• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Як журналісты сталі галоўнымі ворагамі Лукашэнкі». Выйшаў новы фільм пра беларускіх рэпарцёраў, пратэсты і рэпрэсіі

    Фільм  «Як журналісты сталі галоўнымі ворагамі Лукашэнкі» быў размешчаны на YouTube-канале «Настоящее время. Док» некалькі дзён таму і ўжо сабраў 50 тысяч праглядаў. Яго аўтар — польскі журналіст Ян Блюз — падкрэслівае, што арыентаваўся на еўрапейскую аўдыторыю — па планах дакументалка будзе перакладзеная на англійскую і польскую мовы.

    БАЖ дапамагаў калегу яшчэ на этапе здымак, а цяпер пагутарыў з Янам пра выйшаўшы фільм.

    «Журналісты сталі асноўнай мішэнню»

    Як расказаў Ян Блюз, праца над фільмам пачалася ў верасні 2022-га і доўжылася цягам года. Матэрыял здымалі ў Польшчы, Літве і Украіне, куды пераехалі многія беларусы пасля падзеяў 2020 года.

    У цэнтры фільма — журналісты, якія асвятлялі пратэсты і сутыкнуліся з ціскам, рэпрэсіямі, затрыманнямі. Яны расказваюць, у якіх умовах вымушаны былі працаваць і як паступова павялічваўся і без таго вялікі прэсінг на незалежныя СМІ. Фільм дае выразнае ўяўленне аб умацаванні аўтакратыі і знішчэнні медыясектару. Інтэрв’ю суправаджаюцца кадрамі з вуліц, рэпартажамі, ролікамі з затрыманнем пратэстуючых і журналістаў. Папярэджваем: для беларусаў гэтыя відэа могуць стаць трыгернымі.

    — Я вяла рэпартаж па тэлефоне, таму што інтэрнэта не было, — пра падзеі адразу пасля выбараў расказвае адна з гераіняў фільма, журналістка Любоў Лунёва. — Была толькі мабільная сувязь.

    Журналісты сталі асноўнай мішэнню, адзначае яна. І гэта не фігуральны выраз, а канстатацыя зафіксаваных фактаў.

    — Дзесятага жніўня мы паехалі да метро «Маладзёжная» і спыніліся каля натоўпу, — узгадвае Наталля Лубнеўская. — Здымалі што адбываецца. З супрацьлеглага боку вуліцы выбег атрад узброеных байцоў. Людзі пачалі ўцякаць. У нейкі момант мы сталі адыходзіць, бо была вельмі напружаная атмасфера. Я працягвала здымаць на тэлефон, таму не пабачыла, адкуль у мяне стралялі — толькі адчула, як нешта трапіла каля калена.

    Як заўважалі многія рэпарцёры, камізэлькі з надпісам «Press» сталі мішэнямі для сілавікоў. Журналістаў шукалі сярод пратэстуючых, затрымлівалі, калі тыя чакалі вызвалення калегаў ля Акрэсціна, нават забіраліся праз вокны ў кватэры, адкуль вяліся рэпартажы.

    — Калі АМАП пачаў ісці па кватэрах… думаеш, што трэба заставацца ў стабільным стане, не панікаваць, — узгадвае падрабязнасці свайго затрымання Дар’я Чульцова..

    Па яе словах, калі яны з Кацярынай Андрэевай дазналіся, што ім пагражае крымінальная справа, «гэта быў шок». Журналісткі разумелі, хаця і не прызнаваліся адна адной: хутчэй за ўсё, іх чакае рэальны тэрмін у калоніі.

    — Каця стала ім як костка ў горле. Яны не хацелі яе ўжо бачыць, — з болем адзначае Дар’я Чульцова.

    «Ты бачыш грамадства аголенае, без мішуры»

    Большая частка фільма прысвечаная контррэвалюцыі, калі пратэсты скончыліся, а пачаліся рэпрэсіі. У асобнай групе рызыкі апынуліся прадстаўнікі прэсы. У размове з БАЖ Ян Блюз прызнаўся, што быў прыгнечаны, калі даследаваў гісторыі людзей, асуджаных на доўгія гады турмы.

    — У кастрычніку 2021 года прыйшлі да нас — да мяне дадому, дадому да майго намесніка, — расказвае Аксана Колб. — Шукалі пацверджанне таго, што мы фінансавалі пратэст.

    Журналістка кажа, што вырашыла з’ехаць з Беларусі пасля завядзення супраць яе яшчэ адной крымінальнай справы, а таксама па просьбе родных. Сутыкнуліся з выцісненнем з краіны і іншыя прадстаўнікі незалежных медыяў. Дар’я Чульцова ўзгадвае, што за дзень да вызвалення ўсе аператыўнікі калоніі параілі ёй з’язджаць з краіны.

    — На працягу года ён праводзіў расследаванне, чым займаецца расійскае пасольства і ўвогуле Расія ў Беларусі, — расказвае Аксана Колб пра калегу Дзяніса Івашына. — Яшчэ адна частка расследавання тычылася дзейнасці былога ўкраінскага «Беркута» на тэрыторыі Беларусі. Ён знайшоў 9 такіх беркутаўцаў і рыхтаваў яшчэ адну частку расследавання, знайшоў шмат цікавых фактаў, але не паспеў зрабіць — яго затрымалі.

    Час, які журналісты правялі ў месцах несвабоды, узгадваць ім цяжка, але яны адзначаюць, што гэта быў важны досвед.

    — Ты многае пазнаеш пра сябе, сваё асяроддзе, — кажа Аксана Колб. — Для журналіста гэта важны перыяд. Ты бачыш грамадства аголенае, без мішуры.

    «Быў бы вельмі рады бачыць, што ідзе дыскусія аб тым, каб прыцягнуць да Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе не толькі Лукашэнку, але і ягоных падначаленых»

    Многія факты, прыведзеныя ў фільме, добра вядомыя беларускаму чытачу, але мэтавай аўдыторыяй аўтар лічыць усё ж такі еўрапейскіх гледачоў. На Захадзе ўжо забыліся пра падзеі ў Беларусі, і многія лічаць, што ўсё скончылася. А тэма рэпрэсіяў тамтэйшых кантэнт-рэдактароў не вельмі не цікавіць.

    Таму з’яўленне фільма — добры знак і напамін пра тое, што на ўсходзе Еўропы адбываецца шмат несправядлівасці.

    — Таталітарны рэжым заўсёды будзе ненавідзець свабоду слова, свабоду выказвання, і ў Беларусі журналісты цяпер — самыя галоўныя ворагі, — падкрэслівае Любоў Лунёва.

    Паводле Яна Блюза, яму было важна паказаць, як абыходзяцца з палітвязнямі — нават больш жорстка, чым са злачынцамі.

    — Я пачаў збіраць матэрыял, калі двое герояў фільма яшчэ знаходзіліся ў зняволенні — Дар’я Чульцова і Алег Груздзіловіч. Так што з першых вуснаў гледачы дазнаюцца пра тое, што адбываецца за кратамі ў Беларусі, — падкрэслівае аўтар фільма.

    Ён сцвярджае, што яму асабіста была важная гэта праца, бо ён адчувае салідарнасць і лічыць, што медыясупольнасць павінна падтрымаць калегаў у нястачы.

    — Беларускія журналісты, якія знаходзяцца ў зняволенні, заплацілі вельмі высокую цану за выкананне сваіх абавязкаў, — звяртае ўвагу Ян Блюз. — Цяпер медыяіндустрыя літаральна разгромленая, а журналістаў высылаюць горш за тэрарыстаў. Я быў бы вельмі рады бачыць, што ідзе дыскусія аб тым, каб прыцягнуць да Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе не толькі Лукашэнку, але і ягоных падначаленых, у тым ліку суддзяў і супрацоўнікаў калоніяў.

    Чытайце яшчэ:

    Не 50 адсоткаў, а толькі два. Фактчэкінг па слядах калонкі Рымаса Бружаса на LRT

    Беларускі фільм «Радзіма» перамог на кінафестывалі «Паўночнае ззянне-2023». Чаму гэта кіно неабходна паглядзець кожнаму?

    «Самым эмацыйна складаным момантам была ноч ля Акрэсціна» — гутарка з Аляксеем Палуянам, чый фільм пра падзеі жніўня трапіў на Берлінале

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці