набірае папулярнасць — можа быць, да поспеху спрычынілася і гэткая глабальная ды ўсеабдымная па сваёй сутнасці назва. «Прывітаннечка, гэта “Беларускае”!» — паведамляе энергічны вядоўца напачатку, аднак гэта адзіная фраза, якую на канале гавораць на роднай мове. Фармат ролікаў тут усё той жа — аповед пра надзённыя падзеі ў Беларусі і суседніх краінах, аздоблены відэа, знойдзеным на прасторах інтэрнэту. Вядоўца, дарэчы, шукае сабе пару, каб хорам крычаць «Прывітаннечка!». Ну, або чытаць навіны па чарзе.
Аўтарскія каналы
-
Максим Шабуцкий
Блогер сцвярджае, што пачаў рыхтаваць беларускую вызваленчую рэвалюцыю яшчэ ў 2015 годзе. Праз пераслед вымушаны быў пакінуць Беларусь, але сёння блогер актыўна каментуе беларускія справы, унутраныя скандалы, разборкі дзеячоў апазіцыйнага руху, а таксама сітуацыю на фронце і ва ўкраінскіх гарадах, якія апынуліся ў эпіцэнтры ваенных дзеянняў.
-
BalaganOFF
Аўтар і вядоўца блога Аляксандр Рыкаў вельмі падобны да Сяргея Ціханоўскага — мужчына ў самым росквіце, просты і канкрэтны, пры гэтым займаецца бізнэсам, а не спіць у шапку, кляйміць беларускія і расейскія ўлады, і вельмі папулярны сярод беларускіх гледачоў — стала уваходзіць у топ-25 беларускага ютуба. Пры гэтым Аляксандр Рыкаў не меў да Беларусі ніякага дачынення, бо жыве ва Украіне. Між тым, падзеі 2020 года ўзрушылі блогера, і з тых часоў ён не пакідае беларускай тэмы, а беларускія гледачы плацяць яму ўдзячнасцю і праглядамі.
-
MINSKI
Блогер Марат Мінскі пачаў заваёўваць аўдыторыю недзе год назад і на сёння мае каля 250 тысяч падпісантаў. Як і іншыя найпапулярнейшыя каналы ў Беларусі, MINSKI прысвечаны палітычным падзеям і іх аналізу на досыць простым узроўні, з іроніяй, а часам і з жорсткасцю і бескампраміснасцю.
-
Экономика здравого смысла
Эканаміст, палітык, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Яраслаў Раманчук вядзе бадай што самы папулярны блог пра эканоміку. Аўтар запісвае кароткія нататкі-рэфлексіі ў адказ на тое, што адбываецца з эканомікай Беларусі, Украіны і Расеі. Пасля падзеяў 2020 года аўтар быў вымушаны пакінуць краіну і свае ролікі запісвае ў Кіеве без перапынкаў нават у ваенны час.
-
Чалый LIVE
Эфіры беларускага аналітыка, эканамічнага аглядальніка, які без праблемаў пераключаецца і на палітычную павестку. Ролікі Сяргея Чалага — як доўгія паўнаметражкі — па дзве з паловай гадзіны, але глядзець на аналітыка не абавязкова, можна слухаць як падкасты, у якіх трапна, дасціпна, а часам і нечакана аналізуюцца апошнія падзеі, якія закранаюць Беларусь і беларусаў. Блог не абнаўляўся ўжо два месяцы, спадзяемся, ён захавае свой статус LIVE.
-
Свои/Чужие Андрей Стрижак
Канал Андрэя Стрыжака — праваабаронцы, экс-дзеяча прафсаюзнага руху, дырэктара фонда BYSOL. Стрыжак лічыцца адной з самых спрэчных асобаў беларускага руху: нехта не верыць у шчырасць працы з вялікімі ахвяраваннямі, а нехта, дзякуючы дзейнасці фонда BYSOL, змог уратавацца ад беларускіх сілавікоў і атрымаць падтрымку. Яшчэ аўтар канала з’яўляецца адной з любімых ахвяраў беларускіх прапагандыстаў. У сваіх відэа ён расказвае пра дзейнасць фонда, палітычнае закуліссе і жорстка крытыкуе ўлады.
-
ЧестнОК
Вясёлы і нефармальны канал пра беларускі ды сусветны спорт. Канал пачынаў журналіст Аляксандр Івулін. Сёння ён за кратамі, але паплечнікі з tribuna.com працягваюць ягоную справу.
-
Рудабельская паказуха
Канал Андрэя Павука прываблівае гледачоў тым, што аўтар рэгулярна выходзіць за межы, якія б яго аўдыторыя акрэсліла як зона камфорту. У сваіх відэа Павук тэлефануе прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі, вайскоўцам, міліцыянтам, чыноўнікам і даносчыкам, каб задаць ім нязручныя пытанні. Атрымліваецца нечакана, часам смешна, а часам сумна. Але арыгінальна ў любым выпадку.
-
Margarita Levchuk. Soprano
Уладарства спеваў і музыкі, якім кіруе оперная спявачка Маргарыта Ляўчук. Найбольшую папулярнасць маюць відэа з суаўтарстве з блогерам Андрэем Павуком — сатырычныя ці лірычныя, якія адмысловым чынам рэагуюць на актуальную палітычную павестку.
-
Batushka ответит
Свой відэаблог святар праваслаўнай царквы Аляксандр Кухта пачаў весці ў 2015 годзе. Аўтар прызнаецца, што ён не ставіў сабе за мэту прыцягнуць новых вернікаў у храм. Хутчэй, жадаў разбурыць міфы пра царкву і зрабіць яе больш адкрытай і зразумелай для ўсіх. Дзякуючы шчыраму падыходу, яго канал набраў досыць вялікую для Беларусі аўдыторыю. Сёння Batushku глядзяць амаль 50 тысячаў падпісчыкаў.
Ток-шоў
-
Мне тоже не нравится
Ток-шоў галоўнай рэдактаркі «The Village Беларусь» Яўгеніі Сугак мела б стаць сапраўды папулярным праз модныя складнікі: злёгку снобская назва, вядоўца з лёгкім эфектам непрысутнасці, гарачыя тэмы, вядомыя твары, аднак пакуль што на канале зусім няшмат падпісантаў. Але шоў маладое, таму запасемся цярплівасцю і поп-корнам.
-
ОБЫЧНОЕ УТРО
Новае дзецішча вядомых журналістаў. Ютуб-шоў стварылі былыя вядоўцы радыё Unistar Канстанцін Каверын і Людміла Міласлаўская. Знаёмыя менскія галасы цяпер вяшчаюць з Варшавы, відэа таксама выглядае як радыёэфір — двое вядоўцаў зачытваюць навіны з камп’ютара і абмяркоўваюць іх паміж сабой ды з гасцямі. Шоў пакуль не шалёна папулярнае, але ж яшчэ не вечар.
-
Совсем KYKY
Канал яшчэ аднаго беларускага медыя. Тут няма навінаў ды аглядаў, але ёсць разняволеная балбатня журналістаў — тут варожаць на беларускую будучыню ды смяюцца з прэтэнзіяў да беларусаў. Шалёна папулярным канал не назавеш, а ў каментах журналістаў лаюць за несвоечасовае абмяркоўванне ўбораў беларускіх палітыкаў на фоне мабілізацыі ў Расеі ды знаходжання расейскіх войскаў у Беларусі.
Асветніцкія праекты
-
Около Культуры
Канал беларускага мастацтвазнаўцы і папулярызатара культуры Мікіты Моніча з’явіўся трохі больш за год таму, але змог стаць адным з самых папулярных блогаў пра мастацтва ў Беларусі. Гледачам падабаецца лёгкая манера аўтара, інтэлігентны гумар і разнастайнасць тэмаў, якія мастацтвазнаўца закранае ў сваіх відэа.
-
Карані і вытокі
Асветніцкі праект «Добрага канала». Стварылі канал напрыканцы 2020 года былыя журналісты дзяржаўных СМІ, якія сышлі з ранейшых працаў і вырашылі рабіць сваё, новае медыя. На старонцы «Каранёў і вытокаў» рэгулярна абнаўляецца рубрыка з вандроўкамі па Беларусі і вывучэннем роднай мовы.
-
ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ
Блог пра сусветную ды беларускую літаратуру аднаго з найярчэйшых беларускіх паэтаў — Андрэя Хадановіча. Аўтар вырашыў цалкам пакласціся на харызму: уся драматургія ролікаў пабудаваная на аратарскім таленце Хадановіча, які, зрэшты, знаходзіць адданых прыхільнікаў (пра што можна пачытаць у каментарах). Тэмы выпускаў надзённыя: літаратура з‑за кратаў, чума, жаночыя пратэсты супраць вайны.
-
Тутэйшы Шляхціч
Беларускамоўны канал экскурсавода-турагента паводле адукацыі Усяслава Пашкевіча. Відэа падыдзе тым, хто цікавіцца беларускай гісторыяй, але можа і закахаць у яе тых, хто ў школе прасачкаваў гэты прадмет. Падаюцца гістарычныя веды не банальна і разнастайна, відавочна, кантэнт спадабаецца маладым людзям.
-
Годна
Ютуб-канал грамадскай кампаніі «Годна», створанай яшчэ ў гэтак званыя «траваядныя» часы, каб падтрымліваць беларускія культурніцкія праекты. Пасля пэўнага зацішша канал ізноў аднавіў працу, цяпер тут з’яўляюцца ролікі блогеркі Лізы Ветравай на тэму вывучэння беларускай мовы.
-
Шокинг Культ
Персанальны і суб’ектыўны аповед пра рэчаіснасць праз прызму маскультуры вядомага беларускага журналіста ды культуролага Максіма Жбанкова. Метафар, гульні словаў ды сэнсаў у гэтым аповедзе густа — каб улоўліваць ход думак аўтара, трэба ўвесь час заставацца ўключаным, балазе ў роліках ёсць шмат перабівак у выглядзе выразак з кіно, каб троху зняць сэнсавае напружанне. У каментарах аўтару шмат дзякуюць за расплюшчаныя вочы, а Сойка просіць Макса ўзгадаць і пра беларускамоўную аўдыторыю.
Інтэрв’ю
-
жизнь-малина
Журналіст Мікіта Мелказёраў стаў, бадай, самым вядомым блогерам-інтэрв’юерам у беларускім ютуб-космасе. Больш за 100 тысячаў падпісчыкаў — не самая грандыёзная лічба, але кожнае інтэрв’ю разбіраецца на цытаты і ў пэўным сэнсе робіцца падзеяй. Нейкі час таму Мікіта перайшоў на беларускую мову, і гэта толькі палепшыла ягоны кантэнт. Канал адназначна зацікавіць тых, хто ведае беларускіх ньюсмэйкераў у твар (ці хоча даведацца, хто яны такія).
-
Тэлебудка
Аўтарскія размовы дыназаўра беларускай музычнай ды культурнай журналістыкі, стваральніка Тузін FM, сотняў культурных праектаў ды музычных шоў, а цяпер — кіраўніка Беларускай рады культуры Сяргея Будкіна. Нягледзячы на дыназаўрысты статус, Сяргей — малады ды сціплы інтэрв’юер, на сваім канале разгаворвае гістарычна важных персанажаў. Цяпер «Тэлебудка» на паўзе, але на канале заўжды можна паглядзець ранейшыя гутаркі ды пасігналіць Сяргею ў дырэкт, каб здымаў новае.
Каналы для дзяцей
-
Бэйбус
Забаўляльны, навучальны, развіццёвы кантэнт для малых. На канале можна глядзець нешта накшталт вечаровых праграмаў для дзяцей, таксама тут робяць мультвершы з твораў шматгадовага супрацоўніка ды рэдактара «Нашай нівы» Андрэя Скурко, якія ён дасылае з‑за кратаў сыну. Тут жа можна глядзець «Казкі з Маляванычам».
-
Гаварун — мультфільмы па беларуску
На «Фіксіках» свет клінам не сышоўся — можаце гэтак і паведаміць сваім сябрам, якія ўсё яшчэ напампоўваюць дзяцей расейскім прадуктам. Стваральнікі канала «Гаварун» размясцілі ўжо немалую колькасць сусветных мультсерыялаў для дзяцей у беларускай агучцы. Тут ёсць і пра Фіндуса з Пэтсанам, малое каралеўства Бэна ды Холі, а таксама цудоўныя светы Міядзакі. Вельмі раім.
-
Годна — дзеткам
Кантэнт для беларускіх дзяцей ды бацькоў, створаны ў межах грамадскай кампаніі «Годна». Даўнавата не абнаўляўся, але, мяркуючы па тым, што праект ізноў ажыў, новыя ролікі могуць з’явіцца і тут. А пакуль можна пазнаёміцца са змешчанымі раней.
Гумар
-
Слава Комиссаренко
Бадай, самы вядомы беларускі комік-стэндапер, які цяпер жыве і выступае ў Польшчы, а нядаўна выдаў свой першы стэндап па-беларуску (на канале можна яго паглядзець).
Чытайце яшчэ:
Экажурналіст Аляксей Аўчыннікаў: «З’ехаў, каб мець магчымасць гаварыць пра праблемы, не хаваючы свой твар за ананімнымі імёнамі»
Зміцер Лукашук: «Людзі, якія не ведаюць нічога свайго, — гэта народ ці нацыя?»
Этнафатограф – новая іпастась журналісткі, якая засталася без працы