• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларускі фільм «Радзіма» перамог на кінафестывалі «Паўночнае ззянне-2023». Чаму гэта кіно неабходна паглядзець кожнаму?

    Гран-пры беларускага конкурсу кінафестывалю «Паўночнае ззянне-2023» атрымаў дакументальны фільм «Радзіма» рэжысёраў Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка (яна таксама з'яўляецца журналісткай праграмы «Людскія справы» на тэлеканале «Белсат»).

    «Зеркало» паглядзела гэтую карціну і расказваем, у чым сакрэт яе поспеху, чаму яна перамагае на міжнародных фестывалях,  у чым, на думку яе аўтараў, вытокі падзей 2020 года і як яны звязаныя з дзедаўшчынай у войску. 

    Фільм з’явіўся ў выніку працы дуэта. Аляксандр Міхалковіч вядомы як фатограф, перформер і рэжысёр дакументальнага кіно. У дзясятыя гады ён некалькі разоў станавіўся прызёрам Belarus Press Pho­to — прэстыжнага і, на жаль, ужо няіснага конкурсу, на якім узнагароджваліся найлепшыя фатографы краіны. Перадумовы цяперашняга поспеху Міхалковіча, яго цікавасці да тэмаў гвалту і ўціску асобы з боку аўтарытарна-таталітарнай машыны можна знайсці ўжо ў тых працах. Альбом Belarus Press Pho­to 2011 года, у якім былі і фатаграфіі Аляксандра, зробленыя падчас яго ўласнай службы ў войску, праз два гады абвясцілі экстрэмісцкім.

    «Радзіма», якая выйшла сёлета, ужо паспела сабраць некалькі ўзнагародаў на буйных фестывалях дакументальнага кіно ў еўрапейскіх краінах: Даніі (CPH:DOX), Германіі (Wies­baden goEast), Польшчы (Кінафорум у Кракаве) і іншых, а таксама трапіла ў афіцыйны спіс намінантаў прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі (Euro­pean Film Awards, EFA, або, неафіцыйна, «еўрапейскі Оскар») у намінацыі «Еўрапейскі дакументальны фільм». У першы і пакуль адзіны раз з беларусамі гэта адбылося 20 гадоў таму — у 2003 годзе «Мы живём на краю» дакументаліста Віктара Аслюка намінавалі ў катэгорыі «Еўрапейскі кароткаметражны дакументальны фільм».

    У 2014 годзе Міхалковіч перамог на Belarus Press Pho­to у намінацыі «Арт-фатаграфія» з праектам «Заставить интернет помнить Холокост» — Аляксандр шукаў архіўныя фатаграфіі рэпрэсій і забойстваў перыяду Другой сусветнай вайны і, абыходзячы сістэмы мадэрацыі, загружаў іх на карты Google і ў сацыяльныя сеткі (напрыклад, папулярную тады Foursquare), тым самым спрабуючы нагадаць карыстальнікам гэтых сэрвісаў пра Халакост. Яго праекты закраналі такія манументальныя канцэпцыі, як гісторыя і палітыка, калектыўная і асабістая памяць, тэхналогіі і традыцыі.

    У 2018‑м Міхалковіч зняў дакументальную карціну «Моя бабушка с Марса». У ёй гісторыя стукала ў дзверы ягонай уласнай сям’і: аўтар расказваў пра сваю бабулю, якая, выйшаўшы на пенсію, пераехала ў Крым, але пасля анексіі паўвострава сутыкнулася з іншымі рэаліямі.

    Дарэчы, гэты фільм стаў ахвярай цэнзуры: у тым жа 2018‑м «Мою бабушку с Марса» не паказалі ў нацыянальнай праграме мінскага кінафестывалю «Лістапад» (а разам з ім карціны Андрэя КуцілыМікіты Лаўрэцкага і Юліі Шатун, а таксама Андрэя Кудзіненкі) — тады дырэкцыю форуму наогул адхілілі ад выбару фільмаў для беларускага конкурсу. Зрэшты, у 2019‑м, апошнім «ліберальным» годзе, «Бабушку» ўсё ж уключылі ў «лістападаўскую» афішу.

    Для працы над «Радзімай» Міхалковіч аб’яднаў свае намаганні з Ганнай Бадзяка — журналісткай праграмы «Людскія справы» на тэлеканале «Белсат». Для яе гэта быў дэбют у кіно. «Мне здаецца, мы ўдала дапаўнялі адно аднаго. Я адказваў за прадзюсаванне, лагістыку, тэхніку. Ганна — за пошук гераіняў па сваіх журналісцкіх каналах, камунікацыю, згладжванне вострых момантаў у працэсе вытворчасці. Здаралася, я празмерна дамінаваў на пляцоўцы, што адбівалася на матэрыяле. Усвядоміўшы гэта, я часам цалкам дэлегаваў абавязкі рэжысёра Ганне», — расказваў у інтэрв’ю Міхалковіч.

    Если не знать о том, что над фильмом работали два режиссера, догадаться об этом во время просмотра невозможно. «Швов» или «стыков»

    Калі не ведаць пра тое, што над фільмам працавалі двое рэжысёраў, здагадацца пра гэта падчас прагляду немагчыма. «Швоў» або «стыкаў» у карціне няма — гэта суцэльнае выказванне. «У пэўным сэнсе я працавала з наступствамі заганнай гвалтоўнай сістэмы, пра якую Аляксандр сведчыў знутры, таму нашыя перспектывы добра дапаўнялі адна адну», — тлумачыла ў інтэрв’ю «Люстэрку» Бадзяка. Дзякуючы выбранаму падыходу стваральнікам «Радзімы» ўдалося сумясціць прыватнае і агульнае, расказаць гісторыю людзей і краіны, стварыўшы пры гэтым партрэт эпохі.

    У карціне дзве асноўныя сюжэтныя лініі. Першая — гісторыя жанчыны, сын якой быў знойдзены мёртвым падчас яго службы ў беларускім войску. Пакуль яна спрабуе дамагчыся справядлівасці, на экране паралельна разгортваецца другая лінія — хлопца Мікіты, які рвецца ў войска (хоць усе яго сябры ад яе «косяць»). «Усе загагуліны, якія ў галаве, добра падрэдагаваныя прастакутным армейскім распарадкам. Выйдзе нешта добрае, сярэдняе. І будзе ўсё нармальна», — кажа хлопцу ягоны бацька, які ўхваляе выбар сына.

    Трэцяя, умоўная лінія гучыць за кадрам. Гэта радкі з лістоў, напісаных самім Міхалковічам падчас ягонай службы і адрэдагаваных Бадзяка (са словаў Аляксандра, менавіта Ганна прапанавала выкарыстаць іх у карціне). Такія лісты маглі б належаць як загінуламу сыну першай гераіні, так і Мікіту — гэты ход рэжысёраў удала аб’ядноўвае першыя дзве лініі. У цэлым жа аўтары праз нязначныя на першы погляд штрыхі ствараюць агульны шчымлівы настрой і ювелірна перадаюць дух дзедаўшчыны, які пануе ў войску.

    «Усе імкнуцца кіраваць адзін адным. Але асцярожна, спрабуючы на зуб невядомага чалавека», — так аўтар лістоў перадае першыя крокі нядаўніх прызыўнікоў да будучага гвалту. «Тут цікава пішуцца лісты. Часцяком праз дзень-два забываеш, пра што хацеў напісаць», — працягвае ён. Альбо: «Салдаты малююць каляндар, потым з задавальненнем перакрэсліваюць пражытыя суткі, месяцы, перыяды. Чакаюць, калі стануць дзядамі. [Я] забываю пра ранейшае жыццё». Так Міхалковіч і Бадзяка апускаюць гледачоў у вір армейскага забыцця, у які правальваюцца прызыўнікі.

    Калі б не было ў карціне гісторыі загінулага салдата, фільм рызыкаваў бы застацца ілюстрацыяй жыцця ў беларускім вайсковым «балоце». Але рэжысёры на гэтым не спыніліся. Трагедыю, якая адбылася з сынам жанчыны, яны зарыфмавалі са сцэнамі гвалту ў войску, сведкам якіх становіцца аўтар лістоў. Але разуменне, што беларускае войска ператвараецца ў Левіяфана — біблейскага марскога змея, які звычайна сімвалізуе зло велізарнай сілы, — прыходзіць дзякуючы незвычайнай працы Міхалковіча і Бадзяка з часам і храналогіяй падзей, якая звычайна важная для дакументальных фільмаў. Што маецца на ўвазе?

    Гісторыя маці і яе загінулага сына адбываецца за некалькі гадоў да пратэстаў 2020-га. Але ніякага акцэнту на датах у карціне няма. Тыя падзеі, што ў рэальнасці былі разнесеныя ў часе, тут нібы спрасаваныя. У выніку храналагічна розныя сюжэтныя лініі пераплятаюцца адна з адной, становячыся часткамі адзінага цэлага. Напрыклад, на экране з’яўляюцца сілавікі, якія стаяць у адным з ачапленняў, — і на гэтым моманце фонам гучаць тэксты лістоў. Дзякуючы гэтаму лёгка ўявіць, што сярод іх быў і Мікіта.

    Уводзячы ў фільм падзеі 2020 года, масавыя мірныя пратэсты і іх брутальны разгон сілавікамі, стваральнікі фільма расстаўляюць выразныя акцэнты: гвалт не з’явіўся з ніадкуль. Яго перадумовы спелі даўно, а вузел супрацьстаяння сілавой дзяржавы і народа завязваўся гадамі. «Можа, яна думае, што вайна пачалася ці не заканчвалася ніколі», — гучыць у карціне рэпліка пра адну з гераіняў. Так адной фразай перадаецца ўся атмасфера эпохі кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Гэтай маштабнасцю і канцэптуальнасцю «Радзіма» выгадна вылучаецца на фоне многіх іншых фільмаў, у якіх фігуруюць беларускія падзеі трохгадовай даўніны.

    Паказаўшы пратэсты, стваральнікі карціны потым зноў вяртаюцца да прыватнага жыцця, такім чынам закальцоўваючы гісторыю. Маме загінулага прызыўніка так і не ўдаецца да канца дамагчыся справядлівасці. Мікіта вяртаецца дадому з войска цэлым. Але насенне нянавісці ў такіх людзях, як ён, ужо пасеянае. «Прызнаюся, назіраючы за сінхронным выкананнем камандаў, адчуў асалоду ад улады», — піша дадому аўтар лістоў, які спрабаваў супрацьстаяць дзедаўшчыне, але потым быў вымушаны сам удзельнічаць у ёй, каб не трапіць «пад раздачу».

    У дадатак фільм эстэтычна і вельмі якасна, сучасна зроблены — гаворка як пра відэашэраг, так і пра гук. У карціне шмат візуальных і гукавых перабівак, удала ўплеценых ў агульную нітку апавядання. Вось на экране гучыць інфармацыя Цэнтрвыбаркама пра вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Прозвішча пераможцы, дарэчы, не называюць — усім яно вядомае і так. А ў кадры тым часам з’яўляюцца вуліцы пустога, зануранага ў чвэрцьвяковую спячку (да 2020 года Лукашэнка знаходзіўся ва ўладзе ўжо 26 гадоў). У цэлым «Радзіма» выгадна адрозніваецца ад многіх дакументальных карцін узроўнем здымкі і мантажу — па гэтых параметрах яна магла б пасупернічаць з гульнявымі фільмамі з сур’ёзнымі бюджэтамі.

    А асабліва захапляе фінал. Набліжаецца Новы год, у сваім віншаванні Аляксандр Лукашэнка робіць выгляд, што ў краіне нічога не адбылося. У гэты момант скрыўлены болем твар маці загінулага салдата паказаны буйным планам, а гукі феерверкаў і салюту з вуліцы гучаць як стрэлы і выбухі. Тым часам ваенная тэхніка пакідае горад. З яе ад’ездам здаецца, што Левіяфан вяртаецца ў свае глыбіні. Бітва з дзяржаўнай машынай прайграная. Але завяршальныя сцэны фільма даюць надзею, што героі — за сталом родныя Мікіты — выгналі дэмана гвалту з сябе.

    Як паглядзець гэтую карціну? На жаль, пакуль гэта можна зрабіць толькі на міжнародных фестывалях. І гэта кепская навіна — бо «Радзіма», як і іншыя сучасныя карціны, дазваляюць прагаварыць мовай мастацтва не толькі траўмы беларускага грамадства 2020 года, але і шэраг іншых праблем, якія сфармаваліся ў краіне за чвэрць стагоддзя.

    Читайте ещё:

    Во Франции прошла ежегодная ярмарка Paris Photo. Смотрим, как это было

    БАЖ і СЖЛ запрашаюць калег на Форум журналісцкіх арганізацыяў краінаў Балтыі і пераследаваных журналістаў — 7 снежня

    «Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Горкая чаша была выпіта не дарэмна

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці